Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Дзейнасць у 2011 г.

СПРАВАЗДАЧА

аб дзейнасці МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” за 2011 год.

У справаздачны перыяд МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўляла дзейнасць у адпаведнасці са Статутам,  рашэннямі V з’езда беларусаў свету і планам дзейнасці на 2011 год, зацверджаным Малой Радай. Рэгулярнае інфармаванне сяброў Згуртавання пра дзейнасць “Бацькаўшчыны” ажыццяўляецца праз штомесячны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, а таксама сайты zbsb.org i budzma.org. Таму ў справаздачы пералічаны толькі найбольш важныя мерапрыемствы Згуртавання.

Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці “Бацькаўшчыны” ёсць прадстаўленне і адстойванне інтарэсаў беларускай дыяспары на дзяржаўным узроўні. На жаль, у гэтым накірунку сітуацыя выгляднае досыць песімістычна. Пэўныя пазітыўныя зрухі, якія адбыліся пасля Пятага з’езду беларусаў свету ў 2009-10 гг., далейшага развіцця не атрымалі. Падтрымка дзейнасці беларускіх арганізацый за мяжой калі і вядзецца беларускай дзяржавай, то па-ранейшаму толькі кропкава, і атрымліваюць яе далёка не ўсе арганізацыі, якія маюць у гэтым патрэбу, а толькі абраныя. У 2010 г. была адноўлена праца Рабочай групы па распрацоўцы закона аб беларусах замежжа, аднак за 2011 г. больш не адбылося ніводнага пасяджэння. Зараз жа падобна на тое, што бліжэйшым часам Закон так і не будзе прыняты і яго распрацоўка ў чарговы раз будзе пакладзена пад сукно.

Больш за тое, абвастрылася сітуацыя з атрыманнем візаў некаторымі дзеячамі беларускага замежжа. У прыватнасці, у траўні без тлумачэння прычынаў была анулявана віза сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Вапу. Прычым, віза была аформлена па запрашэнні Згуртавання “Бацькаўшчына”. Згуртаванне накіравала зварот у МЗС Беларусі з просьбай патлумачыць прычыны анулявання візы, але адказу не атрымала. Толькі калі быў дасланы паўторны зварот, МЗС дало адказ, які па большасці з’яўляецца фармальным. З мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці Згуртаванне шырока распаўсюдзіла інфармацыю пра гэты інцыдэнт у СМІ. Дагэтуль не можа атрымаць уязную візу і старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.

Кіраўніцтва Згуртавання перыядычна дае інтэрв'ю ў друкаваных і электронных СМІ, удзельнічае у радыёпраграмах па дзейнасці "Бацькаўшчыны" і стане беларускай дыяспары. У выступленнях кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” заўсёды  ўздымае пытанне аб неабходнасці прыняцця закона аб беларусах замежжа і забеспячэнні належнай рэгулярнай падтрымкі беларускіх суполак замежжа беларускай дзяржавай.

Па-ранейшаму вельмі важным накірункам у дзейнасці “Бацькаўшчыны” застаецца супраца з беларускімі суполкамі замежжа. Згуртаванне штодзённа падтрымлівае кантакты па электроннай пошце, тэлефоне, імкнецца адказваць на ўсе просьбы і звароты беларусаў замежжа, аказвае кансультацыі і дае неабходныя метадычныя рэкамендацыі беларускім арганізацыям за мяжой.

Найбольш значнымі мерапрыемствамі ў гэтым накірунку былі наступныя:

- дапамога моладзевай ініцыятыве Studalliance (Літва) у правядзенні канцэрта гурта “Ляпіс Трубяцкі” ў Вільні. Канцэрт адбыўся 14 траўня на базе ЕГУ.

- арганізацыя сустрэчы са старшынём Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алегам Рудаковым і ўдзельнікамі фальклорнага гурта “Крывічы”, створанага пры ІТБК (13 ліпеня).

- удзел кіраўніцтва ў Пазачарговай канферэнцыі беларусаў краінаў Балтыі і Беларусі, арганізаванай Таварыствам беларускай культуры ў Літве 27-28. Згуртаванне таксама аказвала кансультацыі і арганізацыйную дапамогу ў забеспячэнні ўдзелу ў канферэнцыі гасцей з Беларусі.

У межах культурна-асветнай дзейнасці Згуртаванне актыўна супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі Беларусі, у першую чаргу з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Так, у межах супрацы з СБП у лютым адбылася сустрэча кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з шведскай інтэлігенцыяй у найбуйнейшым культурным цэнтры Стакгольма Kulturhuset (па запрашэнні шведскага ПЭН-цэнтра), а таксама сустрэчы з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Швецыі і Шведскага ПЭН-цэнтра (у лютым і ў снежні).

У гэтым накірунку сярод іншых адбыліся наступныя асноўныя мерапрыемствы:

- З 9 па 13 лютага праходзіла прэзентацыя кніг серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” на стэндзе незалежных беларускіх выдаўцоў у рамках ХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу.

- У сакавіку “Бацькаўшчына” аказала дапамогу ў рэалізацыі праекту “Вяровіца” Алеся Камоцкага. Праект уключае дыск з 12-ці псалмамі Рыгора Барадуліна, праспяванымі Алесем Камоцкім, і кніжку з тэкстамі псалмоў і фотаздымкамі амерыканскага фотамастака Джона Кунстадтэра на тэму беларускіх рэлігійных і абрадавых святаў.

- Сумесна з СБП і Шведскім саюзам пісьменнікаў у красавіку быў праведзены  міжнародны семінар “Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць творцаў”.

- 14 верасня “Бацькаўшчынай” была праведзена адкрытая святочная вечарына з нагоды 75-гадовага юбілею Генадзя Бураўкіна. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел вядомыя пісьменнікі, мастакі, гісторыкі, грамадскія дзеячы Беларусі.

- Сумесна з Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім клубам “Спадчына” 5 лістапада была праведзена прэзентацыя трох кніг на тэму беларускай нацыянальнай ідэі і гісторыі сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, прафесара Леаніда Лыча.

З мэтай падтрымкі і папулярызацыі даследаванняў і публікацый, прысвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа, у сакавіку Згуртаванне “Бацькаўшчына” заснавала прэмію імя Ігната Дварчаніна. На прэмію было даслана больш за 25 прац. Зараз над імі працуе спецыяльнае журы. Пераможцы прэміі будуць абвешчаны ў бліжэйшы час.

Асобнае месца ў культурна-асветнай дзейнасці “Бацькаўшчыны” займае выданне кніг. У верасні выдадзена 19-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – зборнік твораў даваеннай прозы дзеяча эміграцыі ў Амерыцы Юркі Віцьбіча “Лшоно Габоо Бійрушалайм”. Завершана падрыхтоўка да выдання і здадзена ў друк кніга Лявона Юрэвіча “Шматгалосы эпісталярыум: Гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні” (640 стар). Вялікі дзякуй за каласальную працу па падрыхтоўцы названых кніг Лявону Юрэвічу (ЗША) і Наталлі Гардзіенцы (Беларусь).

Таксама Згуртаванне аказала спрыянне ў выданні дэбютнай кнігі паэта Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы” і сумесна з СБП выдала кнігу Лявона Вольскага “Міларусь”.

На жаль, не ўсе кнігі, што былі запланаваны да выдання, убачылі свет. Гэта наўпрост звязана з фінансавымі пытаннямі. У далейшым “Бацькаўшчына” будзе працягваць шукаць магчымасці фінансавання для выдання кніг.

Інфармацыйны накірунак.

Важным аспектам дзейнасці Згуртавання з’яўляецца інфармаванне сусветнай беларускай супольнасці і сяброў у Беларусі пра дзейнасць беларускіх асяродкаў за мяжой. З гэтай мэтай “Бацькаўшчына” працягвае выпуск штомесячнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”, які бясплатна дасылаецца падпісчыкам (арганізацыям і асобам) у 20-ці краінах свету ў папяровым і электронным выглядзе. Штодзённа аднаўляецца  сайт Згуртавання zbsb.org.

Працягваецца праца над электроннай бібліятэкай дыяспары, папаўненне яе новымі матэрыяламі, працягваецца супраца з Інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат”.

Раз на два месяцы выходзіць літаратурны бюлетэнь “Кніганоша”, заснаваны ў 2010 г. сумесна з СБП. У бюлетэні можна даведацца пра навінкі беларускамоўнага друку, у тым ліку і пра кнігі, якія выходзяць у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.

Асобным накірункам працы “Бацькаўшчыны” ў справаздачны перыяд была дзейнасць па ажыццяўленню грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кампанія скіравана на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стварэнне грамадскай супольнасці ў краіне праз яднанне на глебе нацыянальных каштоўнасцяў. У 2011 г. кампанія рабіла акцэнт на супрацу з трэндсетэрамі і на далучэнне да ідэяў кампаніі шырокіх колаў грамадства (майнстрым).

Безумоўным поспехам у плане супрацы з трэндсетэрамі стала супрацоўніцтва з вядомым на ўсёй пост-савецкай прасторы гуртом “Ляпіс Трубяцкі”. На жаль, распачаты праект не атрымалася завяршыць у сувязі з тым, што гурт патрапіў у “чорныя спісы” і ўсе яго канцэрты ў Беларусі былі скасаваныя.

У 2011 г. быў прэзентаваны такі высока-рэйтынгавы праект, скіраваны на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці, як анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі “Будзьма беларусамі”. З моманту прэзентацыі ў канцы траўня да 31.12.2011 г. зафіксавана больш за мільён праглядаў фільма ў інтэрнэце. Перад прэзентацыяй была праведзена вялікая прома-кампанія, якая ўключала ток-шоў, прысвечанае нацыянальным рысам характару беларусаў, рэалізаванае супольна з вядучым інфармацыйным парталам краіны tut.by; відэасюжэты на гістарычна-культурную тэматыку са знакамітымі людзьмі; стварэнне блогу Усяслава Чарадзея і адмысловага раздзела на сайце budzma.org.

Другім значным праектам, скіраваным на павелічэнне павагі да беларускай мовы, стаў праект “Будзьма. Тузін. Перазагрузка–2”, у якім вядомыя зоркі з Заходняй і Усходняй Еўропы пераспявалі свае хіты па-беларуску. Адметнай рысай праекту было тое, што ўсе ўдзельнікі пагадзіліся запісаць песні без ганарару. Спатрэбіліся выдаткі толькі на студыйны запіс. Але рэалізацыя праекту заняла каля года ў сувязі з вялікай падрыхтоўчай і каардынацыйнай працай. За першы месяц песні праекту спампавалі каля 50 тыс. чалавек.

Да Дня роднай мовы “Бацькаўшчына” рэалізавала праект “Будзьма з мовай”: падрыхтавала серыю налепак на клавіятуру на беларускай мове. Налепкі распаўсюджваліся праз сістэму флай-кардс і карысталіся надзвычай вялікай папулярнасцю. Валанцёрамі-праграмістамі быў створаны бясплатны софт на адмысловым сайце.

Яшчэ адной падзеяй, скіраванай на супрацу з бізнесам, пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе, далучэнне да ідэяў кампаніі прадстаўнікоў рэкламных кампаній, стала правядзення Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак”. У сёлетнім фестывалі ўзялі ўдзел удвая больш рэкламістаў, і было прадстаўлена ўтрая больш прац, чым у мінулым годзе.

У рэгіёнах актыўна вяліся культурніцкія мерапрыемствы ў супрацы з грамадскімі арганізацыямі Беларусі – круглыя сталы, семінары, канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі. Увосень 2011 года ў межах рэалізацыі рэгіянальнай палітыкі кампаніі ў Брэсце, Гродна і Магілёве прайшлі рэгіянальныя ток-шоў на актуальную культурную тэматыку, былі праведзены прэзентацыі фестывалю “Аднак”. У гэтых гарадах пачалі працаваць рэгіянальныя каардынатары кампаніі.

Агулам за 2011 г. у межах кампаніі адбылося 442 мерапрыемствы ў рэгіёнах, у якіх узяло ўдзел каля 38000 чалавек. Усе мерапрыемствы суправаджаліся візуальным аздабленнем кампаніі, а таксама на ўсіх імпрэзах праводзіліся конкурсы і розыгрышы, раздаваліся майкі, торбы, буклеты і іншая візуальная прадукцыя.  

Дзеля ацэнкі эфектыўнасці і планавання кампаніі рэгулярна праводзяцца сустрэчы каардынатараў. А ў чэрвені 2011 года было праведзена сацыялагічнае апытанне, якое прадэманстравала рост папулярнасці кампаніі ад 5,7% у 2009 да 7,7% у 2011 г. Па сведчаннях аналітыкаў, гэта добры вынік, улічваючы, што інфармацыя пра кампанію не распаўсюджваецца праз дзяржаўныя СМІ. Наведвальнасць сайту кампаніі за год павялічылася амаль у тры разы: з 8 438 унікальных наведвальнікаў у студзені 2011 г. да 24 354 унікальных наведвальнікаў у снежні 2011 г. У лютым 2011 г. быў зроблены мапінг-аналіз, які паказаў найбольш актыўныя рэгіёны Беларусі, а таксама тыя рэгіёны, дзе практычна не адбываюцца імпрэзы кампаніі з-за нізкай грамадскай актыўнасці жыхароў альбо адсутнасці актывістаў. Акрамя пералічанага, цягам года рэгулярна праходзілі пасяджэнні Управы і Малой Рады “Бацькаўшчыны”.