Прыемная вестка з Лондана

Лонданская Брытанская бібліятэка падзякавала ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” за дасылку “Кніганошы”— англамоўнага каталога беларускіх кніг.


Лонданская Брытанская бібліятэка падзякавала ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” за дасылку “Кніганошы”— англамоўнага каталога беларускіх кніг. Беларускі каталагізатар бібліятэкі Рыма Лок выказала зацікаўленасць у атрыманні далейшых выпускаў выдання.

Першы нумар каталога “Кніганоша” нядаўна быў дасланы славянскім аддзелам бібліятэк і цэнтрам вывучэння славянскіх культур у 30 краін свету.

Цяпер да выдання рыхтуецца другі нумар каталога, які будзе змяшчаць інфармацыю пра  беларускамоўныя  кнігі, што выйшлі ў 2011 годзе ў кніжных серыях “ Кнігарня пісьменніка”, “Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”, “Бібліятэка “Бацькаўшчыны”, кнігарня “Наша ніва”, “Гарадзенская бібліятэка”, незалежных выдавецтвах “ЛогвінаЎ”, “Галіяфы”, “Медысонт”, “Кнігазбор”, “Радыёла-Плюс”, “Лімарыюс”, выдавецтвах Віктара Хурсіка, Змітра Коласа ды інш.

Пераклад другога нумара ажыццяўляе вядомы англійскі беларусіст Джым Дынглі, які доўгі час займаў пасаду старшыні Англа-беларускага таварыства Вялікабрытаніі.