У ААН паступае ўсё больш скаргаў ад беларусаў

З упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН у Камітэт ААН па правах чалавека прыйшло паведамленне аб рэгістрацыі скаргі брэсцкай актывісткі апазіцыі Жанны Абрамавай."Гэта значыць, што ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай, індывідуальны зварот Ж.Абрамавай у Камітэт ААН па правах чалавека будзе накіраваны кіраўніцтву Беларусі. А яно, у сваю чаргу, павіннае падаць у камітэт інфармацыю аб тым, ці мела месца, як гэта сцвярджае Абрамава, парушэнне ў яе адносінах права, прадугледжанага пунктам 3 артыкулу 9 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах", — паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.Па ягоных словах, калі Камітэтам ААН па правах чалавека будуць усталяваныя парушэнні права на свабоду і асабістую недатыкальнасць актывісткі апазіцыі, гэта будзе яшчэ адным крокам у дзейнасці праваабаронцаў, накіраванай на прымяненне на практыцы ў Беларусі дадзенага артыкулу пакта. Па меркаванні Р.Кісляка, гэтая норма ў Беларусі парушаецца, што пазбаўляе грамадзянаў, затрыманых па крымінальным абвінавачванні, гарантыяў справядлівага і бесстаронняга рашэння пытання аб іх арышце ці вызваленні. Як лічыць Р.Кісляк, такія гарантыі аб’ектыўнасці можа даць толькі інстытут суддзі, паведамляе БелаПАН.Актывістка апазіцыі Ж.Абрамава звярнулася 14 красавіка 2008 года ў Камітэт ААН па правах чалавека са скаргай на тое, што яе двойчы затрымлівалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства (кожная з гэтых справаў у далейшым была спыненая) і змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання. У першым выпадку яна знаходзілася там 61 гадзіну, у другім — 72 гадзіны. Абрамава лічыць, што яе ўтрыманне пад вартай больш за 48 гадзінаў без дастаўлення да суддзі з’яўляецца парушэннем яе права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Па меркаванні Ж.Абрамавай, пасля затрымання яе абавязаны былі ў "тэрміновым парадку", як гэта прадугледжана пунктам 3 артыкулу 9 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, даставіць да суддзі, і ён павінен быў прымаць рашэнне ці аб яе арышце, ці аб вызваленні. Абрамава жа не была дастаўленая ў суд і знаходзілася пад вартай на падставе пастановаў следчых.Паводле “Хартыя-97”