“Эміграцыйная гісторыя ў асобах, падзеях, выданнях”

У жніўні Наталля Гардзіенка, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, даследчыца беларускай эміграцыі распачала цікавы праект у сваім “жывым часопісе”. Мы папрасілі яе расказаць пра яго нашым чытачам.

Той праект, што распачаты ў маім “жывым часопісе” (hardzin.livejournal.com) мае ўмоўную назву “Эміграцыйная гісторыя ў асобах, падзеях, выданнях”. Штодня я публікую інфармацыю або пра асобаў, з якімі звязаны гэты дзень, або пра выданні замежных беларусаў, або пра падзеі з гісторыі беларускай эміграцыі на Захадзе. Праект узнік у некаторай ступені спантанна. За гады даследчай і выдавецкай дзейнасці ў галіне эміграцыязнаўства назбіралася багата рознага матэрыялу: складзены сотні біяграмаў беларускіх дзеячаў у розных краінах, храналогіі жыцця эміграцыйных асяродкаў, назапасіўся некаторы ілюстрацыйны матэрыял. Пасля пакуль няўдалых спробаў распачаць працу па падрыхтоўцы Энцыклапедыі беларускага замежжа засталося жаданне збіраць звесткі для яе з надзеяй на ўсё ж будучую рэалізацыю і гэтага праекту. Гэтае жаданне і падштурхнула да стварэння на старонках LJ своеасаблівага календара, дзе будуць публікавацца падрыхтаваныя біяграмы, звесткі пра арганізацыі, падзеі, выданні беларусаў на Захадзе.

Блог Наталлі Гардзіенкі

Штогод я тым ці іншым чынам (як рэдактар, укладальнік, аўтар) удзельнічаю ў розных кніжна-выдавецкіх праектах. Асабліва плённымі сталі апошнія гады. Так, ад студзеня 2012 г. ужо пабачылі свет чатыры кнігі з маім удзелам, і цяпер у розных ступенях падрыхтаванасці знаходзяцца яшчэ чатыры выданні. Такім чынам пастаянна збіраецца цікавы фактычны матэрыял, які магчыма папулярызаваць і праз сваю старонку ў “жывым часопісе”.

З аднаго боку, новы праект працуе як пашырэнне інфармацыі пра гісторыю эміграцыі (пры невялікіх накладах сённяшніх папяровых выданняў праблема актуальная), з іншага — як апрабацыя матэрыялаў будучага энцыклапедычнага даведніка. Публікуючы ў “жывым часопісе” тыя звесткі, што маю, я імкнуся дзяліцца з іншымі даследнікамі інфармацыяй і запрашаю звяртацца да мяне пры патрэбе ў тым ці іншым даступным мне матэрыяле. Магу сказаць, што дзякуючы гэтаму праекту, я ўжо займела новых знаёмых з ліку даследнікаў ці асобаў, зацікаўленых у тых ці іншых аспектах эміграцыйнай гісторыі і сучаснасці. Інтэрнэт дае магчымасць наладжваць сувязь з людзьмі з рэгіёнаў, а таксама з таго ж беларускага замежжа.

Праект распачаўся ў жніўні гэтага года і разлічаны мінімум на гадавы цыкл. Хоць, прыкладам, матэрыялы пра падзеі і выданні, якія пакуль значна саступаюць біяграфічным нарысам у колькасці, відавочна, не вычарпаюцца за гэты час. Безумоўна, хочацца разлічваць на зваротную сувязь. Часам чытачы дасылаюць удакладненні ці дапаўненні да біяграфіі тае ці іншае асобы, што таксама працуе на ўдасканаленне будучых тэкстаў.

Каб зрабіць штодзённыя запісы больш цікавымі, намагаюся суправаджаць іх жыццёвымі каментарамі (бо з некаторымі дзеячамі была асабіста знаёмая), а таксама ілюстрацыямі. Бадай, найбольш складанае ў каляндарным праекце – вытрымліваць штодзённую перыядычнасць, а таксама падабраць адпаведныя ілюстрацыі. Шмат дапамагаюць напрацоўкі для ранейшых выданняў, а таксама архівы БІНіМ і Скарынаўкі. Карыстаючыся нагодаю, хацелася б выказаць шчырую ўдзячнасць кіраўніку БІНіМ д-ру Вітаўту Кіпелю ды захавальніку і кіраўніку Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны за спрыянне ў маёй даследчай дзейнасці.

Між іншага, нарадзілася таксама ідэя скарыстаць назапашаны рэчава-выяўленчы матэрыял яшчэ і іншым чынам: у 2013 г. арганізаваць выставу, прысвечаную матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай эміграцыі. Для гэтага шмат ёсць: калекцыі рэчаў, створаных беларусамі на эміграцыі, прыкладам, самаробныя шахматы ды карты, у якія гуляліся беларусы ў лагерах для перамешчаных асобаў у паваеннай Нямеччыне, скаўцкія знакі, пярсцёнкі, бірулькі, беларускія кашулі і сукенкі, пашытыя на эміграцыі; ёсць больш за паўтысячы розных эміграцыйных здымкаў, багата эміграцыйных выданняў, у тым ліку і з аўтографамі аўтараў, рукапісы эміграцыйных літаратараў, шыкоўныя калекцыі паштовак (больш за сотню), марак (каля сотні), дзясяткі капэртаў ды візітовак, медалёў і значкаў, вырабленых беларусамі на эміграцыі, шмат разнастайных артэфактаў эміграцыйнага жыцця. Усё гэта хацелася б арганізаваць у цікавую выставу, якая б зрабілася нагодай у час 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету зноў звярнуцца да папулярызацыі гісторыі і культуры эміграцыі. Гэткая выстава, паводле задумы, павінна суправаджацца адмысловымі лекцыямі па гісторыі беларускага замежжа, а ў ідэале – зрабіцца своеасаблівай рухомай лабараторыяй, каб папулярызаваць культурны даробак эміграцыі ў розных рэгіёнах ды асяродках самой эміграцыі. Безумоўна, калі магчыма будзе знайсці падтрымку для гэтага праекту: матэрыяльную і арганізацыйную. Адмысловым кніжным дадаткам, своеасаблівым даведнікам да выставы мае стаць калекцыйны нумар альманаха “Запісы БІНіМ”, які выйдзе таксама ў наступным годзе і будзе заснаваны на апісанні эміграцыйных калекцыяў ды прэзентацыі гэтых скарбаў на DVD.

Значак, выраблены беларусамі Прагі. 1920-я гг.

Беларуская бірулька. Вырабіў Жорж Навумчык. Саўт-Рывэр, ЗША.

Беларуская велікодная паштоўка. Нямеччына, 1950 г.

Беларускі скаўцкі нож. Нямеччына, др. пал. 1940-х гг.

Самаробныя шахматы і карты, у якія гулялі беларусы ў лагерах для перамешчаных асобаў у паваеннай Нямеччыне. Др. пал. 1940-х гг.

Як ужо зазначалася, сабраныя з дапамогаю БІНіМ і Скарынаўкі калекцыі дакументальных і рэчавых матэрыялаў беларускай дзейнасці на эміграцыі скарыстоўваюцца не толькі ў папулярызацыі тэмы праз інтэрнэт. Шукаюцца розныя формы. Сёлета мае выйсці таксама адмысловы каляндар, прысвечаны літаратарам беларускага замежжа, дзе будуць спалучацца дакументальныя і фатаграфічныя матэрыялы з аўтографамі аўтараў, цытатамі з іх тэкстаў ды інфармацыяй пра іх.

Калі вярнуцца да праекту “Эміграцыйная гісторыя…”, дык дзякуючы яму я фактычна сістэматызую і некаторыя матэрыялы для будучых кніг, у тым ліку і для кнігі, прысвечанай беларусам у Канадзе. Апошняя — галоўная мая даследчая праца на сёння. Назбіралася ўжо багата архіўных і друкаваных матэрыялаў па гісторыі беларускай прысутнасці ў гэтай паўночнаамерыканскай краіне. Дзякуючы мінулагодняй паездцы ды працы ў канадыйскіх архівах ды сёлетняй выцечцы ў лонданскую Скарынаўку, а таксама матэрыялам, перададзеным беларускім архівістам з Нью-Ёрку Лявонам Юрэвічам, я маю выключную калекцыю дакументаў і публікацый па тэме і займаюся паступовай іх апрацоўкай ды падрыхтоўкай тэкстаў, прысвечаных розным перыядам і арганізацыям беларусаў у Канадзе. Гэта будзе працяг гісторыі беларускай прысутнасці ў свеце, распачатай папярэднімі кнігамі: Вітаўта Кіпеля пра ЗША ды маімі пра Аўстралію і Вялікабрытанію.

Сёння ў Беларусі мала ведаюць пра жыццё суайчыннікаў за мяжой. На навуковым узроўні гэта вывучаецца мала, публікацыі з’яўляюцца эпізадычна і не закранаюць шырокую аўдыторыю. Мае ж памкненні звязаныя як уласна з даследаваннем розных старонак жыцця беларускага замежжа, гэтак і з па магчымасці шырокай папулярызацыяй інфармацыі пра гісторыю і культуру эміграцыі. Тыя кнігі ды выданні, якія я рыхтую, новы праект ў “жывым часопісе” і ідэя выставы ды ўсё іншае, што ўжо ёсць ці яшчэ будзе, якраз з’яўляецца ажыццяўленнем згаданых мэтаў.

На заканчэнне хацелася б звярнуцца да ўсіх зацікаўленых асобаў, тых, хто шукае матэрыялы пра таго ці іншага дзеяча, падзею ці выданне на эміграцыі, а таксама тых, хто можа дапамагчы ў арганізацыі выставы ці ў выдавецкай справе, звяртацца да мяне праз “жывы часопіс”, або праз электронную пошту nhardzijenka@gmail.com.

Наталля Гардзіенка