Аўтографы Янкі Купалы

12 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё юбілейнага Купалаўскага года, у рамках якога адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага выдання – каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”.

У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, якія сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця свайго народа, але і акрэсліваюць яго нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню. Яны прыносяць славу і пашану свайму народу і з цягам часу становяцца яго сімваламі. Найважнейшым для беларусаў стала імя Янкі Купалы.

У 2012 годзе адзначаецца 130-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры. Распачынаюцца юбілейныя мерапрыемствы прэзентацыяй каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”.

Калекцыя рукапісаў Песняра прадстаўляе сабой унікальны ўзор творчай лабараторыі вялікага паэта і адносіцца да разраду ўнікальных культурных каштоўнасцей. Сярод іх ёсць сапраўдныя рарытэты: рукапісны зборнік “Шляхам жыцця” (раней захоўваўся ў Беларускім музеі ў Вільні), аўтографы паэм “Сон на кургане”, “Бандароўна”, камедыі “Паўлінка”, ранніх вершаў паэта на беларускай і польскай мовах, асабістыя лісты і запісы.

Прэзентацыя каталога – першае з цэлага шэрагу знакавых мерапрыемстваў, якімі будзе пазначаны юбілейны год Песняра. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця возьмуць удзел Міністр культуры Павел Латушка, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, старшыня Міжнароднага фонда Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша, пісьменнікі, навукоўцы, музейныя супрацоўнікі.

Народная Воля