"Перашкоды" кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!" прэзентуе новы праект – гукавую гульню "Перашкоды і націскі", якая ўяўляе сабой творчае спаборніцта паміж пісьменнікам і музыкай. Чытае свае творы беларускі пісьменнік з Швецыі Дзмітры Плакс, за музыку і перашкоды адказвае лідар гурту  "Drum Exctasy" Філ Чмыр.

Грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!" прэзентуе новы праект – гукавую гульню "Перашкоды і націскі", якая ўяўляе сабой творчае спаборніцта паміж пісьменнікам і музыкай. Чытае свае творы беларускі пісьменнік з Швецыі Дзмітры Плакс, за музыку і перашкоды адказвае лідар гурту  "Drum Exctasy" Філ Чмыр. Стылістычную прыналежнасць працы дагэтуль не змаглі вызначыць ні музычныя крытыкі, ні мастацтвазнаўцы.

У "Перашкодах і націсках" задавальненне з энергастратамі супала ў значнай ступені, – пазначае Дзмітры Плакс, – але гэта збольшага заслуга Філа, як музыкі і Андрэя Жукава, гукарэжысёра. Мая заслуга ў тым, што мне, мяркуючы па выніку, удалося “завесці” іх на творчую працу.

Праект быў упершыню прадстаўлены публіцы падчас Дзён Швецыі ў Беларусі і на сайце кампаніі www.budzma.org . Цяпер жа даведацца, хто стаў пераможцам музычна-літаратурнага спаборніцтва – літаратар Плакс ці музыка Чмыр – і што атрымалася ў выніку, змогуць чытачы часопіса "Дзеяслоў", чацвёрты нумар якога з’явіцца ў продажы ў апошнія дні жніўня.

Асаблівую цеплыню рэалізаванаму праекту дадае, на думку аўтараў ідэі выдання, неабходнасць самастойна выразаць вокладку з адной са старонак часопіса. У час, калі замест звычайных "save as" ды "like" спажывец робіць хоць на крок болей да прадукту творчасці – гэта ўжо перамога.

Прэс-служба грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"