Ганна Трубачова: “Я хачу, каб у нас у краіне з’явіліся знакамітасці!”

Актуальная беларуская культура знаходзіцца нават не на правах альтэрнатыўнай або забароненай: афіцыйная Беларусь яе проста ігнаруе. У той час як у краінах-суседках пералічваюць беларускіх «зорак» музыкі, у нас большасць не чула гэтых імёнаў. Ганна Трубачова, журналіст і аўтар праекту “Захапленні”, расказала, навошта Беларусі патрэбныя знакамітасці.

Актуальная беларуская культура знаходзіцца нават не на правах альтэрнатыўнай або забароненай: афіцыйная Беларусь яе проста ігнаруе. У той час як у краінах-суседках пералічваюць беларускіх «зорак» музыкі, у нас большасць не чула гэтых імёнаў.

Ганна Трубачова, журналіст і аўтар праекту “Захапленні”, расказала сайту “Будзьма беларусамі!” пра тое, навошта Беларусі патрэбныя знакамітасці.

«Культурная шызафрэнія. Раздваенне. Мінск і Менск. Беларусь і Міларусь. Два асобныя сусветы. Адзін – у тэлевізары: вось – мы, вось – нашыя інтарэсы, вось – нашае жыццё. Эстрадныя песні пад фанаграму, выстава слуцкіх паясоў, чыстыя вуліцы – гэта нашае культурнае жыццё. І многія ўпэўненыя, што гэта так. Асабліва ў абласцях, дзе асноўнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца афіцыйныя СМІ.

І ёсць іншы свет – у інтэрнеце. Адкуль дазнаешся, што амаль штовечар адбываецца цікавы канцэрт, што толькі за апошні год беларускія «неафіцыйныя» музыкі запісалі і выпусцілі каля ста дыскаў з музыкай самых розных напрамкаў, што нашыя акторы даюць спектаклі ў Нью-Ёрку і па ўсёй Еўропе, а нашыя мастакі лепш прадаюцца там, чым тут. Імёны беларускіх музыкаў, фатографаў, актораў, мастакоў, спартоўцаў, пісьменнікаў больш вядомыя за межамі Беларусі, чым на радзіме. За межамі краіны і яе афіцыйнай культуры.

Ёсць інтэрнэт. І ёсць горад, дзе ў нешматлікіх клубах жыве актуальная музыка, запатрабаваная многімі. Горад Мінск, паўтары галерэі якога адкрываюць выставы сучаснага мастацтва. Ёсць людзі гэтага горада, яркія, стылёва апранутыя, якія думаюць, шукаюць… Усё гэта не пабачыш у тэлевізары.

Знаёмым з жыццём незалежнай культуры цяпер немагчыма ўявіць сітуацыю, у якой беларуская музыка прадстаўленая толькі эстрадай. Тыя ж, хто атрымлівае інфармацыю з афіцыйных крыніц, бачаць «Беларусь музычную» менавіта такой, эстраднай: у ёй няма ані року, ані панку, ні ска, ні рэгі, у ёй няма металу, хіп-хопу, фольку і нават джазу. Не дзіўна, бо ні «Ляпіс Трубяцкой», ні «Серебряная свадьба», ні «Крамбамбуля», ні “Drum Ecstasy”, ні дзясяткі іншых гуртоў не ўваходзяць у спіс тых, каму дазволена прадстаўляць сучасную беларускую культуру, у лік тых, чые песні бяруць на радыё.

Цікава, якога поспеху і папулярнасці дасягнулі б беларускія музыкі, мастакі і пісьменнікі, калі б у іх была магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну… Калі б у кожнай вёсцы па радыё загучалі песні, даступныя пакуль толькі прасунутым гараджанам. Каб па тэлевізары круцілі кліпы, якія можна ўбачыць толькі ў інтэрнэце. Што было б? І як змянілася б наша жыццё?

У Беларусі існуюць дзве культуры. Яны ніяк не звязаныя паміж сабой, у іх розныя правы і магчымасці. Вельмі хацелася б бачыць узаемадзеянне гэтых культур, яны павінныя быць раўнапраўна прадстаўленыя, каб людзі самі змаглі выбіраць, якую музыку ім слухаць. Нармальная канкурэнцыя сярод музыкаў таксама змагла б задаць новы ўзровень якасці беларускай музыкі.

Таму сумесна з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» мы прыдумалі праект «Захапленні», закліканы аб’яднаць раз’яднаную беларускую культуру, пазнаёміць беларусаў з той яе часткай, якая з розных прычынаў не прызнаецца афіцыйнай Беларуссю.

У рамках праекту таксама выйдуць 12 інтэрв’ю з людзьмі, якія маюць непасрэднае дачыненне да культуры Беларусі (музыкі, мастакі, акторы, крытыкі, прадусары, арганізатары канцэртаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры). У гэтых інтэрв’ю мы абмяркуем праблемы нераўназначнасці беларускіх культур, паспрабуем знайсці спосабы вырашэння гэтых праблем.

Мне хочацца, каб у нас у краіне з’явіліся знакамітасці! «Зоркі» музыкі, кіно, тэатра, літаратуры, спорту, мастацтва. Каб людзі цікавіліся іх творчасцю, ведалі іх імёны, ганарыліся імі – яны таго вартыя!

фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч

Кожны панядзелак і чацвер – новая серыя праекту “Захапленні”. Кожную сераду – інтэрв’ю ў рамках праекту аб праблемах беларускага «двукультурья».

budzma.org