Барыс Пятровіч абраны старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў

У суботу на XVI справаздачна-выбарчым з’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” былы старшыня арганізацыі Алесь Пашкевіч склаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынёй быў абраны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

Самымі вострымі момантамі з’езду сталі выключэнне з саюза В. Якавенкі за неэтычныя паводзіны, а таксама галасаванне за ўнясенне ў тэкст заявы з’езду патрабавання ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Адкрыў з’езд вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзь Бураўкін.

У зале прысутнічалі Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Юры Станкевіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Някляеў, Анатоль Вярцінскі, Мікола Аўрамчык, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Шалкевіч, нядаўна прыняты ў саюз Аляксандр Фядута, а таксама амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан і іншыя. Усяго на момант адкрыцця мерапрыемства рэгістрацыю прайшлі 209 сябраў арганізацыі (такім чынам кворум быў сабраны) і некалькі дзясяткаў гасцей.

У сваёй справаздачнай прамове старшыня Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, які кіраваў арганізацыяй 9 гадоў, абвясціў пра тое, што складае паўнамоцтвы. Аднак выбары старшыні былі адкладзеныя на самы канец з’езду. Пасля прамовы сп. Пашкевіча з’езд разгледзеў пытанне, якое паставіў перад ім Васіль Якавенка.

Васіль Якавенка, былы старшыня рэвізійнай камісіі Саюза пісьменнікаў, быў выключаны з арганізацыі рашэннем Рады грамадскага аб’яднання за неэтычныя паводзіны і неаднаразовыя паклёпніцкія выступленні ў дзяржаўным друку, якія абражалі асобных сябраў саюза. Аднак сп. Якавенка не пагадзіўся з такою ацэнкаю сваіх паводзінаў, падаў апеляцыю ў Міністэрства юстыцыі і прасіў З’езд аднавіць яго ў саюзе. Пісьменнікі большасцю галасоў пакінулі рашэнне Рады без зменаў, і Васіль Якавенка ў грамадскай арганізацыі адноўлены не быў.

Прысутныя на з’ездзе пісьменнікі і іх госці выслухалі каля дзясятка выступаў, якія ў асноўным датычылі стану беларускай літаратуры і мовы. Лявон Баршчэўскі эмацыйна параўнаў сітуацыю з вайной, а сябраў Саюза пісьменнікаў — з партызанскім атрадам.

Выбары старшыні прайшлі безальтэрнатыўна. Хаця прысутныя на з’ездзе пісьменнікі вылучалі іншых кандыдатаў, усе яны бралі самаадводы, напрыклад, У. Някляеў пракаментаваў сваю адмову балатавацца вельмі лапідарна. “Дзякую, ужо быў!” – сказаў ён. На таемным галасаванні за Барыса Пятровіча было аддадзена 184 галасы дэлегатаў з’езду.

З’езд прыняў рэзалюцыю і некалькі заяваў, якія будуць неўзабаве апублікаваныя. Акрамя іншага з ініцыятывы У. Някляева пісьменнікі прапануюць надаць Нацыянальнай бібліятэцы імя Васіля Быкава. Хутка мы даведаемся, што адкажа на гэта Міністэрства культуры і асабіста сп. Чаргінец, якому будзе накіраваная копія прапановы.

Сур’ёзную дыскусію выклікала сярод пісьменнікаў прапанова Анатоля Сідарэвіча ўнесці ў тэкст адной з заяваў з’езду патрабаванне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Насуперак інфармацыі, што тыражавалася ў блогах, пісьменнікі амаль адзінагалосна (пры трох галасах супраць) падтрымалі ўвядзенне мараторыя, і адпаведныя словы ў заяву ўвайшлі.

budzma.org