Праблемы аўтарскага права ў Беларусі і Швецыі абмеркавалі ў Мінску

9 красавіка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханаса Рау прайшоў міжнародны семінар “Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць творцаў”, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Шведскім саюзам пісьменнікаў.

9 красавіка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханаса Рау прайшоў міжнародны семінар “Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць творцаў”, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Шведскім саюзам пісьменнікаў.

Да ўдзелу ў семінары былі запрошаныя як айчынныя пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы, журналісты, а таксама прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасці, так і іх шведскія калегі.

Выступае Крыстафер Лінд

Падчас сустрэчы выдавец са шведскага выдавецкага дому “Lind & Co” Крыстфер Лінд распавёў пра адметнасці кніжнага рынку і выдавецкага сектару ў Швецыі, пра тыя праблемы, з якімі сутыкаецца шведская выдавецкая галіна сёння. Сярод іх: памяншэнне агульнай колькасці прадаваных кніг, зніжэнне ролі выдавецтваў і рост ролі пісьменнікаў у выдавецкім працэсе, значнае павелічэнне колькасці электронных кніг, тэндэнцыі да манапалізацыі кніжнага рынку з боку буйных выдавецтваў, узмацненне рэгіяналізацыі шведскай кніжнай галіны. У звязку з апошнім адметная дэталь – шведы аддаюць перавагу ў асноўным айчыннай літаратуры, па гэтай прычыне ў краіне выходзіць даволі мала перакладаў. Па колькасці перакладных кніг з беларускай мовы наша краіна сёлета займае ў Швецыі шостае месца.

Прамаўляе Турб’ёрн Остром

Наступным дакладчыкам са шведскага боку выступіў Турб’ёрн Остром, юрыдычны кансультант Шведскага саюза пісьменнікаў. У сваім дакладзе ён звярнуўся да гісторыі развіцця аўтарскага права ў Еўропе і Швецыі, закрануў асноўныя дакументы, датычныя аўтарскага права, у свеце і больш падрабязна спыніўся на юрыдычных асаблівасцях абароны творцамі сваіх правоў у Швецыі. Сярод асноўных тэндэнцый развіцця аўтарскага права ў Швецыі –  распрацоўка юрыдычнай базы для рэгулявання аўтарскага права ў галіне электронных кніг, развіццё міжнародных механізмаў абароны правоў творцаў, а таксама барацьба з пірацтвам у Інтэрнэце.

Ля мікрафона Аляксей Бічурын

Пасля знаўцы шведскага аўтарскага права слова ўзяў яго беларускі калега –  галоўны спецыяліст упраўлення права і міжнародных дамоваў Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын. У сваёй прамове ён закрануў адметнасць дзеяння беларускага заканадаўства ў галіне аўтарскага права, распавёў пра магчымыя асаблівасці новага закону пра аўтарскае права, прыняцце якога плануецца ў хуткім часе, а таксама неаднаразова падкрэсліў, што не найлепшае становішча з аўтарскім правам у Беларусі можа быць змененае толькі пры зацікаўленасці і актыўным ўдзеле саміх аўтараў.

Кожны тэматычны выступ семінару суправаджаўся вялікай колькасцю пытанняў як да шведскіх гасцей, так і да прадстаўніка Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Удзельнікаў семінару цікавілі як асаблівасці шведскай выдавецкай галіны і аўтарскага права, так і айчынныя рэаліі.

Фота: Настасся Міхейчык, budzma.org

Прэсавая служба СБП