Копіі невядомых раней дакументаў Купалы перадалі ў музей песняра

Гэта адбылося на адкрыцці Х Міжнародных Купалаўскіх чытанняў.

Не арыгіналы, але копіі дакументаў, знойдзеных у расійскіх архівах, перадаў у Дзяржаўны музей Янкі Купалы Уладзімір Адамушка, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі. Гэта адбылося на адкрыцці Х Міжнародных Купалаўскіх чытанняў.

Гэта раней невядомыя дакументы, якія датычацца біяграфіі Янкі Купалы, але не знайшлі свайго адлюстравання ў яго поўным зборы твораў. Дакументы з расійскіх архіваў удалося атрымаць дзякуючы сумеснаму супрацоўніцтву архівістаў. Арыгіналы захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі і Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Самыя раннія з іх адносяцца да 1911, 1918, 1919 гадоў.

— Гэта лісты Мікалая Андрэевіча Янчука — вядомага вучонага-славіста, фалькларыста, этнографа, пісьменніка, які пісаў на рускай, украінскай, беларускай, польскай мовах і роднай палескай гаворцы — і Фёдара Фёдаравіча Турка — гісторыка і грамадскага дзеяча, прафесара — да перакладчыка, складальніка і рэдактара першага зборніка твораў Купалы на рускай мове, — тлумачыць Уладзімір Адамушка. — У лістах адлюстравана гісторыя зборніка ад ідэі да яе канчатковай рэалізацыі. 19 лістоў Янчука датуюцца 1911-м і 1919-м гадамі. Гэта перапіска двух даўніх знаёмых і сяброў, якія, акрамя прыватных спраў і агульных праблем таго часу, абмяркоўваюць і "беларускае пытанне", выданне часопіса, кніг і інш.

Ёсць у лістах старонкі, звязаныя з імем Янкі Купалы, адлюстраваная рэалізацыя падрыхтоўкі да выдання названага зборніка. Сярод лістоў ёсць тры вершы Янчука на палескай гаворцы, у тым ліку прысвечаныя Янку Купалу. Сярод копій дакументаў прысутнічаюць і тры невядомыя дароўныя надпісы Янкі Купалы Міхаілу Ісакоўскаму. У летапісе жыцця і творчасці ўсе тры аўтографы не значацца... Не менш цікавай і каштоўнай часткай копій з'яўляецца пратакол агульнага сходу пярвічнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР ад 14.08.38 года і матэрыялы аб дзейнасці Янкі Купалы і іншых пісьменнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пратакол ад 4 жніўня 1938 года адлюстроўвае вельмі трагічны перыяд у жыцці пісьменніцкай арганізацыі БССР. Абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні пры Саюзе пісьменнікаў групы спачуваючых. Для таго, каб вырашыць канчаткова: "яны з намі ці яны павінны адысці ад нас?" У гэтую групу залічваліся Янка Купала з Якубам Коласам. Для індывідуальнай палітычнай працы з імі прымацоўваліся правераныя камуністы...

З іншымі дакументамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны перададзены пратакол ад 5.10.41 года ўстаноўчага сходу прадстаўнікоў славянскіх народаў у Маскве. Сярод прысутных вядомых пісьменнікаў славянскіх краін, такіх як Талстой, Карняйчук, Васілеўская, Фадзееў, Стаянаў, значыцца і Янка Купала. Як і ўсе іншыя, ён стаў членам усеславянскага камітэта. Гэта дата ў летапісе жыцця і творчасці таксама не адзначаная.

Дырэктар музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч не хавала ўзрушэння ад падарунку. Цяпер варта чакаць, што скажуць даследчыкі пасля вывучэння гэтых дакументаў. Таму што ўвага навукоўцаў да творчасці Янкі Купалы вельмі вялікая. І ў ёй далёка яшчэ не ўсё вядома. Зрэшты, дзеля таго, каб ліквідаваліся прабелы, белыя плямы, каб лепш разумець нейкія спрэчныя моманты ў творчасці Песняра, і ладзяцца Купалаўскія чытанні. Сёлета ў іх бяруць удзел навукоўцы з Беларусі, Украіны, Польшчы.

Нічога дзіўнага: Купала належыць не толькі Беларусі, але і Еўропе. Гэта адзначыў, напрыклад, Мар'ян Серватка, пасол Славакіі ў Беларусі, якога асабліва прывабіла магчымасць пачытаць вершы Янкі Купалы на беларускай мове. Але спадар пасол паразважаў на прыкладзе нашага паэта пра тое, што лёс народаў бывае вельмі падобны:

— Абодва нашыя народы прайшлі праз выпрабаванне. Славакам таксама пагражала знікненне роднай мовы. За выкарыстанне славацкай мовы можна было трапіць у турму, было шмат арыштаў і ахвяр... Мы мала ведаем адзін пра аднаго. Але насамрэч у малых славянскіх народаў ёсць глеба і жаданне супрацоўнічаць. Напрыклад, у гуманітарнай сферы: з'яўляюцца пераклады, манаграфіі, кнігі. Мы вітаем ініцыятывы, каб пацвердзіць феномен надзвычайнай існасці моваў нашых народаў. Асабліва хачу падзякаваць Міколу Трусу, аўтару кнігі "Янка Купала ў Славакіі".

Калі для беларусаў Янка, то для славакаў і ўкраінцаў — Янко. Прафесар Раман Лубкіўскі, прадстаўнік Украіны, сказаў, як паэт пра паэта:

— Янка Купала — сімвал нацыянальнага адраджэння беларускага народа. Прадцеча адноўленай незалежнай дзяржавы Беларусі. Гэта аксіёма. Аднак трагедыя яго жыцця — асабістага і грамадскага, — не прачытана яшчэ так грунтоўна, каб назаўсёды адкінуць папярэднюю ідэалогію, штампы і клішэ, якія наклаліся на вобраз генія свайго часу. Беларускія патрыярхі слова, асабліва Купала, абавязаныя былі гаварыць голасам цэлага народа, усёй нацыі, пазбаўленай калісьці права "людзьмі звацца", а ў 30-40 гады мінулага стагоддзя права і на нацыянальную ідэнтычнасць, на родную мову, на культуру. Паўнацэнны, сапраўдны, вялікі, бессмяротны Купала яшчэ паўстане перад сваім народам, перад Еўропай і цэлым светам — калі будзе здзейснены поўны грунтоўны аналіз усёй творчай спадчыны пісьменніка, калі адкрыюцца ўсе дакументы і матэрыялы, якія не ведаем дагэтуль... Мысленне Янкі Купалы планетарнае. Але яно беларускае, укаранёнае ў родную зямлю. І нам ва Украіне да гэтай асобы трэба прыглядацца: асабліва цяпер, калі ўзнікае неабходнасць адстойваць ужо сваю мову, якой, здавалася, за дваццаць гадоў незалежнасці нічога не пагражае.

Тадэвуш Стружэцкі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь:

— Беларускі народ мае сваю плеяду нацыянальных дзеячаў, адданых інтарэсам сваёй радзімы: геніяў, якім яшчэ ў старажытнасці далі трапнае найменне — прарокі. Сярод іх народны паэт Беларусі Янка Купала, 130-годдзе якога адзначаецца не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Творчая спадчына Песняра — прыклад адданасці і непахіснай веры ў будучыню свайго народа, у росквіт беларускай дзяржавы. Таму юбілей Купалы адзначаецца так, як і павінен ушаноўвацца Пясняр беларускай зямлі, чалавек, які ўнёс не толькі незвычайна важны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Але гэта і чалавек, які спрыяў і сёння спрыяе фарміраванню, узвышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Я думаю, што, дзякуючы юбілейным мерапрыемствам, у нас гэтыя пачуцці будуць абуджацца.

Кожны, хто хоча прычыніцца да святкавання, можа гэта зрабіць. 5 ліпеня адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Купалы ў Мінску. 7 ліпеня ў Вязынцы адбудзецца вялікае літаратурнае свята. Можна прыехаць у прыгожы куточак і далучыцца да паэтычнай спадчыны Купалы і адчуць дух, водар беларускай зямлі, на якой нарадзіўся і выхаваўся наш слынны паэт.

tut.by