Восьмы нумар інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”: пра беларускую літаратуру ва ўсіх яе праявах

Выйшаў восьмы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. Ён носіць назву “Аўтапартрэт з люстэркамі” і прысвечаны беларускай літаратуры ва ўсіх яе разнастайных праявах.

Выйшаў восьмы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. Ён носіць назву “Аўтапартрэт з люстэркамі” і прысвечаны беларускай літаратуры ва ўсіх яе разнастайных праявах.

Аўтары выдання вырашылі як мага шырэй паглядзець на Беларусь, адлюстраваную ў творчасці беларускіх пісьменнікаў, пісьменнікаў беларускага паходжання, чыя творчасць зрабілася здабыткам іншых культураў, змясцілі пераклады айчынных аўтараў, што не пісалі і не пішуць па-беларуску, і надрукавалі замежныя пераклады беларускамоўных творцаў.

Упершыню ў “ПрайдзіСвеце” з’явілася арыгінальная творчасць: архіў нумароў часопіса “Узвышша” і беларуская паэзія паралельна з замежнымі перакладамі, аўтапераклады.

У гэтым нумары стваральнікі вырашылі адысці ад традыцыйнага падзелу на раздзелы. Тэксты, незалежна ад жанру, у якім пажадалі выказацца іх аўтары, разбітыя на раздзелы згодна з тэматычным прынцыпам.

Першая частка часопіса, “Аўтапартрэт”, прысвечаная творам і перакладам шматмоўнай беларускай літаратуры на беларускую. “Збеглыя вобразы” – гэта пісьменнікі, якіх мы традыцыйна лічым замежнымі, не забываючы іх беларускага паходжання, “Дзірка ў палатне” – даследаванне мастацкіх магчымасцяў трасянкі, “Эклектычная калекцыя” – беларускія пісьменнікі, якія пісалі і працягваюць пісаць на розных мовах, “Памежныя кантрасты” – артыкулы пра падляшскую і палескую гаворкі, “Сармацкі профіль” – творы шматмоўнай беларускай літаратуры XVI–XVIII стагоддзя, “Рамантычны эскіз” – ХІХ стагоддзе, “Габрэйскі фон” – творы ідышамоўнай літаратуры Беларусі і пра Беларусь, “Усходняя вязь” – колькі словаў пра спадчыну беларускіх татараў.

Другая частка нумару – “Люстэркі” – змяшчае пераклады з беларускай на іншыя мовы: ангельскую, нямецкую, рускую, польскую, шведскую, чэшскую, літоўскую, грузінскую, і іншыя.

Сярод цікавостак нумару – майстар-клас з вядомым польскім перакладчыкам Адамам Паморскім, інтэрв’ю з амбасадарам Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам, пераклад класічнай сатыры “Прамова Мялешкі” на трасянку, арыгінальныя вершы беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт, інтэрв’ю з аўтарам праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” Аляксеем Жбанавым (разам з запісамі песняў, выкананых у арыгіналах і перакладах з польскай і ідыш), новыя пераклады на рускую мову паэзіі Уладзіміра Караткевіча і многае іншае.

Наступны, дзявяты, нумар часопіса будзе прысвечаны дэтэктыўнай літаратуры.

Рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет”