Рэкламуешся па-беларуску — трапляеш у трэнд

55,6% беларусаў — за большую колькасць беларускамоўнай рэкламы

55,6% беларусаў — за большую колькасць беларускамоўнай рэкламы

Большасць насельніцтва Беларусі пазітыўна ставіцца да беларускамоўнай рэкламы. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” у супрацоўніцтве з даследчым цэнтрам “Новак” у сакавіку 2012 года.

Пры гэтым толькі 10,9% рэспандэнтаў адназначна негатыўна ўспрымаюць беларускамоўную рэкламу.

Прычым, як лічаць людзі, мова бізнэс-камунікацый не павінная быць мовай камунікацый прадуктаў з людзьмі. Так, за пашырэнне ўжытку беларускай мовы ў бізнэсе станоўча выказаліся толькі 33%. Як бачна, гэты адсотак істотна адрозніваецца ад колькасці прыхільнікаў беларускамоўнай рэкламнай камунікацыі.

“Параўнанне вынікаў апытання 2009 года і сёлетняга сведчыць пра тое,   што беларуская мова ў рэкламе робіцца трэндам. Тады за беларускую мову ў рэкламе выказаліся толькі 37% апытаных, цяпер — болей за 50. Гэта сведчыць пра тое, што беларуская мова ў рэкламе прайшла этап, калі яна ўспрымаецца проста як “фішка”, як нешта незвычайнае і таму цікавае. Цяпер гэта паўнавартасны сродак камунікацыі. Паглядзіце хаця б на шорт-лісты працаў Фестывалю AD.NAK! — гэта моцныя рэкламныя працы. Але ўпэўненая, што сапраўдныя шэдэўры ў беларускамоўнай рэкламе яшчэ наперадзе”, — лічыць  каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская.

Як выявілася падчас даследавання, рэкламная сфера ўспрымаецца насельніцтвам найлепш прыстасаванай для выкарыстання беларускай мовы. Больш за беларусізацыю рэкламы людзі вітаюць толькі аздабленне гарадоў і вітрынаў з выкарыстаннем беларускай мовы, што таксама можна аднесці да рэкламнай камунікацыі. Станоўча да такой ініцыятывы паставіліся 64% апытаных.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” стараецца пастаянна нагадваць, што беларуская мова — гэта эфектыўны інструмент камунікацыі са спажыўцамі. Штогод праходзіць Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, які дэманструе найлепшыя прыклады рэкламы на беларускай мове і прыцягвае да ідэі беларусізацыі рэкламы новых прыхільнікаў.