Міхал Анемпадыстаў патлумачыў, чаму беларусы бульбашы

Мастак, паэт і дызайнер Міхал Анемпадыстаў вырашыў разабрацца, чаму беларусаў калісьці дражнілі бацвіняжамі, потым звалі бурачкамі, а пасля — бульбашамі. Караняплодам, што растуць на тэрыторыі Беларусі, і прысвечаная ягоная выстава UNDER GROUND, што адкрылася 14 кастрычніка ў Мінску.

У пятніцу ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў было тлумна. Тут адкрывалася выстава Міхала Анемпадыстава, паэта, мастака, ідэолага “Народнага альбома”. Калегі, сябры ды прыхільнікі Міхала прыйшлі, каб зірнуць на яго творчы праект UNDER GROUND. Назва трохі падманвала — выстава прысвечаная зусім не культурнаму падполлю, з якім часцей звязваюць гэтае слова. На сценах былі развешаныя выявы караняплодаў. Такім чынам Анемпадыстаў вырашыў дакапацца да каранёў беларусаў, якіх калісьці ў Сярэднявеччы дражнілі бацвіняжамі, бо яны любілі стравы з бацвіння, у пазамінулым стагоддзі — бурачкамі, а ў нашыя часы — бульбашамі.

Адкрыў выставу кіраўнік Саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, які без асаблівага афіцыёзу, весела і нязмушана выказаў радасць з той нагоды, што Міхал зрабіў такі цікавы праект. Прычым зрабіў без яго ўдзелу. Сам Міхал адпарыраваў: “Дзякуй і вам, Зміцер, за тое, што не перашкаджалі”. Сп. Сурскі вырашыў зрабіць аўтару выставы падарунак ад сябе ды дастаў вялікую тарку, каб бульбу драць было зручней.

Сам Міхал называе плён сваёй двухгадовай працы “класічным прыкладам антрапалагічнага дызайну”, бо тут мае сэнс не толькі візуальны шэраг, але і смак, пах, колер. “Гэта частка нашай гісторыі, а не толькі тое, што мы ямо”, — тлумачыў прысутным мастак, паказваючы на свае працы, дзе ў якасці “мадэляў” выступілі бульбіны ды бурачкі, морква і рэдзька, хрэн і тапінамбур… Гісторыя некаторых караняплодаў налічвае 4 тысячы гадоў і болей. Мастак намагаўся зняць усё, што расце на тэрыторыі Беларусі, але шчыра прызнаўся, што да некаторых не дабраўся: да аеру, бручкі, цыкорыя…

Наогул жа задума зрабіць такі праект да Анемпадыстава прыйшла пасля таго, як ён пачаў рыхтаваць матэрыял для відэароліка кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Тады ён усур’ёз заглыбіўся ў пытанне і задумаў серыю фотаздымкаў караняплодаў. Па выніку здымкаў аказалася настолькі шмат, што было вырашана абраць найлепшыя ды зладзіць асобную выставу з гэтай нагоды.

Міхал Анемпадыстаў расказаў у гэты вечар і сваю версію адносна таго, чаму беларусаў цяпер дражняць бульбашамі. “Гэта не таму, што мы спажываем шмат бульбы, хоць і сапраўды па гэтым паказніку мы лідары і ў два разы апярэджваем бельгійцаў”. Міхал расказаў, што тая мянушка спачатку ўжывалася толькі ў вайсковым асяроддзі. А паходжанне яе такое. “Бульбашамі” першапачаткова звалі байцоў Украінскай паўстанцкай арміі, што дзейнічала ў часы Другой сусветнай на тэрыторыі Беларусі. На чале яе стаяў украінскі нацыяналіст з Жытоміршчыны Васіль Баравец, якога звалі “бацька Бульба”. Па Іх атрады былі выціснутыя фармаваннямі Сцяпана Бандэры, але частка “бульбашоў” яшчэ хавалася па беларускіх лясах і ў пасляваенны час. З таго часу ў савецкіх войсках беларусаў і сталі зваць “бульбашамі”, у шырокі ўжытак гэтае слова ўвайшло толькі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

Выставу Міхала Анемпадыстава можна паглядзець да 31 кастрычніка. Уваход вольны. “Дзеля такой выставы хочацца здаць унёсак у Саюз дызайнераў”, — выгукнуў адзін з задаволеных наведнікаў “Андэграўнда”.

Мікалай Дубавіцкі, фота А. Ждановіча

budzma.org