Ізраіль. Палітыка супрацы з габрэямі, якія пражываюць у іншых краінах

Матэрыялы па супрацы дзяржавы Ізраіль з габрэямі, якія пражываюць у іншых краінах, падрыхтаваны сябрам нашай арганізацыі, грамадзянінам Ізраіля беларускага паходжання Паўлам Касцюкевічам. Улічваючы, што Павал ведае сітуацыю на ўласным вопыце, прыводзім выклад матэрыялаў па ізраільскім заканадаўстве ў суправаджэнні яго каментароў.

З аднаго боку Ізраіль дбае пра габрэяў, што жывуць у іншых краінах. З другога боку, гэтую краіну можна браць за прыклад найперш у справе арганізацыі вяртання габрэяў у нацыянальную дзяржаву.

 

1. Закон аб Вяртанні

 

У Ізраілі існуе Закон аб Вяртанні, які не толькі вызначае тых, хто мае права на рэпатрыяцыю (пераезд у Ізраіль), але і пэўным чынам рэгулюе адносіны Дзяржавы Ізраіль (далей ДзІ) з габрэйскай дыяспарай.

 

Закон аб Вяртанні і дадаткі да яго — гэта адзін з самых важных законаў краіны, які акрамя ўрэгулявання адносінаў паміж ДзІ і дыяспарай, выражае і падкрэслівае габрэйскую сутнасць насельніцтва Ізраіля.

Закон кажа, што дзяржава Ізраіль з'яўляецца нацыянальным домам для габрэяў з ўсяго свету. Закон дае кожнаму габрэю права рэпатрыяцыі ў ДзІ без усякіх умоваў і атрымання пасведчання рэпатрыянта, якое аўтаматычна вядзе да атрымання новым рэпатрыянтам ізраільскага пашпарта (ізраільскага грамадзянства). Права рэпатрыяцыі заснаванае на jus sanguinis, праве крыві, іншымі словамі, на даказаным сведчанні, што асоба з'яўляецца габрэем.

Закон аб Вяртанні строга вызначае, хто з'яўляецца габрэем.

Габрэй — гэта той, хто нарадзіўся ад маці-габрэйкі (у юдаізме права на габрэйства ідзе “па кужэлі”, то бок па матчынай лініі), або той, хто прайшоў працэс гіюру (пераходу ў юдаізм) і не вызнае ніякай іншай рэлігіі.

У ДзІ быць габрэем па нацыянальнасці мае прававое значэнне (для аўтаматычнага атрымання ізраільскага грамадзянства), значэнне для сямейнага становішча (жэніць і дае права на развод у Ізраілі для габрэяў не дзяржава, а рэлігійная ўстанова — рабінат), а таксама ў святле маёмаснага права (толькі габрэй мае права набываць большасць ізраільскіх земляў).

З прычыны таго, што ў многіх галінах грамадскага жыцця патрабуецца дакладнае веданне, хто такі габрэй, дзяржава Ізраіль мае пільную патрэбу ў вызначэнні гэтага тэрміна. За дзесяткі стагоддзяў юдэйскі рэлігійны закон (Галаха) дакладна сфармуляваў, хто такі габрэй/юдэй, бо дакладнасць гэтага азначэння ўплывала на сферу дзеяння габрэйскіх рэлігійных запаветаў, і на тое, як трэба на рэлігійным і грамадскім узроўнях ставіцца да кожнага канкрэтнага чалавека.

Разам з тым, некаторыя палажэнні сучаснага ізраільскага Закону аб Вяртанні і Закону аб Ізраільскім грамадзянстве не адпавядаюць на ўсе сто адсоткаў рэлігійным палажэнням. У прыватнасці, папраўка да Закона аб Вяртанні дае права атрымаць ізраільскае грамадзянства негабрэю, які з'яўляецца дзіцём або ўнукам габрэя ці габрэйкі. Да таго ж ізраільскае грамадзянства даюць супружніцы/супругу габрэя/кі, і толькі тады, калі апошні/яя вырашыў атрымаць ізраільскае грамадзянства і пераехаць у Ізраіль. На такога грамадзяніна-негабрэя не распаўсюджваецца большасць ільгот новага рэпатрыянта (гл. ніжэй), але ён мае ўсе правы і абавязкі ізраільскага грамадзяніна, акрамя некаторых абмежаванняў, звязаных з сямейным статусам (напрыклад, негабрэй, грамадзянін Ізраіля, можа развесціся без згоды рабіна) і смерцю (негабрэй не мае права быць пахаваным на габрэйскіх могілках).

Пацверджанне габрэйства ў габрэяў — грамадзянаў іншых краін адбываецца:

- паводле запісаў у рабінскіх кнігах;
- па графе нацыянальнасць у савецкіх пашпартах;
- па сведчаннях аўтарытэтных асобаў мясцовых габрэйскіх грамадаў і сведчаннях кандыдатаў на атрыманне грамадзянства.

Пытаннямі атрымання ізраільскага грамадзянства і пацвярджэння габрэйскай нацыянальнасці кандыдыта на грамадзянства ў амбасадзе займаецца консульскі аддзел. У абавязкі консульскага аддзелу ўваходзіць таксама не дапускаць у Ізраіль непажаданых элементаў: габрэяў --  злосных крымінальных злачынцаў, або тых габрэяў, што здзейснілі злачынствы супраць габрэйскага народу, або габрэяў, хворых на хваробы, які могуць паставіць пад пагрозу здароўе многіх ізраільскіх грамадзянаў.

ДзІ прызнае падвойнае грамадзянства, таму ў шэрагу выпадкаў габрэю можна захаваць грамадзянства краіны выхаду (у выпадку, калі ў краіне выхаду ёсць закон аб падвойным грамадзянстве).

Габрэй -- грамадзянін іншай краіны, які знаходзіцца ў Ізраілі, і які ў гэты час выказаў сваё жаданне застацца ў краіне, атрымлівае ізраільскае грамадзянства аўтаматычна, то бок няма патрэбы выязджаць за мяжу.

 

2. Адмысловы статус новага рэпатрыянта (грамадзяніна).

Для толькі прыбылых габрэяў у ДзІ існуе адмысловы статус — статус новага рэпатрыянта. Габрэй, які атрымлівае грамадзянства, першыя некалькі гадоў жыцця ў Ізраілі можа карыстацца ільготамі і палёгкамі ў падаткаабкладанні, бо мае статус новага рэпатрыянта.

Габрэй, які рэпатрыюецца ў ДзІ, атрымлівае пасведчанне новага рэпатрыянта і ўнутраны пашпарт проста ў аэрапорце. Акрамя таго, яго рэгіструюць у бальнічнай касе і аплачваюць дарогу “туды” з аэрапорта (ці марскога порта) у любы пункт краіны. Да таго ж у аэрапорце яму даюць першую выплату так званага “кошыка абсорбцыі” (гл. ніжэй).

Ільготы і субсідыі для новых рэпатрыянтаў:

- Значная частка дзяржаўных субсідыяў выплачваецца новым рэпатрыянтам у выглядзе грашовай дапамогі (т. зв. “кошык абсорбцыі”), што дазваляе ім распараджацца грашамі па ўласным меркаванні. Памер выплаты залежыць ад памеру сям'і, то бок пары рэпатрыянтаў выплацяць у пераліку на аднаго чалавека трохі менш, чым адзінокаму рэпатрыянту. “Кошык абсорбцыі” — гэта падарунак ад дзяржавы, які не трэба вяртаць. “Кошык абсорбцыі”выплачваецца першыя сем месяцаў (сума адносна сярэдняга заробку ў Ізраілі — невялікая, але дазваляе арандаваць кватэру і купляць прадукты харчавання і вопратку).

Правы новых рэпатрыянтаў:

-Новы рэпатрыянт мае права на пакупку дзяржаўнага жытла або на атрыманне доўгатэрміновага крэдыту на жытло са значнай зніжкай. (Хіба працэнт дзяржаўнага жытла ў Ізраілі невялікі).

- Новыя рэпатрыянты пенсійнага ўзросту (жанчыны з 65, мужчыны з 67 гадоў) маюць права на атрыманне грашовай дапамогі па старасці (каля 600 долараў на месяц) да канца свайго жыцця.

- Новы рэпатрыянт, калі ёсць у гэтым патрэба, мае права жыць у адным з цэнтраў абсорбцыі — установаў накшталт інтэрнатаў, якія знаходзяцца па ўсёй краіне, дзе плата за жытло максімальна нізкая. Тут можна жыць першыя гады ў Ізраілі.

- Новы рэпатрыянт мае права на бясплатнае паўгадовае навучанне іўрыту (пачатковы курс мовы іўрыт). Міністэрства абсорбцыі часткова аплачвае таксама і курсы іўрыту больш высокага ўзроўню.

- Новы рэпатрыянт маладога веку мае права на 2,5 гады бясплатнай адукацыі ў ізраільскіх ВНУ або тэхнікумах, у той жа час як шараговыя грамадзяне плацяць у год за навучанне блізу 3 тысяч долараў.

- Ізраільцянін, які з'ехаў і пражыў за мяжой без перапынкаў 5 гадоў, па вяртанні ў Ізраіль таксама мае права на атрыманне “кошыка абсорбцыі”, але яму не даюцца палёгкі ў падатках.

Разам з тым, новы рэпатрыянт павінен выконваць усе абавязкі шараговага грамадзяніна (як то: служба ў войску, сплачванне падаткаў і г.д.).

Размеркаваннем сродкаў і праблемамі новых рэпатрыянтаў займаецца адмыслова створанае Міністэрства рэпатрыяцыі і абсорбцыі(прыёму і адаптацыі новых рэпатрыянтаў).

 

 

3. Супраца дзяржавы Ізраіль з габрэямі свету

 

Габрэйскія арганізацыі ў свеце

Як правіла, у краінах выхаду маюцца тры вялікія габрэйскія грамадскія арганізацыі: “Сахнут”, “Ізраільскі культурны цэнтр” і “Джоінт”.

Акрамя гэтых арганізацыяў, могуць існаваць і мясцовыя габрэйскія арганізацыі, якія фінансуюцца мясцовымі габрэямі, але іх ўплыў не такі вялікі, бо, як правіла, акрамя ЗША, Канады і Еўропы, у мясцовых габрэяў няма вялікіх сродкаў і тыя абмяжоўваюцца невялікай фінансавай дапамогай і арганізацыяй святкаванняў суботы і іншых габрэйскіх святаў. У ЗША існуюць габрэйскія дабрачынныя арганізацыі, якія наагул дапамагаюць не толькі габрэям.

 

1. Габрэйскае агенцтва “Сахнут”

Ізраільская структура, якая мае філіялы ў тых краінах, дзе ёсць ізраільскае пасольства. У Ізраілі “Сахнут “— гэта фактычна асобнае міністэрства са сваімі разгалінаванымі структурамі.

Мэты “Сахнута”:

  • спрыяць вяртанню габрэйскага народа на гістарычную радзіму, служыць звязуючым звяном паміж габрэямі дыяспары і Дзяржавай Ізраіль;
  • актыўна ўдзельнічаць у развіцці і падтрымцы габрэйскай і ізраільскай адукацыі;
  • умацоўваць габрэйскую тоеснасць у дыяспары.

“Сахнут” займаецца ўмацаваннем габрэйскай ідэнтычнасці з ухілам у ізраільскасць. Як правіла, гэта правядзенне лекцыяў пра жыццё ў ДзІ, аб ізраільскай гісторыі, аб правах і ільготах новых рэпатрыянтаў. “Сахнут” на бясплатнай аснове праводзіць курсы іўрыту.

Найбольшую ўвагу “Сахнут” надзяляе працы з моладдзю. “Сахнутам” ладзяцца габрэйскія летнікі, дзе важатымі працуюць маладыя людзі з Ізраіля. “Сахнутам” арганізуюцца кораткатэрміновыя паездкі ў Ізраіль для моладзі з мэтай больш блізкага азнаямлення з краінай.

Акрамя таго, “Сахнут” распрацоўвае і аплачвае праграмы рэпатрыяцыі. Што такое праграма рэпатрыяцыі?

Напрыклад, вы малады чалавек і хочаце не проста паехаць на ПМЖ у Ізраіль і адразу апынуцца сам-насам з рынкам працы. Тады вы можаце абраць, да прыкладу, праграму рэпатрыяцыі, прызначаную для вашага ўзросту. Вы адзін без бацькоў прыязджаеце падлеткам (вядома, са згоды бацькоў, якія застаюцца ў краіне выхаду) у Ізраіль, вучыцеся ў апошнім класе ізраільскай школы, бясплатна жывеце ў інтэрнаце пад наглядам ізраільскіх важатых і атрымліваеце ізраільскі атэстат, з якім лягчэй паступіць у ізраільскія ВНУ (паколькі умовы паступлення для ўсіх грамадзянаў аднолькавыя).

Такіх праграм у розных канфігурацыях і для розных узроставых груп — некалькі дзесяткаў. То бок праграмы рэпатрыяцыі маюць на мэце аптымізаваць, палегчыць працэс адаптацыі рэпатрыянтаў у ДзІ, падрыхтаваць іх да складанасцяў, якія чакаюць новага грамадзяніна у новай краіне.

“Сахнут” таксама спансіруе бясплатны пералёт (толькі “туды”) кожнага габрэя ў Ізраіль на самалётах ізраільскай авіякампаніі “Эль-Аль”.

2. Ізраільскі культурны цэнтр 

Аддяленні Ізраільскага культурнага цэнтра дзейнічаюць пры пасольствах ДзІ.

Іх дзейнасць: тэматычныя лекцыі, падрабязныя расповеды пра жыццё ў ДзІ, тлумачэнні правоў і ільготаў новых рэпатрыянтаў, культурныя імпрэзы, накіраваныя на папулярызацыю габрэйскасці і ізраільскасці (святкаванне юдэйскіх (Ханука, Пэйсах)  і ізраільскіх датаў (Дзень памяці ахвяраў Галакосту і г.д.). Ізраільскі культурны цэнтр, як правіла, мае вялікую бібліятэку з перакладамі ізраільскіх кніг на мясцовую мову, кіназалу, дзе паказваюць ізраільскія мастацкія і дакументальныя фільмы. У аддзяленнях Ізраільскага культурнага цэнтра таксама ладзяцца штотыднёвыя курсы іўрыту для ўсіх узроставых сектараў.

Яшчэ адзін новы аспект дзейнасці Ізраільскага культурнага цэнтра — гэта папулярызацыя ізраільскай культуры сярод мясцовага негабрэйскага насельніцтва, прэзентацыя ізраільскай культуры за мяжой і падвышэнне іміджу ДзІ за мяжой.

3. “Джоінт”

“Джоінт” — амерыканскі размеркавальны камітэт, які мае філіялы ў многіх краінаў свету, і ,што не менш важна, у самім Ізраілі. “Джоінт”  — не ізраільская структура, і таму ў адрозненні ад “Сахнуту” і “Ізраільскага культурнага цэнтру” не выступае за рэпатрыяцыю ў Ізраіль. Яна матэрыяльна дапамагае незаможным габрэям (старым, інвалідам, дзецям, новым рэпатрыянтам у Ізраілі). Напрыклад, камітэтам ладзіцца раздача падарункавага набора на Хануку або раздача мацы на Пэйсах. Таксама дзейнасць камітэта накіравана на падтрыманне і адчуванне нацыянальнай адметнасці, габрэйскасці, заахвочванне да ведання нацыянальных і рэлігійных традыцыяў габрэйскага народу.З гэтай мэтай арганізуецца святкаванне юдэйскіх святаў, запрашэнне артыстаў (не абавязкова габрэйскіх). Існуе сетка абшчынных дамоў, дзе ладзяцца гурткі найперш для падлеткаў і старых. На вывучэнні габрэйскіх моваў націску не робіцца.

Цяпер акрэслілася тэндэнцыя на замяшчэнне і дапаўненне функцыяў найвялікшых габрэйскіх арганізацыяў: калі адныя надаюць болей увагі працы са старымі, тады іншыя больш працуюць з маладымі і г.д.

Дэпартамент Дыяспары ў МЗС Ізраіля

Яшчэ адна структура, якая займаецца сувязямі з габрэйскімі грамадамі за мяжой, — Дэпартамент Дыяспары МЗС Ізраіля, які знаходзіцца ў Ерусаліме. Дэпартамент здзяйсняе сувязь паміж МЗС і габрэйскімі грамадамі ў свеце. Дэпартамент намагаецца крышталізаваць узгодненую пазіцыю ДзІ і Дыяспары на галоўныя палітычныя пытанні, зацікавіць, інтэграваць габрэйскія абшчыны ў грамадскае жыццё Ізраіля. Гэтак Дэпартамент намагаецца атрымаць падтрымку і дапамогу для ДзІ ад габрэйскіх грамадаў.

На думку першага міністра замежных справаў Ізраіля Машэ Шарэта: “Ізраільскі дыпламат выконвае падвойную ролю: па-першае, ён паўнамоцны прадстаўнік Ізраіля для краіны, да якой прыпісаны, і ў дадатак той дыпламат — пасланнік Ізраіля ў габрэйскай абшчыне гэтай краіны”. 

Задача Дэпартамента — інфармаваць габрэйскія грамады аб развіцці палітычных падзеяў у Ізраілі (палітычныя, знешнеэканамічныя падзеі, сітуацыя на Блізкім Усходзе) і распавядаць пра сэнс такіх падзеяў для статуса і стана ДзІ. Яшчэ адна задача Дэпаратменту — каардынацыя паміж Ізраілем і габрэйскімі абшчынамі, якая робіцца пры пасяродку сустрэчаў высокіх ізраільскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў грамадаў. Дэпартамент засяроджаны таксама на праявах антысемітызму: ён здзяйсняе маніторынг праяваў антысемітызму ва ўсім свеце і інфармуе па гэтым пытанні ізраільскія прадстаўніцтвы (амбасады) па ўсім свеце.  

4. Вытрымкі з “Дэкларацыі аб Незалежнасці” Ізраіля, датычныя габрэяў, якія пражываюць у іншых краінах

“Дзяржава Ізраіль будзе адкрытая для габрэйскай рэпатрыяцыі і да збору выгнанцаў”.

“Дзяржава напоўніцу расчыніць дзверы Радзімы перад кожным габрэям і надасць габрэйскаму народу статус раўнапраўнай нацыі ў сям'і народаў”.

“Мы заклікаем увесь габрэйскі народ у дыяспары згуртавацца вакол габрэйскага паселішча ў Зямлі Ізраіля, далучыцца да рэпатрыяцыі і будавання краіны, і стаць поплеч у бітве за спраўджванне імкнення шматлікіх пакаленняў да выбаўлення народа Ізраіля”.