Яўгену Вапу адмоўлена ў атрыманні беларускай візы

Сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Вапу ў чарговы раз адмоўлена ў атрыманні ўязной візы ў Беларусь. 20 лістапада Яўген Вапа ў Консульстве Беларусі ў Беластоку атрымаў пашпарт са штампам “адмоўлена”. Дакументы на атрыманне беларускай візы афармляліся па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Яўген Вапа з’яўляецца старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы, старшынёй Управы Беларускага Радыё Рацыя, галоўным рэдактарам Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Акрамя таго, ён уваходзіць у склад Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Нягледзячы на гэтыя пасады, ён ужо другі раз атрымлівае адмову ў беларускай візе.

Нагадаем, першы раз яму без тлумачэння прычынаў анулявалі візу 23 траўня 2011 года пры ўездзе ў Беларусь.

Сітуацыю пракаментавала старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская:

- Першая адмова была зроблена спадару Яўгену адносна візы ў мінулым годзе. Тады таксама, як і зараз, “Бацькаўшчына” рабіла запрашэнне сябру Вялікай рады, старшыні Саюза беларусаў у Польшчы, сябру Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Яўгену Вапу. І, незважаючы на ўсе гэтыя агучаныя мною пасады і рэгаліі, была зроблена адмова ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь і анулявана дзеючая віза. Відавочна, што пасля гэтай сітуацыі “Бацькаўшчына” імкнулася высветліць прычыны гэтага рашэння, не маючы асаблівага спадзявання на тое, што будзе шчыра і праўдзіва расказана. Так і адбылося. Мы атрымалі адказ з Міністэрства замежных справаў па першай адмове, дзе былі спасылкі на артыкулы закона, і выснова такая, што, маўляў, яны не абавязаны нам нічога тлумачыць. Пасля гэтага, відавочна, спадар Яўген не вельмі і хацеў звяртацца ў амбасаду, але мы лічым, што ягоная прысутнасць у Беларусі вельмі важная – і ў справах “Бацькаўшчыны”, і ўвогуле дзеля рэгулярных, сталых стасункаў беларусаў Беласточчыны і беларусаў Беларусі. І гэтым разам мы ўгаварылі спадара Яўгена яшчэ раз прайсці гэтае "кола", а паралельна напісаць у Міністэрства замежных справаў просьбу-хадайніцтва пра перагляд рашэння па ануляванні візы, каб з'явілася магчымасць атрымаць новую.

Ніна Шыдлоўская кажа, што адмоўны вынік у атрыманні візы здзіўляе і абурае, хаця ў пэўным сэнсе і быў прадбачаным:

- Гэты вынік нібыта прадказальны. Але ад гэтага ён не менш здзіўляе і абурае. Таму што нам падаецца, што павінна нарэшце прыйсці разуменне, што нельга ігнараваць беларусаў, якія жывуць па-за межамі метраполіі, якія працуюць дзеля захавання беларускай прысутнасці ў краінах свайго пражывання. Нельга іх дзяліць на сваіх і чужых па нейкіх палітычных поглядах, па сацыяльным статусе, па рэлігійных прыкметах, як, на жаль, сёння назіраем з боку дзяржавы.

“Бацькаўшчына” будзе працягваць рабіць спробы патрапіць на прыём да міністра замежных спраў Беларусі па гэтым пытанні. Тым больш, што ў ліпені наступнага года рыхтуецца правядзенне Шостага з’езда беларусаў свету.