Віншуем з Днём Герояў!

Сёння, 27 лістапада, адзначаецца Дзень Герояў – пачатак Слуцкага збройнага чыну. У гэты дзень у 1920-м годзе першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі.

На Случчыне традыцыйна існаваў моцны асяродак нацыянальна-вызвольнага руху. Некалькі тысячаў чалавек адгукнуліся на заклік Рады Случчыны распачаць збройнае паўстанне супраць чужынцаў. Яны мужна і самааддана змагаліся, іх шырока падтрымлівала мясцовае насельніцтва, але сілы былі няроўныя. Паўстанне працягвалася да канца снежня, калі войскі Случчыны ўрэшце вымушаныя былі адступіць.

Нягледзячы на паразу Слуцкага збройнага ўздыму, гэтая падзея сведчыць пра імкненне беларускага народа да незалежнасці, яго рашучасць у змаганні за волю.

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуе ўсіх беларусаў з Днём Герояў і зычыць, каб ніякія перашкоды не маглі змусіць вас саступіць са шляху да свабоды!

Слава Героям!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”