Купала і Багдановіч рэкламуюць... бялізну?

Цяпер партрэты класікаў можна пабачыць не толькі ў школьных кабінетах беларускай мовы і літаратуры, але і на вітрынах фірменных крам вядомага беларускага вытворцы жаночай бялізны?

Крама на вуліцы Маскоўскай. Два манекены, апранутыя ў какетлівыя споднія камплекты, стаяць на фоне плаката з Янкам Купалам і яго вершам пра каханне:

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, —

Як і сонца не туліць расквечаных ніў,

Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —

Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...

А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..

У вітрыне побач — Максім Багдановіч, радкі з "Зоркі Венеры" і сімпатычная піжама ў кветачкі. Заходжу, намагаюся даведацца ў пакупнікоў, як ім такая рэклама:

— Ну, бялізну я тут заўжды купляла і купляць буду, а вось пра паэтаў гэтых ведаю толькі тое, што ў школе казалі. Я ўвогуле сама з Расіі, у Беларусь толькі ў 15 год з бацькамі пераехала, — расказвае жанчына гадоў сарака, якая прадставілася Наталляй.

Побач перабіралі вешалкі дзве дзяўчыны — студэнткі. Што прыемна, Карына і Маша падтрымалі размову па-беларуску:

— З аднаго боку, ідэя зрабіць такую рэкламу — гэта вельмі неардынарна. Звычайна да таго, што прызнана класікай, ставяцца як да чагосьці недатыкальнага і бездакорнага. Але часам такое стаўленне можа зрабіць верш ці пісьменніка "закасцянелым" і зусім не цікавым для маладога пакалення. Думаю, Багдановіч і Купала ўсё роўна не пакрыўдзяцца. Але калі з першым аўтарам усё зразумела (назва "Зорка Венера" выклікае асацыяцыю з назвай маркі бялізны), наконт другога яшчэ трэба падумаць. Ды і ідэя, верагодна, падабаецца не ўсім. Усё ж нязвыкла бачыць партрэты класікаў побач са станікамі і начнымі кашулямі.

Каб атрымаць адказ на пытанне, чаму Купала і Багдановіч цяпер рэкламуюць жаночую бялізну, карэспандэнт "Звязды" звярнуўся ў кампанію "Мілавіца". Як патлумачылі там, "ідэйная сутнасць канцэпцыі такога афармлення вітрын у тым, што восень — гэта пара натхнення. Жанчына і яе прыгажосць заўжды былі музай для паэтаў і пісьменнікаў. Натхнёныя аўтары-класікі прысвячаюць свае радкі жанчыне ў вітрынах крам жаночай бялізны".

Прыдумалі канцэпцыю афармлення ў адным з вядучых беларускіх рэкламных агенцтваў. А паколькі крамы вытворца бялізны мае не толькі ў Беларусі, то, напрыклад, ва Украіне ў афармленні вітрын выкарыстоўваюцца цытаты з твораў украінскіх класікаў.

Ганна Гарустовіч, "Звязда"