Сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Лене Глагоўскай адмовілі ў беларускай візе

Сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, гісторыку, старшыні Беларускага таварыства “Хатка” ў Гданьску адмовілі ў беларускай візе.

Спадарыня Лена збіралася прыехаць у Гродна для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі “Людзі даўняй Гародні”, якую арганізуе Таварыства беларускай школы.

У Беларускім консульстве ў Беластоку прычыны адмовы ў візе спадарыні Лене не патлумачылі.

“Мне сказалі ў консульстве: “Гэта не нашая пастанова, гэта пастанова вышэй, пішыце ў МЗС”, -- гаворыць Лена Глагоўская. – Я сапрўды буду пісаць у МЗС, буду звяртацца ў консульства, куды я падавала дакументы. Я нават не ўяўляю, якая прычына,чаму мне адмовілі. Ніякай палітыкай я не займаюся, я займаюся навукай і як навуковец я буду шукаць праўды. Я ведаю, што мне не патлумачаць прычыны адмовы, але хай хоць у мяне будзе пісьмовы адказ”.

Спадарыня Лена распавяла, што сітуацыя вельмі дзіўная. Калі яна тэлефанавала ў консульства, каб даведацца, ці можа яна прыйсці за пашпартам 2-га лістапада, бо 3-га ёй трэба ехаць на канферэнцыю ў Гродна, ніхто ёй нават не сказаў, што ёй адмоўлена ў візе і ўжо можна  не спяшацца ехаць за пашпартам.

“Прыкра яшчэ і таму, што я збіралася на Дзяды разам з бацькам і братам наведаць магілу сваёй бабулі, якая знаходзіцца ў Беларусі. Мы наведваем яе магілу з 1990-га года, а цяпер я не магу туды паехаць, -- адзначыла Лена Глагоўская.

Нагадаем, выпадак Лены Глагоўскай далёка не першы за апошнія некалькі год, калі беларусаў замежжа не пускаюць на этнічную Радзіму. У траўні мінулага года на мяжы пры ўездзе ў Беларусь без тлумачэння прычынаў памежнікі анулявалі беларускую візу Яўгену Вапу – старшыні беларускага саюза ў Польшчы, старшыні ўправы “Радыё Рацыя” і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. У кастрычніку 2011 г. Беларускае пасольства ў Берліне адмовіла  ў беларускай візе 81-гадовай Галіне Руднік, якая збіралася прэзентаваць у Мінску кнігу сваіх ўспамінаў “Птушкі пералётныя”. У сакавіку гэтага года ва ўездзе ў Беларусь адмовілі журналісту і перакладчыку Сяргею Шупу.

***

Лена Глагоўская — выпускніца Факультэта журналістыкі і палітычных навук Варшаўскага універсітэта, доктар гуманітарных навук. Ад 1984 г. выкладае ў Гданьскім, а ад 1998 г. — у Беластоцкім універсітэтах. З’яўляецца членам рэдакцыйнага калектыву штомесячніка беларусаў Польшчы „Czasopis”, займаецца навуковым вывучэннем беларускага грамадска-культурнага жыцця на Гданьскім узбярэжжы.

Ад 1993 г. Лена Глагоўская ўзначальвае Беларускае культурнае таварыства „Хатка” ў Гданьску. Таварыства штогод ладзіць беларускія канцэрты, літаратурныя сустрэчы, мастацкія выставы, прэзентацыі кніг, фільмаў. Таварыства дбае пра захаванне нацыянальнай памяці, напрыклад, ініцыюе ўстаноўку памятных знакаў і помнікаў.