Рукапісы не гараць. Да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Станкевіча

6 студзеня 2012 года (24 снежня 2011 г. паводле старога стылю) спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Адама Вінцэтавіча Станкевіча (1892–1949) – беларускага гісторыка, публіцыста, кнігавыдаўца, асветніка, вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, каталіцкага святара.
6 студзеня 2012 года (24 снежня 2011 г. паводле старога стылю) спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Адама Вінцэтавіча Станкевіча (1892–1949) – беларускага гісторыка, публіцыста, кнігавыдаўца, асветніка, вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, каталіцкага святара.

Адам Станкевіч нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павета, Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. Хлопчык вельмі рана навучыўся грамаце, і бацькі, заўважыўшы яго цягу да вучобы, аддалі яго ў царкоўна-прыходскую школу ў в. Баруны, але праз год перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Ашмянах, а ў 1910 годзе паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, дзе арганізаваў беларускі гурток, у якім разам з сябрамі-аднадумцамі абмяркоўваў пытанні, звязанныя з беларускім нацыянальным адраджэннем. З 1914 па 1918 год А. Станкевіч працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, куды быў рэкамендаваны як выдатны вучань. У Пецярбургу ён далучыўся да прагрэсіўнай беларускай моладзі з ліку студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта і беларускага гуртка пры духоўнай акадэміі, пазнаёміўся са многімі дзеячамі, што стаялі ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху. Напрыканцы 1914 года А. Станкевіч быў пасвячоны ў ксяндзы, а на новы 1915 год у Крэўскім касцёле адправіў сваю першую імшу. Па заканчэнні акадэміі А. Станкевіч, атрымаўшы ступень кандыдата кананічнага права, пачаў сваю пастырскую дзейнасць: спачатку на Дзісеншчыне, а з 1919 года ў Віленскім касцёле св. Мікалая. Ён адзін з першых беларускіх ксяндзоў пачаў ужываць у набажэнствах родную мову. Але А. Станкевіч быў не толькі беларускім каталіцкім святаром. Ён выдатна спалучаў сваё духоўнае прызначэнне з актыўнай грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай працай, што ў яго разуменні складала непарыўнае цэлае. Яшчэ ў 1917 годзе, калі была заснавана Беларуская хрысціянская дэмакратычная злучанасць (БХД), ён актыўна ўключыўся ў яе дзейнасць, спачатку як сябра, а потым і як адзін з яе кіраўнікоў. У 1922 годзе на выбарах у Польскі сейм сярод тых, хто атрымаў пасольскі мандат быў і Адам Станкевіч. У якасці пасла ад БХД у сейме беларускі ксёндз на працягу некалькіх гадоў (да 1928 года) шчыра адстойваў інтарэсы і правы свайго народа. Палітычную дзейнасць кс. Адам арганічна спалучаў з грамадскай, асветніцкай і дабрачыннай працай. Так, Станкевіч быў адным з ініцыятараў стварэння Віленскай беларускай гімназіі, у якой з 1919 па 1933 год выкладаў рэлігію і лацінскую мову. З 1924 па 1926 год А. Станкевіч з’яўляўся старшынёй Таварыства беларускай школы, адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926–1936), асноўны напрамак дзейнасці якога быў звязаны з арганізацыяй сярод беларускага насельніцтва культурна-асветніцкай і гаспадарчай працы. Па-за увагай айца Адама не заставаліся тыя, каму асабліва былі патрэбны дапамога і падтрымка. Ён узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, клапаціўся пра дзетак з сіроцкіх прытулкаў.У 1920-я гады плённай была дзейнасць кс. Адама як рэдактара і выдаўца. Пры яго непасрэдным удзеле была заснавана друкарня імя Ф. Скарыны (1926–1940), якая адыграла важную ролю ў беларускім адраджэнскім руху, “Беларускае каталіцкае выдавецтва”. Ён рэдагаваў і выдаваў часопіс “Хрысціянская думка” (1928–1939), працягваў супрацоўніцтва з газетай “Крыніца”, бяззменным рэдактарам і выдаўцом якой быў з 1919 па 1922 год, супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Сялянская ніва”. Адам Станкевіч вядомы як аўтар шматлікіх публікацый. І хаця яго першыя літаратурныя спробы з’явіліся у перыядычным друку яшчэ ў 1913 годзе, першая грунтоўная праца – кніга “Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі (1525 – 1925)” выйшла ў свет у 1925 годзе. Гісторыі беларускага народа прысвечаны яго працы “Вітаўт Вялікі і беларусы” (1930), “Кастусь Каліноўскі: “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі” (1933). Пытанням ўжывання роднай мовы ў рэлігійным жыцці і ў беларускіх школах у мінуўшчыне – працы “Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.” (1928) і “Родная мова ў святынях” (1929). Гісторыю хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі аўтар прааналізаваў у грунтоўных даследаваннях “Беларускі хрысціянскі рух” (1939) і “Хрысціянства і беларускі народ” (1940). Яго пяру належаць нарысы “Францішак Багушэвіч: яго жыццё і творчасць. У 30-я ўгодкі смерці (1900 – 1930)” (1930), “Казімір Сваяк: нарыс аб ягонай ідэалогіі” (1931), “Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы” (1935), “З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка: У дзесятыя ўгодкі яго смерці (1926 – 1936)” (1936), “Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня” (1938) і іншыя. У 1938 годзе А.Станкевіч быў высланы на 5 годоў польскімі ўладамі ў Слонім. Восенню 1939 года вярнуўся ў Вільню, працаваў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі, выкладаў там рэлігію і гісторыю. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве ўзначаліў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты “Крыніца”. У 1940 годзе беларуская культурная грамадскасць шырока адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Гэтай падзеі былі прысвечаны шматлікія публікацыі ў заходнебеларускім друку (напрыклад, асобны юбілейны нумар газеты “Крыніца”), а таксама і ў польскіх і літоўскіх перыядычных выданнях. У час Вялікай Айчыннай вайны, як і мае быць святару, ён праводзіў набажэнствы ў касцёле, бласлаўляў маладых, хрысціў немаўлят і, як мог, падтрымліваў сваіх суайчыннікаў у нялёгкіх для іх выпрабаваннях, што прынесла фашысцкая акупацыя. Разам з супрацоўнікамі Беларускага музея імя І. Луцкевіча ратаваў найбольш каштоўныя музейныя экспанаты. У снежні 1944 года А.Станкевіч быў арыштаваны органами НКУС, але неўзабаве адпушчаны. У гэты час, прадчуваючы новы арышт, ён складае так званае завяшчанне пад назвай “Моя апошняя воля”. Нават у такіх не спрыяльных умовах ён не спыняе літаратурнай дзейнасці – распачынае сваю апошнюю грунтоўную працу “Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)”, якую, на жаль, так і не паспеў завершыць. У красавіку 1949 года новы арышт Адама Станкевіча прынёс для яго спачатку зняволенне, якое ён адбываў на Лукішках, а 31.08.1949 года і прысуд Асобай нарады пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР – 25 гадоў пазбаўлення волі з высылкай за межы Беларусі ў “Азерлаг” Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці. Там, у снежні таго ж 1949 года, беларускі святар, асветнік, грамадска-палітычны дзеяч Адам Станкевіч, ці як яго часцей называлі, айцец Адам, скончыў свой зямны шлях. На радзіме, на магіле Антаніны Станкевіч – маці Адама Станкевіча – ўдзячныя беларусы паставілі скромны помнік свайму пастыру-заступніку са словамі: “…Вечная яму чэсць і слава…”. Рукапісны архіў Адама Вінцэтавіча Станкевіча захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі у асабістым фондзе пад нумарам 4 і складаецца з 125 адзінак захавання. Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марыя Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі.

Аляксей Вайткун, TUT.BY