“Віня-Пых” у Чэхіі

Прэзентацыя беларускага перакладу дзіцячай класікі “WINNIE the POOH” – “Віня-Пых” адбылася ў беларускім клубе ў Празе 26 снежня 2007 г. Правёў яе аўтар перакладу, сп. Віталь Воранаў.Падчас імпрэзы, якую наведалі прыблізна 20 сяброў беларускай грамады, сп. Віталь прачытаў урыўкі з кнігі ды выказаў пару слоў пра значэнне гэтага твору (аўтарства ангельскага пісьменніка Алана Аляксандра Мілна) у сусветнай літаратуры:"Кніга Віня-Пых ужо даўно стала навучальнай не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Магчыма, нават больш для апошніх. Гэтак выказаўся і сам аўтар. А для мяне задума аўтара – святая рэч. У кнізе разглядаюцца глыбокія філасафічныя пытанні, а тое, што яна выдатна чытаецца дзецьмі, дык гэта сведчыць пра геній аўтара.Кніга вельмі складаная. Для перакладу давялося выкарыстаць усё багацце нашай жывой, і дыялектнай, мовы. Я заўсёды імкнуся, каб пераклад гучаў натуральна, каб мова перакладу не была акадэмічная, а гутарковая, на якой гаварылі нашы дзяды.Некаторым чытачом не падабаецца назоў кнігі. Ведама, калі чалавек вырас на расійскім Віні-Пухе, дык новага, беларускага Віня-Пыха яму цяжка ўспрыняць. Аднак, гэты закід зусім беспадстаўны: я перакладаў не з расійскага перакладу, а з ангельскага арыгіналу", - адзначыў перакладчык.Кніга мае 120 старонак, ілюстраваная шматлікімі малюнкамі – таксама з ангельскага арыгіналу.
Юрка Станкевіч (Прага)