Падпіска на 25-томнік Караткевіча падоўжана да канца лютага

Падпіска на 25-томнае выданне творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча будзе падоўжана да канца лютага 2012 года. Аб гэтым журналісту "Звязды" паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп.

Падпіска на 25-томнае выданне творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча будзе падоўжана да канца лютага 2012 года. Аб гэтым журналісту "Звязды" паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар ШНІП:

— Першапачаткова было абвешчана, што падпісацца на 25-томнік твораў класіка беларускай літаратуры ўсе ахвотныя могуць да 1 снежня 2011 года. Цяпер у нас налічваецца ўжо каля тысячы заявак ад бібліятэк і асобных грамадзян, якія пажадалі стаць уладальнікамі самага поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Аднак паколькі першы том паступіць у друкарню толькі ў сакавіку, мы вырашылі падоўжыць падпіску да канца лютага. Нагадаю, што па ўмовах падпіскі трэба ўнесці грошы за першы і апошні том і накіраваць у выдавецтва ліст з паведамленнем аб аплаце.

— А які тыраж будзе ў першага тома і ці можна будзе знайсці яго ў свабодным продажы?

— Мы плануем выпусціць першы том тыражом 2 тысячы асобнікаў. Пэўная колькасць кніг трапіць у кнігарні, але ўсё будзе залежыць ад колькасці падпісчыкаў. Магчыма, гэта будзе сотня асобнікаў...Часам атрымліваецца так, што выйшла кніга, яе хуценька раскупілі, і да нас у выдавецтва пачынаюць тэлефанаваць патэнцыяльныя чытачы, цікавяцца, як і дзе можна знайсці і набыць гэтую кнігу. А мы нічым дапамагчы ім не можам. У гэтым выпадку рэклама ідзе следам за выхадам кнігі, а не наадварот. Таму падпіска — больш надзейны спосаб займець зборнік твораў Уладзіміра Караткевіча. Увогуле, падпіска — старая добрая традыцыя, пра якую мы, як я лічу, незаслужана забыліся, а цяпер паспрабуем яе аднавіць. Падпіска зручная як для чытачоў, якія атрымліваюць стапрацэнтную гарантыю, што яны папоўняць сваю бібліятэку ўнікальнымі выданнямі, так і для выдаўцоў, у якіх будуць канкрэтныя арыенціры. Калі такая форма рэалізацыі, як падпіска на мастацкую літаратуру, знойдзе падтрымку сярод чытачоў, то за выданнем збору твораў Уладзіміра Караткевіча будзе абвешчана падпіска і на творы іншых беларускіх пісьменнікаў. Чытач атрымае магчымасць і надалей выбіраць творы вартых увагі аўтараў.

— Аднак ёсць людзі, якія сумняваюцца, што ўсе 25 тамоў выйдуць у свет... Цалкам збор твораў павінен выйсці да 90-годдзя пісьменніка. Але да 2020 года шмат вады ўцячэ, і невядома, ці будуць па кішэні падпісчыкам наступныя тамы збору...

— Безумоўна, праект доўгатэрміновы. Мы таксама неаднойчы чулі: "Маўляў, да 2020 года трэба яшчэ дажыць..." (<І>смяецца — ад аўт. ). Жывіце доўга і набывайце поўны збор твораў Караткевіча для сваіх дзяцей і ўнукаў, бо новага выдання 25-томніка прыйдзецца чакаць вельмі доўга. А ў таго, хто ўжо мае ў сваёй хатняй бібліятэцы васьмітомнік твораў Караткевіча, выдадзены яшчэ два дзесяцігоддзі таму, будзе магчымасць параўнаць папярэдняе выданне з апошнім. У выніку нанова праведзенай навуковай работы, збору і вывучэння разнастайнага матэрыялу, франтальнай зверкі ўсіх вядомых на гэты час рукапісных і друкаваных крыніц тэксту, 25-томны збор твораў будзе значна папоўнены творамі, што засталіся неапублікаванымі ці друкаваліся ў зборніках і тагачаснай перыёдыцы. Асабліва павялічыцца корпус выдання за кошт перакладаў пісьменніка, яго тэле- і радыёвыступленняў, эпісталярнай спадчыны, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў, лібрэта, дзённікаў, урыўкаў з запісных кніжак, дарчых надпісаў, варыянтаў і розначытанняў, больш разгорнутага і змястоўнага каментарыя. Не ўсе ведаюць, напрыклад, што Уладзімір Сямёнавіч цудоўна маляваў. Яго малюнкі, шаржы, аўтапартрэты таксама будуць змешчаны ў адным з тамоў новага збору твораў. Адметнасцю гэтага выдання будзе і тое, што да яго будуць прыкладзены кампакт-дыскі, куды будуць уключаны вершы і песні Уладзіміра Караткевіча ў яго выкананні, яго выступленні на радыё, а таксама аўдыядыск з яго выступленнямі на тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў. У заключны том будуць уключаны бібліяграфія крытычных і літаратуразнаўчых работ, прысвечаных яго асобе і творчасці, летапіс яго жыцця і творчасці. Да таго ж на асобным дыску будзе змяшчацца электронная бібліятэка твораў Уладзіміра Караткевіча.

Галоўны кіраўнік праекта, яго ініцыятар і ідэйны натхняльнік — дацэнт кафедры беларускай мовы і культуры філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Анатоль Верабей (на фота). Ён мае распрацаваную канцэпцыю падпіснога выдання. На 2012 года запланаваны выхад двух тамоў — першага і другога. У наступныя гады будуць выходзіць па 3-4 тамы штогод. У кожным новым томе, які выйдзе ў свет, будуць пазначаны ўмовы і кошт падпіскі на наступныя тамы, і, галоўнае, іх змест. Калі для кагосьці не ўяўляюць цікавасці, напрыклад, тамы з ліставаннем, выступленнямі і артыкуламі Уладзіміра Караткевіча, то выдавецтва не можа нікога абавязаць выдаткоўваць грошы на іх набыццё. Магчыма, тыраж такіх тамоў будзе крыху меншы, чым тыраж тамоў паэзіі, прозы і драматургіі. Але мы спадзяёмся, што пасля выхаду першых тамоў, наадварот, цікавасць з боку чытачоў да поўнага збору твораў беларускага літаратурнага класіка ўзрасце.

— Віктар Анатольевіч, а ці не збіраецеся вы перагледзець абвешчаны раней кошт падпіскі на першы і апошні том твораў Караткевіча з улікам новых эканамічных рэалій?

— Гэтыя тамы будуць друкавацца з дзяржаўнай падтрымкай. Дзякуючы дзяржаўным датацыям кнігі абыходзяцца падпісчыкам таннейшымі ад 20 да 50 працэнтаў. Вельмі спадзяёмся на дзяржаўную падтрымку выдавецкага праекта і далей. Упэўнены, што выданне 25-томніка да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча стане лепшым падарункам для ўсіх нас, а для класіка — літаратурным помнікам.

Надзея НІКАЛАЕВА

 

Па ўмовах падпіскі трэба:

Унесці аплату за першы і апошні тамы ў паштовым аддзяленні.

Кошт першага тома — 46 800 рублёў

апошняга (25-га) — 58 400 рублёў.

Тэрмін аплаты — да 1 сакавіка 2012 года.

Накіраваць у выдавецтва ліст з паведамленнем аб аплаце.

Інфармацыя аб выхадзе наступнага тома, кошце і тэрмінах аплаты будзе змешчана ў выдадзеным томе.

Пералік грошай па наступных рэквізітах.

УП "Мастацкая літаратура" 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11

р/р 3012001483810 аддзяленне № 538 у г.Мінску

ААТ "Белінвестбанк", БІК 153001739

УНП 100055406 ОКПО 02477775,

"Падпіска на творы Караткевіча"

Даведкі па тэлефонах: 203 83 63, 226 66 16.

 

Звязда