У Мінску адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш

6 лістапада ў Мінску ў галерэі “Ў” адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі «Птушкі без гнёздаў». Успаміны Ларысы Геніюш агучыла Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі. Аўдыёкніга выдадзеная ў межах праекту Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы і Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org «Памяць па-над часам і межамі».
У хуткім часе аўдыёкніга будзе даступная для запампоўкі з сайта электроннай бібліятэкі “Камунікат”.
 
Яраслаў Іванюк
 
Імпрэзу адкрываў праграмны дырэктар «Радыё Рацыя» Яраслаў Іванюк, які расказаў, што ўспаміны Геніюш неўзабаве будуць перакладзеныя на польскую мову Чэславам Сэнюхам. Кніга выйдзе з каментарамі і фотаздымкамі, некаторыя з якіх раней нідзе не публікаваліся. Частку гэтых здымкаў маглі пабачыць наведнікі імпрэзы ў галерэі “Ў”.
Яраслаў Іванюк падзякаваў сям’і Ларысы Геніюш, якая вельмі дапамагла ў ажыццяўленні праекта, а таксама ўсім, хто так ці інакш спрычыніўся да выдання аўдыёкнігі.
 
Міхась Скобла шмат гадоў даследуе творчасць Ларысы Геніюш, у сваім выступе зазначыў, што колькі перавыданняў яе кніг ні рабіць, яны ніколі не будуць лішнімі. Яе кніг не знойдзеш у букіністах.
Каб акунуцца ў атмасферу тых часоў, пра якія апавядае Геніюш, Міхась Скобла зачытаў фрагмент з яе ліста да Зоські Верас (між імі была вялікая перапіска). У ім гаворыцца пра нагляд за іх перапіскай з боку спецслужбаў, якія нават самыя нявінныя лісты доўга вывучаюць і затрымліваюць у сябе, а пасля, магчыма, выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.
 
Міхась Скобла
 
Зінаіда Бандарэнка расказала пра тое, як працавала над праектам. Праца гэтая, адзначае яна настолькі ўзнёслая і адказная, што нават праз столькі часу яна ўсё яшчэ жыве гэтым. Зінаіда Аляксандраўна заўважыла, што на гэтую працу атрымала блаславенне айца Юрыя, і гэта дало ёй сілы. Працаваць было цяжка і з тэхнічнага боку: пасля трох-чатырох гадзінаў начыткі голас пачынае садзіцца.
 
Зінаіда Бандарэнка выказала спадзяванне, што моладзі будзе цікавая аўдыёкніга з успамінамі Ларысы Геніюш.
 
Аўтар некаторых архіўных здымкаў з Ларысай Геніюш, якія былі паказаныя публіцы падчас імпрэзы, паэт Сяргей Панізнік, прачытаў верш “Вячэрня ў Зэльве” са свайго новага зборніка “Нас многа!”.
 
Сяргей Панізнік
 

Напрыканцы імпрэзы слова далі прысутным. У прыватнасці, выступіў Генадзь Бураўкін, які сказаў колькі словаў пра Ларысу Антонаўну Геніюш, назваўшы яе адной з самых светлых і пакутных жанчын у нашай гісторыі, пачынаючы ад Ефрасінні Полацкай. Ён заклікаў берагчы нашую святую памяць і назваў выданне аўдыёкнігі частковым выкупленнем віны перад Ларысай Геніюш. Закончыўшы прамову, Генадзь Бураўкін выказаў захапленне працай Зінаіды Бандарэнкі і ўручыў ёй кветкі.

Генадзь Бураўкін

Завяршыла праграму музычная праграма: песні на словы Геніюш спявалі барды Алесь Камоцкі і Алеся Сівохіна.

Алесь Камоцкі

Алеся Сівохіна