Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Францыя. Палітыка супрацы з французамі замежжа

Па-за межамі Францыі пражывае 2 100 000 французаў. Палова з іх пражывае на тэрыторыі Еўропы. Амаль палова французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, маюць падвоенае грамадзянства. Меней за 10% складаюць французы, якія часова пакінулі краіну для працы за мяжой.

Асноўным органам, які прадстаўляе інтарэсы французаў замежжа, з’яўляецца Асамблея французаў замежжа (L'Assemblee des Francais de l'etranger). Асамблея створана законам № 2004-805 ад 9 жніўня 2004года (да 2004 г. гэты орган называўся Вышэйшай радай французаў замежжа).

Мэта Асамблеі французаў замежжа – даць магчымасць апошнім, негледзячы на аддаленасць ад радзімы, удзельнічаць у нацыянальным жыцці і выказваць свае інтарэсы. Дарадцы Асамблеі прадстаўляюць французаў замежжа ў афіцыйных установах і абараняюць іх інтарэсы.

Склад Асамблеі французаў замежжа:

На чале Асамблеі французаў замежжа стаіць міністр замежных спраў.На сённяшні дзень Асамблея складаецца з:

1. 155 (сто пяцьдзесят пяць) членаў (Дарадцаў), абраных усеагульным прамым галасаваннем французамі, уключанымі ў консульскія выбарчыя лісты.

Дарадцы абіраюцца на 6 год. Выбарчая калегія аднаўляецца напалову кожныя 3 гады. Для гэтага абраныя члены Асамблеі размяркоўваюцца на дзве серыі A і B. Серыя А (79 месцаў) уключае выбарчыя акругі Амерыкі(32 Дарадцы) і Афрыкі (47); серыя B (76 месцаў) уключае выбарчыя акругі Еўропы (52 Дарадцы), а таксама Азіі і Акеаніі і Бліжняга Усходу (24). Апошнія выбары серыі А прайшлі 7 чэрвеня 2009 г., выбары серыі В будуць у чэрвені 2012 г.

На сённяшні дзень існуе 54 выбарчыя акругі, ад кожнай з якіх выбіраецца адзін або некалькі Дарадцаў. Адна краіна можа быць падзелена на некалькі выбарчых акруг, або адна выбарчая акруга можа ахопліваць некалькі краін

2.12 Сенатараў, якія прадстаўляюць французаў замежжа. Абіраюцца 155 абранымі членамі Асамблеі французаў замежжа.

3.12 кваліфікаваных асобаў. Прызначаюцца міністрам замежных спраў з улікам іх высокай кампетэнтнасці ў пытаннях агульных інтарэсаў Францыі за мяжой. Аднаўляюцца на палову кожныя 3 гады.

Члены Асамблеі размяркоўваюцца для працы па спецыяльных камісіях. Кожны член Асамблеі мусіць уваходзіць у склад камісіі, пры чым, толькі адной. Пры Асамблеі існуе 5 пастаянных камісій і адна часовая:

  • камісія па культурных справах і адукацыі;
  • камісія па сацыяльных пытаннях;
  • камісія па фінансах і эканамічных справах;
  • юрыдычная камісія;
  • камісія па Еўрапейскім саюзе;
  • камісія Ветэранаў вайны;
  • часовая камісія па бяспецы французаў замежжа.

Дзейнасць Асамблеі французаў замежжа рэгулюецца законам  82-471 ад 7 чэрвеня 1982 г. (гл. дадатак 1).

Французы замежжа могуць атрымаць рэгістрацыю ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі. Гэта простая адміністратыўная працэдура, якая дае французам замежжа палёгкі ў плане праходжання адміністратыўных фармальнасцяў і атрымання адміністратыўных дакументаў (да прыкладу, пашпарту або нацыянальнай карткі), а таксама дае французам замежжа доступ да пэўных працэдур або паслуг, звязаных с пражываннем за мяжой, і да атрымання інфармацыі ад консульскай службы.

Рэгістрацыя ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, бясплатная і на сённяшні дзень замяняе консульскую рэгістрацыю.

Па дадзеных на 31 снежня 2008 года ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, было зарэгістравана 1 427 046 чалавек, што на 7.6% болей, чым у 2007 годзе.

Асаблівасці рэгістрацыі ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, апісваюцца дэкрэтам n°2003-1377 ад 31 снежня 2003 г. (гл. дадатак 2).

 

Для таго, каб гарантаваць французам замежжа такое ж самае сацыяльнае забеспячэнне, што і ў Францыі, створаны спецыяльны орган – Каса сацыяльнай абароны французаў замежжа (КФЗ)(Caisse des Français de l'Étranger).

КФЗ – каса, якая прапануе паслугі сацыяльнага страхавання спецыяльна для французаў, якія пражываюць за мяжой. Яна дзейнічае суадносна з Сацыяльным кодэксам і знаходзіцца пад апекай двух міністэрстваў: Міністэрства занятасці і салідарнасці і Міністэрства эканомікі, фінансаў і прамысловасці.

Некалькі лічбаў па КФЗ

- створана ў 1978 г.;
- больш за 150 000 чалавек карыстаюцца паслугамі КФЗ па ўсім свеце;
- 31 установа ўключана ў сістэму сацыяльнай бяспекі КФЗ, у 17 краінах застрахаваныя асобы атрымліваюць сацыяльныя выплаты.

Дабраахвотнае далучэнне да КФЗ адбываецца ў індывідуальным парадку або праз працадаўцу.

КФЗ пакрывае 3 страхавыя выпадкі:

  • Хвароба, дэкрэтны адпачынак і інваліднасць,
  • Няшчасныя выпадкі на працы і прафесійныя хваробы,
  • Старасць (сацыяльная пенсія выплачваецца Нацыянальнай касай пенсійнага забеспячэння).

Французы, якія працуюць за мяжой, маюць магчымасць застрахаваць сябе ад адной або некалькіх з гэтых рызык, у залежнасці ад іх сямейнага становішча, асаблівасцяў краіны пражывання і іх фінансавых магчымасцяў.

Іншыя французы, якія пражываюць за мяжой, маюць магчымасць застрахаваць сябе, каб атрымліваць сацыяльнае забеспячэнне ў выпадку хваробы і дэкрэтнага адпачынку,у якой бы сітуацыі яны не знаходзіліся.

Унёскі ў КФЗ разлічваюцца згодна з сацыяльным статусам француза замежжа, яго рэсурсамі, узростам і абранымі опцыямі.

Згодна з Сацыяльным кодэксам Францыі ў выпадку, калі француз, які пражывае ў краіне па-за зонай Еўразвязу, не мае дастаткова рэсурсаў, каб плаціць мінімальныя ўнёскі, прадугледжаныя артыкулам 1° L. 762-3 і другім абзацам кожнага з артыкулаў L. 763-4, L. 765-7 і L. 765-8 Сацыяльнага кодэксу, частка ўнёскаў (сума вызначаецца міжміністэрскай пастановай) па яго просьбе аплачваецца з бюджэту сацыяльнай дапамогі Касы сацыяльнай абароны французаў замежжа.

Першапачатковы і перыядычны кантроль наяўнасці дастатковых рэсурсаў зацікаўленых асобаў здзяйсняецца французскімі консульскімі службамі.

 

Дадатак 1

Вытрымкі з закона  82-471 ад 7 чэрвеня 1982 г. адносна Асамблеі французаў замежжа.

Версія зацверджаная на 7 чэрвеня 2009 г.

Артыкул 1

Асамблея французаў замежжа – гэта прадстаўнічая асамблея французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі. На чале Асамблеі стаіць міністр замежных спраў. Акрамя паўнамоцтваў, якія Асамблея здзяйсняе суадносна з дзейснымі законамі, яна абавязана інфармаваць Урад аб пытаннях і праектах, што цікавяць французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, і аб пашырэнні французскай прысутнасці за мяжой.

Асамблея французаў замежжа можа атрымліваць кансультацыі адУраду адносна праектаў тэкстаў законаў і нарматыўных актаў па пытаннях, якія наўпрост адносяцца да кампетэнцыі Асамблеі. Яна мусіць даваць сваё заключэнне па любым іншым праекце, які ёй перадаецца Урадам. Яна можа таксама па ўласнай ініцыятыве прымаць паведамленні, пажаданні, прапановы па любых пытаннях датычна французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, і пашырэння французскай прысутнасці за мяжой.

Артыкул 1.1

Асамблея французаў замежжа складаецца з членаў, абраных тэрмінам на 6 год шляхам прамога ўсеагульнага галасавання французамі, якія пражываюць па-за межамі Францыі.

Яна аднаўляецца на палову кожныя 3 гады. Для гэтага абраныя члены Асамблеі размяркоўваюцца на дзве серыі A і B, прыкладна аднолькавыя па значнасці, суадносна з табліцай №1, якая прыкладаецца да гэтага закона.

Сенатары, што прадстаўляюць французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, з’яўляюцца абавязковымі членамі Асамблеі французаў замежжа.

Дванаццаць асобаў надзвычай кваліфікаваных у пытаннях агульных інтарэсаў Францыі за мяжой і французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, аднак не адпавядаюць умовам артыкула 4, з’яўляюцца членамі Асамблеі французаў замежжа з правам дарадчага голаса. Яны прызначаюцца на 6 год і напалову аднаўляюцца кожныя тры гады міністрам замежных спраў у часе кожнага аднаўлення Асамблеі французаў замежжа.

Артыкул 1.2

Паўнамоцтвы, якімі валодаюць абраныя члены ў адпаведных выбарчых акругах, вызначаюцца дэкрэтам, пасля абрання Асамблеі французаў замежжа.

Артыкул 1.3

Абраныя члены Асамблеі французаў замежжа атрымліваць узнагароду за працу ў загадзя вызначаным памеры і кампенсацыю расходаў, панесеных падчас выканання іх мандата.

Абраныя члены Асамблеі французаў замежжа, якія пражываюць па-за межамі Францыі, маюць права на кампенсацыю транспартных расходаў і расходаў па пражыванню ў Францыі, падчас свайго ўдзелу ў любых сходах, на якія яны запрашаюцца міністрам замежных спраў для выканання сваіх абавязкаў.

Памер і спосаб выплаты ўзнагароджання і атрымання кампенсацыі расходаў, прадугледжаных дадзеным артыкулам, вызначаюцца дэкрэтам, пасля абрання Асамблеі французаў замежжа.

Артыкул 1.4

Умовы, згодна з якімі члены Асамблеі французаў замежжа атрымліваюць кампенсацыю стратаў ад няшчасных выпадкаў падчас выканання імі сваіх абавязкаў, вызначаюцца дэкрэтам.

Артыкул 1.5

Члены Асамблеі французаў замежжа маюць права атрымліваць навучанне у межах кампетэнцыі асамблеі. Асамблея выносіць рашэнне аб праве на навучанне сваіх членаў. Яна вызначае накірункі гэтага навучання. Тым не менш, члены асамблеі могуць удзельнічаць у навучальных семінарах для дыпламатычнага корпусу і консульскіх супрацоўнікаў. Асамблеі прадстаўляецца спіс такіх семінараў, фінансаваных дзяржавай. Спіс штогод выносіцца на абмеркаванне.

Артыкул 2

Выбаршчыкамі з’яўляюцца французы, якія пражываюць па-за межамі Францыі, унесеныя ў выбарчыя консульскія лісты, уведзеныя ва ўжыванне канстытуцыйным законам n 76-97 ад 31 студзеня 1976 года аб консульскіх выбарчых лістах і галасаванні французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі.

Артыкул 3

Размежаванне выбарчых акруг і колькасць мандатаў на кожную акругу вызначаецца ў адпаведнасці з табліцай №2 (дадаецца да дадзенага закона).

Артыкул 4

Кандыдаты ў Асамблею французаў замежжа павінны быць зарэгістраваны ў адным з выбарчых консульскіх лістоў ад выбарчай акругі, якую яны прадстаўляюць.

Дыпламатычныя прадстаўнікі, штатныя консульскія службовыя асобы, кіраўнікі ваенных місій і грамадзянскіх ведамстваў, якія дзейнічаюць пры амбасадарах і консулах, гэтаксама як і іх прамыя намеснікі не могуць быць кандыдатамі ад выбарчай акругі, у якой яны выконваюць свае службовыя абавязкі.

Генералы і вышэйшыя афіцэры не могуць быць кандыдатамі ад выбарчай акругі па месцы службы.

 

Артыкул 4.2 A

Заява аб згодзе балатавацца абавязковая для кожнага кандыдата ці спіса кандыдатаў.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі, якая знаходзіцца ў галоўным горадзе выбарчай акругі, дае заяўніку часовую распіску аб атрыманні заявы. Ён выдае заяўніку канчатковую распіску аб прыняцці заявы праз 4 дні пасля падачы заявы, калі заява адпавядае дзейсным патрабаванням. Адмова зарэгістраваць заяву аб згодзе балатавацца павінна быць матываванай.

Кандыдат або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік або, у выбарчых акругах з полінамінальнай мажарытарнай выбарчай сістэмай з прапарцыйным прадстаўніцтвам, першы па спісе кандыдат або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік маюць тэрмін  72 гадзіны, для таго каб аспрэчыць адмову рэгістрацыі заявы кандыдата аб згодзе балатавацца ў адміністратыўным судзе Парыжа, які выносіць рашэнне праз тры дні.

У выпадку, калі ў выбарчых акругах з полінамінальнай мажарытарнай выбарчай сістэмай з прапарцыйным прадстаўніцтвам адмова зарэгістраваць заяву матывавана парушэннем палажэнняў адносна выбіральнасці або невыбіральнасці кандыдата або парушэннем роўнага доступу мужчын і жанчын да выбарчых мандатаў, першы па спісе кандыдат або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік маюць тэрмін 72 гадзіны для таго, каб дапоўніць спіс, пачынаючы ад паведамлення аб адмове ў рэгістрацыі або паведамлення аб рашэнні  адміністратыўнага суда, якое пацвярджае адмову ў рэгістрацыі.

У выбарчых акругах з мажарытарнай выбарчай сістэмай, кандыдат або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік на тых жа ўмовах могуць замяніць свайго намесніка, якому адмовілі ў рэгістрацыі.

Калі кіраўніком дыпламатычнай місіі ці адміністратыўным судом парушаюцца тэрміны, указаныя ў другім і трэцім абзацах дадзенага артыкула, кандыдатура мусіць быць зарэгістравана.

Рашэнне адміністратыўнага суда не можа быць абскарджана, акрамя выпадку абскарджвання выбараў.

 

 

Дадатак 2

Дэкрэт n°2003-1377 ад 31 снежня 2003 адносна рэгістрацыі ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі

 

Артыкул 1

Выраз “Французы, якія пражываюць за мяжой” адносіцца да любога чалавека французскай нацыянальнасці, звычайнае месца пражывання якога – консульская выбарчая акруга ў адпаведнасці з венскай канвенцыяй ад 24 красавіка 1963 аб консульскіх адносінах.

 

Артыкул 2

  1. I. – Кожны француз, які пражывае па-за межамі Францыі, можа прасіць рэгістрацыі ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі ў кіраўніка адпаведнай ў тэрытарыяльных адносінах консульскай службы.
  2. II. – Укожнай консульскай выбарчай акрузе рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, прызначаны для:

A. – кіраўніка консульскай службы для таго, каб :

1. Ведаць французскую супольнасць сваёй акругі, вызначаць рассяленне, праводзіць перапіс французскага насельніцтва ў сваёй консульскай выбарчай акрузе ;

2. Аблегчыць рэалізацыю консульскай падтрымкі ў галіне бяспекі ва ўмовах, прадугледжаных падпісанымі Францыяй пагадненнямі, у прыватнасці Венскай канвенцыяй;

3. Даць магчымасць выпрацаваць, карэктаваць і, у выпадку неабходнасці, увесці ў дзеянне план бяспекі французскай супольнасці.

B. – французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі  для таго, каб:

1. палегчыць выкананне адміністратыўных фармальнасцей;

2. забяспечыць доступ да пэўных працэдур або атрымання пэўнай грашовай дапамогі ў сувязі з пражываннем за мяжой;

3. атрымліваць інфармацыю ад консульскай службы.

 

Артыкул 3

Рэгістрацыя у рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, – гэта інфармацыйны захад.

Ніхто не можа быць з выключаныз рэестра, калі ён выконвае ўмовы, прадугледжаныя дадзеным дэкрэтам.

Ніхто не можа выкарыстоўваць яго для таго, каб ухіляцца ад выканання закона або судовага прадпісання, французскага або замежнага, або міжнароднай канвенцыі.

 

Артыкул 4

Рэгістрацыя ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, адбываецца пры прадстаўленні французам, які запрошвае рэгістрацыю, пацвярджаючых дакументаў, а таксама асноўных звестак пра яго, а таксама, у выпадку неабходнасці, пра яго жонку/мужа і непаўнагадовых дзяцей французскай нацыянальнасці.

Гэтыя звесткі датычаць яго асобы, яго французскай нацыянальнасці, месца жыхарства, сямейнага становішча, прафесіі, становішча ў адносінах да абавязковай вайсковай службы, калі яму ад 16 да 25 год, становішча адносна правілаў рэгістрацыі ў консульскіх выбарчых лістах і інфармацыі аб асобах, якіх трэба інфармаваць у выпадку крайняй неабходнасці. Таксама для рэгістрацыі патрэбны актуальны фотаздымак максімальна пазнавальны, у анфас памерам 35 x 45 mm, без галаўнога ўбору і асабісты подпіс.

Па яго просьбе, у выпадку неабходнасці, могуць быць зарэгістраваны звесткі пра яго жонку/мужа і непаўнанадовых дзяцей замежнай нацыянальнасці.

 

Артыкул 5

Таксама мажліва даслаць заяўку на рэгістрацыю ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, па пошце, па факсу або па электроннай пошце, даслаўшы копію французскага нацыянальнага пасведчання асобы або копію дзейснага пашпарта або пашпарта, тэрмін дзеяння якога скончыўся меней, чым два гады таму, і копію пасведчання аб пражыванні ў выбарчай консульскай акрузе.

Рэгістрацыя становіцца дзейснай пасля праверкі, у выпадку неабходнасці, пацвярджальных дакументаў адносна пасведчання асобы, французскай нацыянальнасці або месца пражывання француза. У гэтым выпадку іншыя звесткі, прадугледжаныя артыкулам 4, не пададзеныя адразу, падаюцца пазней.

 

Артыкул 6

Кожны француз, які пражывае па-за межамі Францыі і пакуль не выканаў палажэнні артыкулаў 4 і 5 дадзенага дэкрэту, лічыцца папрасіўшым уключыць яго ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, як толькі ён робіць пацверджанне  сваёй асобы, французскай нацыянальнасці і пастаяннага пражывання ў консульскай выбарчай акрузе пры выкананні адміністратыўнай фармальнасці, якая таго патрабуе, а менавіта пры падачы заяўкі на атрыманне нацыянальнага пасведчання асобы або пашпарту.

 

Артыкул 7

Француз можа папрасіць уключыць яго ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, да таго як ён пакінуў Францыю, калі ён самастойна або праз трэцюю асобу, упаўнаважаную ім, на ўмовах, прадугледжаных пастановай міністра замежных спраў, прадставіць пацверджанне таго, што праз тры месяцы ён будзе пражываць за мяжой.

 

Артыкул 8

Пасля абмеркавання, у выпадку неабходнасці, з іншымі кіраўнікамі консульскіх службаў у той жа краіне кіраўнік консульскай службы прадпрымае ўсе магчымыя практычныя крокі для таго, каб палегчыць і паскорыць уключэнне ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі.

У выпадку неабходнасці гэтыя крокі могуць здзяйсняцца сумесна з любымі ўстановамі, якія могуць аказаць садзеянне, а менавіта прадпрыемствамі,культурнымі аддзеламі пры амбасадзе, культурніцкімі інстытутамі і установамі, якія падпарадкоўваюцца Агенцтву французскай адукацыі за мяжой.

 

Артыкул 9

Звесткі, сабраныя падчас працэдуры рэгістрацыі ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, перадаюцца зацікаўленай асобе, або дасылаюцца ёй па пошце, або факсам, або па электроннай пошце. Тое ж самае робіцца пасля кожнага змянення з яе боку.

Кіраўнік консульскай службы прымае ўсе меры для таго, каб гарантаваць канфідынцыйнасць перадачы звестак любога характару, якія ён перадае французам сваёй выбарчай акругі, уключаным у рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі.

Артыкул 10

Доказам пастаяннага пражывання за мяжой з’яўляецца від на жыхарства, які выдаецца ўладамі прымаючай краіны, або адзін ці некалькі дакументаў, спіс якіх вызначаецца кіраўніком консульскай службы, якія пацвярджаюць, што француз мае кола эканамічных і сямейных інтарэсаў у дадзенай выбарчай акрузе.

 

Артыкул 11

  1. I. – Кожны француз, зарэгістраваны ў рэестры французаў, якія пражаваюць па-за межамі Францыі, можа ў любы момант па заяўцы атрымаць картку, якая пацвярджае, што ён знаходзіцца пад французскай консульскай апекай.

Характарыстыкі гэтай карткі, на якой змешчаны актуальны фотаздымак у анфас памерам 35 x 45 mm, без галаўнога ўбору, з максімальна падобнай выявай, вызначаюцца пастановай міністра замежных спраў пасля заключэння Нацыянальнай камісіі па інфарматыцы і свабодах.

  1. II. – Кожнаму французу, зарэгістраванаму ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, прысвойваецца ідэнтыфікацыйны нумар, элементы і асаблівасці выкарыстання якога прапісаны ў пастанове міністра замежных спраў пасля заключэння Нацыянальнай камісіі па інфарматыцы і свабодах.

 

Артыкул 12

Рэгістрацыя ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, мае факультатыўны характар. Яна з’яўляецца індывідуальнай і бясплатнай. Француз можа падаць заяўку на ўключэнне ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, у любы момант падчас свайго пражывання ў выбарчай акрузе.

Заяўка на ўключэнне ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, жонкі/мужа або непаўнагадовых дзяцей французскай нацыянальнасці можа падавацца на кожнага з іх асобна або адначасова.

Заяўка на ўключэнне ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, паўнагадовых ці непаўнагадовых асобаў французскай нацыянальнасці, якія знаходзяцца пад апекай, можа падавацца іх апекуном. Заяўка на рэгістрацыю непаўнагадовых дзяцей замежных бацькоў можа падавацца любым чалавекам, які мае ў дачыненні да іх бацькоўскія правы. У гэтых двух выпадках заяўка можа падавацца таксама па ініцыятыве кіраўніка консульскай службы.

Артыкул 13

 

  1. I. – Рэгістрацыя ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, дзейнічае пяць год. Аднак, яна можа быць меншай па працягласці ў выпадку, калі знаходжанне на тэрыторыі выбарчай акругі француза, які просіць рэгістрацыю, абмежавана па часе.
  2. II. рэгістрацыя ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, з’яўляецца аднаўляльнай. За тры месяцы да сканчэння тэрміну рэгістрацыі кожны француз атрымлівае ўведамленне аб тым, што ён павінен пацвердзіць сваё пражыванне ў консульскай выбарчай акрузе пры дапамозе пацвярджальнага дакумента або вуснага сведчання.

У выпадку, калі ў дзень сканчэння тэрміну дзеяння рэгістрацыі, адказу не паступае, лічыцца, што дадзеная асоба болей не пражывае на тэрыторыі консульскай выбарчай акругі і рэгістрацыя не аднаўляецца. Тым не менш, калі кіраўнік консульскай службы мае дакладныя звесткі аб тым, што француз па-ранейшаму пражывае ў выбарчай акрузе, ён аднаўляе рэгістрацыю без спецыяльнай працэдуры. Зацікаўленая асоба інфармуецца аб гэтым па пошце.

  1. III. Выключэнне з рэестра французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, адбываецца па пісьмовай заяве зацікаўленай асобы або па рашэнні кіраўніка консульскай службы, калі ён канстатуе, што француз болей не пражывае на тэрыторыі выбарчай консульскай акругі,або, калі рэгістрацыя адбылася на падставе непраўдзівых звестак.
  2. IV. Кожны француз, ужо зарэгістраваны ў рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, які пераязджае ў іншую консульскую выбарчую акругу без спецыяльнай працэдуры ўключаецца ў рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, той выбарчай акругі, куды ён пераязджае.

 

Артыкул 14

  1. I. У кожнай консульскай выбарчай акрузе маецца рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі.Тым не менш, адпаведна з пастановай міністра замежных спраў, некалькі кіраўнікоў консульскіх службаў могуць супольна весці  некалькі рэестраў. У гэтым выпадку працэдура, прадугледжаная артыкулам 4 дадзенага дэкрэта, можа здзяйсняцца любым з гэтых кіраўнікоў консульскіх службаў.
  2. II. Таксама некалькі рэестраў могуць весціся адным кіраўніком консульскай службы на ўмовах, прадугледжаных пастановай міністра замежных спраў.

III. Інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў рэесрах французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, ад усіх консульскіх выбарчых акруг захоўваецца ў цэнтральнай адміністрацыі міністэрства замежных спраў, у сусветным рэестры французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, мэты якога вызначаюцца пастановай міністра замежных спраў.

 

Артыкул 15

Права ўключаць у рэестр французаў, якія пражываюць па-за межамі Францыі, маюць толькі кіраўнікі консульскіх службаў і кіраўнікі дыпламатычных службаў, якія кіруюць консульскай выбарчай акругай.

Тым не менш, яны могуць дэлегаваць свой подпіс па гэтым пытанні, пад сваю адказнасць аднаму або некалькім штатным супрацоўнікам. Імя аднаго ці некалькіх супрацоўнікаў, якія атрымалі права здзяйсняць рэгістрацыю, вывешваецца у памяшканні консульскай службы ў даступным для наведнікаў месцы.

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.