Барысу Кіту – 102 гады!

Сёння ў Франкфурце-на-Майне свой 102-гі Дзень нараджэння адзначае слынны дзеяч беларускай эміграцыі, сусветна вядомы навуковец Барыс Кіт.

Як ні сягне высока птах, Ляцеціме ў гняздо наніз. Зямля стаіць на трох кітах. Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Рыгор Барадулін

Барыс Кіт. Фота Кастуся Лашкевіча, Tut.by

Сёння ў Франкфурце-на-Майне свой 102-гі Дзень нараджэння адзначае слынны дзеяч беларускай эміграцыі, сусветна вядомы навуковец Барыс Кіт.

Цудам пазбегнуўшы смерці ў сутарэннях гестапаўскай турмы, вымушаны ратавацца за мяжой, Барыс Кіт знайшоў сваю "амерыканскую мару" ў найбуйнейшых аэракасмічных кампаніях ЗША.

Ягоныя даследаванні ў галіне ракетнай тэхнікі прынеслі яму сусветную вядомасць і аўтарытэт. Барыс Кіт першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет. У выніку стаў магчымы першы палёт чалавека на Месяц і далейшае развіццё касманаўтыкі. Ён з’яўляецца аўтарам першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве  і першага на Захадзе даследавання па гісторыі савецкай касманаўтыкі.

Барыс Уладзіміравіч пражыў у Беларусі толькі 26 год, але пры гэтым, дзе б ён ні знаходзіўся, ён ніколі не забываў пра сваю Бацькаўшчыну. Заўжды браў актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары, быў фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў. Нездарма Васіль Быкаў назваў яго “найпершы беларус з беларусаў свету”. Прабыўшы больш за паўвека за межамі Беларусі, валодаючы еўрапейскімі мовамі, Барыс Кіт толькі беларускую прызнае роднай і ўвесь час размаўляе на ёй.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага Барыса Уладзіміравіча з Днём нараджэння і жадае яму добрага здароўя!

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Глядзі яшчэ:

У Мінску павіншавалі Барыса Кіта са 100-гадовым юбілеем

Вітанне Барыса Кіта гасцям святочнай вечарыны ў Мінску

Барыс Кіт: “Я ўсім рабіў дабро. Таму і дажыў да 100 год”

Як беларускі Кіт вывеў амерыканцаў на Месяц