У акруговыя выбарчыя камісіі ўвайшлі 42 апазіцыянеры

Цэнтравыбаркам Беларусі адчытаўся аб фармаванні 110 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў». Колькасць апазіцыянераў у іх нікчэмна малая.

Усяго ў камісіі ўключаныя 1430 грамадзянаў, паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік.

Ад палітычных партый найболей шырока прадстаўленая ва ўсіх акруговых выбаркамах пралукашэнкаўская Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) - месцы ў камісіях атрымалі 58 чалавек. Ліберальныя рэжыму Аграрная партыя, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя і ЛДПБ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці прадстаўленыя адпаведна 11, 10, 15 і 19 сябрамі.

Ад дэмакратычных палітычных партый у выбаркамы ўвайшлі прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі Камуністаў Беларускай. Ад АГП -- 17 чалавек, ад БНФ - 5, ад ПКБ - 10, ад БСДП (Г) - 6. Ад грамадскага аб’яднання «БНФ «Адраджэнне» ў камісіі прайшлі толькі 4 чалавекі. Такім чынам, агульная лічба апазіцыянераў у акруговых выбаркамах склала 42 чалавекі. Нагадаем, што апазіцыйныя партыі падавалі ў ЦВК спіс са 138 кандыдатаў у сябры акруговых выбарчых камісій.

Астатнія сябры акруговых выбаркамаў (больш за 1 300 чалавек) былі вылучаныя нейкімі групамі грамадзянаў, працоўнымі калектывамі, грамадскімі аб'яднаннямі.

Паседжанні аблвыканкамаў, на якіх фармаваліся акруговыя выбарчыя камісіі, па меркаванні лідэраў апазіцыйных палітычных партый, прайшлі непразрыста, не ўсе выканкамы дазволілі прысутнічаць на гэтых паседжаннях прадстаўнікам апазіцыі, пры гэтым улады не растлумачылі і матываў, па якіх прымаліся рашэнні.

«Проста зачытвалі кімсьці загадзя складзены спіс і казалі, што гэтыя людзі ўключаныя ў камісіі. Чаму гэтыя ўключаныя, а тыя – не, хто наогул падаваў заявы на ўключэнні – гэта абсалютна невядома», - заявіў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

Паводле "Хартыя-97"