Беларусь і Азербайджан плануюць правесці абменныя Дні культуры

Беларусь і Азербайджан плануюць праводзіць абменныя Дні культуры. Гаворка пра гэта ішла 10 студзеня на сустрэчы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіяра Вагабзадзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Мінкультуры Ганна Смольская.

"Суразмоўцы выказалі ўзаемную зацікаўленасць у правядзенні ў бліжэйшай перспектыве Дзён культуры Азербайджана ў Беларусі і Беларусі ў Азербайджане", - адзначыла Ганна Смольская.

Сучасная гісторыя двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана бярэ пачатак у 1993 годзе, калі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Сёння краіны ўзаемадзейнічаюць у сферы эканомікі, спорту, навукі, экалогіі, прыродаахоўнай дзейнасці, культуры.

БЕЛТА