«Беларусь у фокусе: Вачыма міжнародных журналістаў» прэзентавалі ў Мінску

Выданне з'яўляецца вынікам міжнароднага конкурсу журналістаў, які праводзіла Інфармацыйнае бюро Салідарнасці з Беларуссю ў 2011 годзе.

Выданне з'яўляецца вынікам міжнароднага конкурсу журналістаў, які праводзіла Інфармацыйнае бюро Салідарнасці з Беларуссю ў 2011 годзе. Мэтай конкурсу было пашырэнне вядомасці пра падзеі Беларусі ў Еўропе. У кнізе прадстаўленыя 14 артыкулаў журналістаў з 8 краін свету. Сярод краін-удзельніц Вялікабрытанія, ЗША, Латвія, Нямеччына, Славенія і іншыя. Творы пераможцаў конкурсу ў выданні прадстаўленыя як на беларускай, так і ангельскай мовах. Абірала найлепшыя творы прафесійнае журы, у склад якога апроч іншых увайшоў галоўны рэдактар газеты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

– Першае, што мусім адзначыць, – гэта тое, што Беларусь увогуле ўвайшла ў сусветны дыскурс. Думаю, што гадоў яшчэ 25 таму публікацыі, артыкулы пра Беларусь былі вялікай рэдкасцю, – заўважае ён. –  Цяпер артыкулы пра Беларусь сталі частымі, Беларусь увайшла ў свет, натуральнае і з’яўленне такіх конкурсаў, – цешыцца Андрэй Дынько.

Кніга «Беларусь у фокусе: Вачыма міжнародных журналістаў», па словах арганізатараў конкурсу, у асноўным адлюстроўвае тэматыку прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў Беларусі. Падобныя конкурсы будуць ладзіцца надалей і арганізатары выказваюць спадзяванні паказаць еўрапейцам Беларусь і з іншых бакоў, закрануўшы не толькі палітычныя тэмы. Прэзентацыю кнігі ў Мінску наведалі арганізатары конкурсу, прадстаўнікі інфармацыйнага бюро Салідарнасці з Беларуссю ў Польшчы, а таксама славенская журналістка Полёна Фрэліх, якая з’яўляецца адной з пераможцаў конкурсу. Паўдзельнічалі ў прэзентацыі выдання і прадстаўнікі беларускіх СМІ.

racyja.eu