Адгалоска на “Беларусы Вільні ў Беларусаў Гданьска”

Змяшчаем тут водгук спадарыні Лены Глагоўскай на рэпартаж Алеся Адамковіча, змешчаны ў бюлетэні "Беларусы ў свеце" за ліпень 2012 года (№ 123). Звяртаем вашую ўвагу, што ў бюлетэні рэпартаж змешчаны ў скарочаным выглядзе, цалкам з ім можна пазнаёміцца тут.

* * *

З цікавасцю прачытала я справаздачу Алеся Адамковіча з пабыўкі Віленчукоў у нас - у Гданьску. Зразумела, што госці вырашылі падзяліцца сваімі ўражаннямі на старонках бюлетэня ЗБС “Бацькаўшчына”. Мяне, якая займалася госцьмі, уразілі некаторыя недакладнасці, якія паявіліся ў справаздачы. Паколькі яны мяняюць фактычны вобраз, па праву гаспадара сустрэчы я вырашыла крыху ўвесці правак. Па-першае, выпадае прыпомніць час пабыўкі нашых гасцей, якія даехалі ў Гданьск у суботу 30 чэрвеня і ад’ехалі 2 ліпеня раніцай. Пасялілі мы гасцей у Доме Паяднання і Спатканняў імя Максіміліяна Кольбэ не выпадкова, а таму, што гэта месца вельмі гасціннае для Беларусаў. У Доме праводзіцца шмат мерапрыемстваў, на якія запрашаюцца прадстаўнікі беларускіх пазаўрадавых арганізацыяў. Хачу намякнуць, што, не маючы свайго памяшкання, і мы (Беларускае Культурнае Таварыства “Хатка”) шмат разоў арганізоўвалі там свае мерапрыемствы, напрыклад, святкаванне угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, агляды беларускіх фільмаў, пераначоўвалі і кармілі сваіх гасцей. Гэтае месца, хочаш не хочаш, у кожнага Беларуса павінна асацыявацца са спрыяннем усякім добрым справам.

Але вяртаючыся да гданьска-віленскіх беларускіх сувязяў, варта прыпомніць, што ў 1997 г. у гэтым Доме мы ладзілі менавіта супольна з Віленскай беларускай школай імя Францыска Скарыны і з ніўскай “Зоркай” праект для беларускай школьнай моладзі з Вільні і Беласточчыны, прысвечаны шматкультурнасці Гданьска, - на яго тысячагоддзе. З Вільні прыехалі тады дзеткі са сваімі апякунамі-настаўнікамі - з Сяржуком Вітушкам, Хрысцінай Балаховіч і Людвікай Кардзіс-Вітушкавай. На працягу тыдня вывучалі Гданьск і ваколіцы. Памятаю водгукі вучняў у віленскай газеце “Рунь” і ў беластоцкай “Ніве”.

Успамінаю пра тую сустрэчу, бо была яна вынікам супрацоўніцтва Беларускага Культурнага Таварыства “Хатка” з віленскімі Беларусамі, якое, дарэчы, пачалося ў 1988 г. падчас з’езду БНФ у Вільні. І яго ініцыятарам быў сп. Мікола Гайдук, які, даведаўшыся, што Людвіка Кардзіс збіраецца ў Гданьск, параіў ёй сустрэцца з Міхасём Куптэлем і аставіў ёй кантакт з ім. Вось так ад з’езду БНФ, на якім нікога з Гданьска ў Вільні не было, пачалося нашае знаёмства з Беларусамі Вільні. Другой асобай, якая нас знаёміла з Вільняй у 1990 г., быў “паходнявец” Мікола Таранда з Гародні. У 1990 г. ён запрасіў 8 гданьскіх Беларусаў на святкаванне 25 сакавіка ў Гародню. Тады быў такі ўздым беларускага адраджэння, што пасля аднадзённай пабыўкі там, наступнага дня разам з грамадой гарадзенцаў мы паехалі святкаваць угодкі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Вільню. Усімі намі займалася там Людвіка Кардзіс, якая паказвала беларускую Вільню, а мы хадзілі па ёй з узнятымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Тады мы таксама ўдзельнічалі ў акадэміі ў Палацы Прафсаюзаў, дзе асабліва запомнілася выступленне Вольгі Цярэшчанкі з Гомеля і яе песня на словы Алеся Барскага “Айчына-радзіма…”. Усіх нас уражвала тадышняе віленскае беларускае асяроддзе – ад маладога пакалення да старога – ветэранаў беларускага руху.

Як гром з яснага неба ўспрынялі мы віленскія падзеі ў студзені 1991 г., калі савецкія войскі занялі тэлевізійную вежу і парламент. У Польшчы тады было можна бясплатна пасылаць у Вільню пачкі з харчамі да 10 кілаграмаў адна. Спантанна мы вырашылі паслаць такія пачкі нашым суродзічам. Сабраўшы грошы не толькі ў нашым таварыстве, але і ў царкве, мы накуплялі розных прадуктаў (алей, мука, цукеркі, шакалад), пасартавалі ў пачкі і адправілі поштаю ў Вільню. За нашую дабрачынную акцыю мы атрымалі прыгожую мастацкую падзяку аўтарства Алега Аблажэя. Пасля Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні запрасіла нас з нагоды перанясення сімвалічнай магілы Івана Луцкевіча з Закапанага на Росы.

Асаблівай праявай супрацоўніцтва было усталяванне помніка на магіле Альбіна Стэповіча ў снежні 1994 г., на якое ў Вільню прыехала дэлегацыя сям’і Стэповічаў, якая прафінансавала помнік свайго дзядзькі, нашыя харысткі Ірына Гаданьчук і Анна Петкун з дырыжорам Ірынеем Лаўрэшуком, якія выконвалі песні пад музыку Альбіна Стэповіча ў касцёле св. Мікалая, на могілках і падчас застолля. Жылі мы ў беларускіх дамках пры вуліцы Жыгіманту, а радня Стэповічаў жыла ў спадарыні Міраславы Русак і ў спадара Алега Мінкіна. Была з намі таксама рэдактар Радыё Гданьск Анна Сабэцкая, якая пасля зрабіла праграму для радыё і для тэлебачання “Скай Аруня”. У мерапрыемстве ўдзельнічала таксама дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, старшыня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ганна Сурмач, прафесар Адам Мальдзіс.

Угодкі Віленскай Беларускай Гімназіі, ладжаныя ў Вільні, сталі таксама нагодай да паездак. Віленчукі запрашалі на гэтыя мерапрыемствы гданьскіх Беларусаў, асабліва Мацея Канапацкага з Сопата, які быў яе выпускніком. Фактычна непарыўная мая сувязь з Віленчукамі перарасла ў сяброўства з Людвікай Кардзіс, пазней Вітушкавай, і нам удалося здзейсніць некалькі розных цікавых ініцыятываў. Апрача памянёных, мы арганізавалі 30 красавіка 2004 г. у Музеі Тэатру і Кіно ў Вільні канферэнцыю, спалучаную з выстаўкай, прысвечаную 60-ым угодкам смерці Францішка Аляхновіча “Драматычны шлях драматурга” з удзелам яго сыноў Юркі і Казюка і праўнучкаў Эміліі і Ганны. Людвіка і Сяржук Вітушкі арганізавалі гэтае мерапрыемства як грамадскае аб’яднанне “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. Усё роўна яно без нашага даўняга сяброўскага супрацоўніцтва наўрад ці атрымалася б. За апошнія гады мы з Людвікай напісалі даведнік пра беларускія магілы на Росах, які чакае на выданне.

Фактычна кантакты Беларусаў Гданьска з Беларусамі Вільні трываюць непарыўна з 1988 г., таму я ніяк не магу зразумець, якое адраджэнне старых традыцыйных сувязяў Алесь Адамковіч меў на думцы. На жаль, шмат якія сувязі ўжо не адродзяцца, бо многіх людзей ужо няма ў жывых – Лявона Луцкевіча, Галіны Войцік, Аляксея Анішчыка, Тані Дубавец, Сяргея Вітушкі, якіх я адведвала, бываючы ў Вільні. Але шмат хто яшчэ там ёсць, з кім я падрымліваю сувязі і адведваю ад часу да часу: дочак Язэпа Найдзюка, Рэгіну Ярмалковіч, Хведара Нюньку, Хрысціну Балаховіч, Алега Аблажэя, Алёну Анішчык…

Далей Алесь Адамковіч, пішучы пра Алеся Юзэфовіча, назваў яго заснавальнікам у 1967 г. беларускай арганізацыі ў Гданьску, і сёння -быццам бы па маіх словах - ён адзіны, хто застаўся з яго ўдзельнікаў. Дзеля праўды трэба гэта выправіць. Наш Алесь Юзэфовіч сапраўды з 1967 г. да сёння з’яўляецца актыўным дзеячам беларускага руху на Узбярэжжы. Але ён быў адным з заснавальнікаў беларускага таварыства, а яго ініцыятарам і арганізатарам у 1967 г. была Ірына Мельнікава. Прадстаўляючы яго на сустрэчы, я сказала, што на ёй ён адзіны з тых, хто засноўваў таварыства ў 1967 г. Сустрэча ладзілася 30 чэрвеня і не ўсе, у тым заснавальнікі беларускага таварыства з 1967 г., маглі на ёй прысутнічаць - або не маглі па розных жыцьцёвых абставінах, што я, здаецца, сказала ў адносінах да двух сябровак з нашага праўлення, тлумачачы іх непрысутнасць, падобна як і Анны Іванюк, адной з заснавальніц і актыўнай дзеячкі беларускага руху ў Гданьску. Пералічаючы нашых дзеячаў, аўтар памылкова падаў прозвішча сямейства Мекінаў (Чэслаў Мекін вучыўся з Адамам Мальдзісам), а нашага Міхася Куптэля назваў “вядомым журналістам “Нівы”. Дарэчы, ніколі ён ім не быў – таму лепш было б яго назваць карэспандэнтам “Нівы”. За тое пэўны час журналістам “Нівы” (штатным) сярод нашых быў Мацей Канапацкі. Яго бацька быў камандзірам беларускага войска з кастрычніка 1919 г. (не 1918), бо толькі тады яно было паклікана. Мы вельмі ганарымся Мацеем Канапацкім, і стараннем “Нівы” ў мінулым годзе выдадзена кніга ягонай беларускай публіцыстыкі “Увесь свет Мацея Канапацкага”, асобнікі якой атрымалі ад нас у падарунак Віленчукі.

Пішучы пра тапаніміку Трыгарада, Алесь Адамковіч прыпісаў вуліцу Янкі Брыля Гданьску, а яна ж у Гдыні! Разумею, што бачачы ўпершыню Трыгарад цяжка разабрацца, дзе канчаецца адзін горад, дзе пачынаецца другі, але ж  раздзяляе іх Сопат, таму немагчыма пераблытаць Гданьск з Гдыняй. А да таго Янка Брыль змагаўся за Гдыню, таму і даслужыўся там свае вуліцы, а не ў Гданьску. Мне асабіста шкада, што Алесь Адамковіч не ўспомніў пра вуліцу Лукі Дзекуця-Малея ў Гданьску, магілу якога (ды не толькі яго) я паказала на гданьскіх гарнізонных могілках на заканчэнне нашай вандроўкі па Трыгарадзе.

Варта тут таксама вярнуцца да адміністрацыйнай міжваеннай адзінкі, якой быў Вольны Горад Гданьск пад міжнародным пратэктаратам Лігі Нацыяў. У яго уваходзіў не толькі Гданьск, але і Сопат, і наваколле Гданьска і Сопату. Каб вобразна ўявіць прастору Вольнага горада Гданьска, дадам, што Гдыня з аднаго боку, а Тчэў з другога боку былі польскімі гарадамі, а паміж імі быў Вольны Горад Гданьск.

Пішучы пра камень Янкі Купалы ў Гданьску, аўтар звярнуў увагу, што “паставіць яго дапамагла беларуская амбасада”. Адкуль такое сцвярджэнне? Было гэта зусім не так. Дзеля гістарычнай праўды напомню гэты факт. У 2004 г. Беларускае Культурнае Таварыства “Хатка” ў Гданьску супольна з Генеральным Консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску Міхалам Аляксейчыкам звярнуліся да прэзідэнта горада Гданьска з прапановай устанавіць памятны знак пры вуліцы Янкі Купалы, на што ўлады згадзіліся. Ініцыятыве ўвесь час перашкаджала палітычная сітуацыя ў Беларусі. У канцы 2007 г. ініцыятыву паставіць камень у свае рукі ўзялі ўлады горада Гданьска – асабіста віцэпрэзідэнт Мацей Лісіцкі. Генеральнае Консульства Рэспублікі Беларусь зрабіла шыльду, змест якой узгодніў са мной генеральны консул Міхал Аляксейчык. Амбасада была тут ні пры чым. Тадышні амбасадар РБ Павал Латушка невядома чаму тэрмінова перад адкрыццём каменя з’ехаў у Варшаву. Дарэчы, нават мастацкую праграму падрыхтавалі і выканалі “Капэла Гэданэнзіс” і акцёр з тэатру “Выбжэжэ” Кшыштаф Гордан.

Шкада, дарэчы, што ў скарочаным варыянце артыкула спадара Адамковіча, змешчаным у бюлетэні “Беларусы ў свеце”, быў апушчаны той факт, што Баляслаў Лапыр быў перадусім у міжваенны перыяд павятовым аграномам у Глыбокім і адначасова беларускім дзеячам, які пасля арышту НКВД у 1945 г. у Ваўкавыску невядома дзе апынуўся і калі загінуў.

На заканчэнне маіх заўвагаў хачу сказаць, што Міхась Куптэль паслаў сваю карэспандэнцыю пра нашых гасцей з Вільні ў “Ніву” (№ 30, 22.07.2012 г., с. 11). Дарэчы, чытаннем твораў Янкі Купалы мы заадно супольна адзначылі яго 130-ыя ўгодкі ад нараджэння і 70-ыя угодкі з дня смерці. Нашая сустрэча з Беларусамі Вільні праходзіла ў Сопаце ў памяшканні Беларускага Культурнага Таварыства “Хатка”. Так што мы не толькі Беларусы Гданьска, але і Сопата, і Прушча Гданьскага і Гдыні. І кожнага, хто робіць нешта добрае на карысць Беларусі, будзем вітаць у Трыгарадзе і паказваць беларускія сляды на Памор’і ў меру сваіх магчымасцяў і часу.

Лена Глагоўская