Калі чыноўнікі загавораць па-беларуску?

У Беларусі быццам бы ніхто не супраць беларускай мовы. Але сцвярджаць, што яе шануюць на высокім узроўні, не даводзіцца. Аднак эксперты адзначаюць: у беларускай мовы ёсць добрыя перспектывы, нягледзячы на тое, што асаблівай зацікаўленасці ў яе развіцці сённяшняе кіраўніцтва дзяржавай не выказвае.

Беларус найчасцей выбірае мову начальніка

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) заклікала маладых спецыялістаў карыстацца роднай мовай у сваёй прафесійнай дзейнасці.

«Сёлета, калі наша краіна адзначае 20-я ўгодкі незалежнасці, не цурайцеся роднай мовы вашых продкаў, карыстайцеся словам Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Кожны еўрапейскі бізнесовец ці навуковец не цураецца сваёй роднай мовы і штодня ёю карыстаецца. Дык будзем жа годнымі еўрапейцамі ў сваім стаўленні да тысячагадовай мовы нашых продкаў!» — адзначаецца ў звароце ТБМ.

Але відавочна, што ў час крызісу мова хутчэй за усё далёка не першае, пра што дбаюць маладыя людзі, будуючы сваю кар’еру. Тым больш, што начальнікаў – і малых, і вялікіх – яе лёс асабліва не турбуе. Беларус жа найчасцей за ўсё выбірае мову начальніка.

Мова мае патрэбу ў заканадаўчай абароне

Між тым знаходзяцца людзі, якія сваімі паводзінамі парушаюць стэрэатыпы ў дачыненні да мовы. Напрыклад, жыхар Гомеля Ігар Случак арганізаваў кампанію «Справаводства па-беларуску». У якасці каардынатара кампаніі Случак разаслаў персанальныя лісты кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прапановай унесці змены ў Закон аб мовах, а менавіта змяніць 28 артыкул закона, дзе гаворка ідзе аб вядзенні справаводства на «беларускай і (або) рускай мове». Грамадскі актывіст прапануе пакінуць у фразе толькі «і», што будзе азначаць патрабаванне весці справаводства на дзвюх мовах адначасова. Тады будзе рэальная, а не фармальная роўнасць моў, даводзіць Случак.

Аднак дэпутаты палічылі немэтазгодным уносіць змены ў Закон аб мовах, бо, па іх меркаванні, прапановы Случака прывядуць да ўскладнення ў парадку выкарыстання дзяржаўных моў, да непатрэбнага ў большасці выпадкаў дублявання тэкстаў, а значыць, да значнага павелічэння грашовых і матэрыяльных выдаткаў.

-- Няма ў парламенце, як аказалася, чалавека, які б займаўся абаронай нацыянальных інтарэсаў беларускага народа. А такі чалавек павінен быць. Спадзяюся, ён з'явіцца пасля наступных парламенцкіх выбараў, -- заўважае Ігар Случак.

На яго думку, беларуская мова сёння не можа развівацца ў грамадстве без нарматыўнай абароны. Ёй неабходныя пэўныя заканадаўчыя прэферэнцыі для таго, каб увайсці ў кабінеты чыноўнікаў і больш актыўна выкарыстоўвацца ў грамадстве.

-- Калі будзе загад ці пэўная палітыка зверху, людзі пяройдуць на беларускую мову без усялякіх складанасцяў. Калі б існавала нарматыўная база, якая спрыяла большаму разпаўсюджванню беларускай мовы, гэта б аблегчыла становішча, -- лічыць Ігар Случак. -- Пакуль на мове асабліва не размаўляюць, бо ў прафесійным жыцці людзі вымушаныя карыстацца рускай мовай. Гэта ў шматлікіх выпадках сапраўды прасцей.

Эксперт падкрэслівае: у пытаннях мовы нельга спадзявацца толькі на ўнутранае адчуванне людзей і асабістыя адносіны да мовы. Большасць людзей ні пра што такое, накшатлт лёсу роднай мовы асабліва не задумваецца.

-- Гэта, дарэчы, адбываецца не толькі ў нас, але і ў большасці краін свету, -- канстатуе Случак. -- Людзі вывучаюць тую мову, якая запатрабаваная ў грамадстве.

Дарэчы, перад ты, як звярнуцца да дэпутатаў, Ігар Случак пісаў лісты ў розныя ўстановы і міністэрствы наконт больш шырока ўжывання імі беларускай мовы. Ягоны аналіз такі -- большасць адказаў маюць станоўчы настрой. Гэта значыць, што чыноўнікі не супраць ужывання беларускай мовы ў перапісцы, справаводстве, але сказаць, што яны зробяць усё, каб гэта стала распаўсюджанай з’явай, таксама нельга.

-- Калі Міністэрства культуры змагло перайсці на беларускую мову як асноўную мову справаводства і выступаў, дык чаму не могуць гэтага зрабіць чыноўнікі з іншых ведамстваў? Хаця б пачалі адказваць па-беларуску на лісты, напісаныя на беларускай мове. У гэтым сэнсе з’яўляецца вельмі важным прыняцце такого палажэння ў законе «Аб звароце грамадзян».

Будзе незалежнасць -- будзе і мова, і каўбаса

Між тым кожны беларус можа паспрыяць адраджэнню роднай мовы, калі будзе карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці. Стымулам для гэтага, лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў, павінна стаць імкненне да захавання незалежнасці і разуменне, што будзе незалежнасць -- будзе мова, будзе каўбаса.

-- У савецкія часы маглі нацыяналістам назваць чалавека, які раўмаўляў па-беларуску. Зараз сітуацыя рэзка змянілася. У нас нармальнае грамадства, і людзі добра ставяцца да ўсяго беларускага, -- лічыць эксперт.

Таварыства беларускай мовы пастаянна вядзе перапіску з уладамі.

-- Зараз яны ў 90% выпадкаў адказваюць на нашыя лісты па-беларуску, а раней было наадварот, -- адзначае Алег Трусаў.

Дасягненнем ТБМ у галіне пашырэння мовы ў асяродку прадстаўнікоў улады можна лічыць аднаўленне курсу «Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка беларускай мовы» у сістэме перападрыхтоўкі кадраў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. У красавіку 2011 года грамадскае аб'яднанне звярнулася да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея з лістом пра неабходнасць аднаўлення скасаванага курсу, які на працягу амаль 20 гадоў існаваў у гэтай навучальнай установе. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў паведаміў аб аднаўленні ў сістэме перападрыхтоўкі кадраў Акадэміі кіравання вышэйназванага курсу. Ён будзе выкладацца на ўсіх спецыяльнасцях на працягу 24 гадзін.

У сітуацыі, якая склалася з мовай у Беларусі, Алег Трусаў з’яўляецца прыхільнікам тэорыі малых спраў.

-- Без малых спраў не будзе вялікіх. У апошнія стагоддзі загінула дастаткова моў і народаў. Беларускую мову абараняе Бог. Паглядзіце, колькі кніжак выдаецца недзяржаўнымі выдавецтвамі на беларускакй мове. Развіваецца рэклама на беларусксай мове. Пашыраецца ўжытак мовы сярод амбасадаў у Беларусі. Ні прадстаўнікі сур’ёзнага бізнесу, ні амбасады не ўкладвалі б рэсурсы ў справу адраджэння беларускай мовы, калі б яна не мела перспектыў, -- падкрэслівае Алег Трусаў.

Віктар Лістападаў, "Заўтра тваёй краіны"