Выйшла з друку дэбютная кніга Віталя Рыжкова

Выйшла з друку дэбютная кніга паэта і перакладчыка Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Кніга выдадзена пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Набыць яе можна будзе ад 15 сакавіка. У гэты ж дзень у кнігарні ЛогвінаЎ (Незалежнасці, 37а) з 18.00 да 21.00 пройдзе аўтограф-сесія аўтара.

Выйшла з друку дэбютная кніга паэта і перакладчыка Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Кніга выдадзена пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Набыць яе можна будзе ад 15 сакавіка. У гэты ж дзень у кнігарні ЛогвінаЎ (Незалежнасці, 37а) з 18.00 да 21.00 пройдзе аўтограф-сесія аўтара.

З гэтай нагоды мы папрасілі аўтара адказаць на некалькі пытанняў пра сваю творчасць і пра першую кнігу.

Віталь Рыжкоў — беларускі паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў Магілёве ў 1986 г. Навучаўся на аўтамеханічным факультэце Беларуска-расійскага ўніверсітэта (Магілёў). Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2008), фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН‑цэнтру да стагоддзя газеты “Наша Ніва” (2006), конкурсу імя К. Шэрмана (2009), пераможца слэм-фестывалю “Березневі Коти-4” (г. Ужгарад, Украіна). Вершы друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, тыднёвіках “Наша Ніва”, “Новы час” і інш. Жыве ў Мінску.

Віталь, што ты адчуваў, калі ўзяў у рукі сваю першую кнігу?

Вядома, радасць, лёгкасць — як калі ўвесну сонечным ранкам апранаешся ў больш лёгкія адзенне і абутак пасля зімы і ідзеш па сваіх справах, а ў цябе пачаліся вакацыі, напрыклад.

Як даўно ты пачаў пісаць вершы? Калі напісаў свой першы верш?

Першыя спробы штось пісаць у мяне былі ў 13 гадоў употай ад бацькоў — беспрасветнае графаманства. Напраўду, добра, што на гэты адзёр мне ўдалося перахварэць дастаткова рана. А вось першы тэкст, які ўжо больш-менш можна было назваць вершам, з’явіўся ў 16 гадоў – у 2002 годзе. Можа быць, варта яшчэ патлумачыць, што не "напісаў" усё-ткі, а зрабіў, прыдумаў, бо ўсе яны былі толькі ў памяці - пісаў у галаве. Гэта калі фармулюеш у галаве адзін радок, не занатоўваючы яго, бачыш ужо другі, трэці прыкмячаеш, а чацвёрты мроіцца (я падчас гэтых заняткаў проста швэндаўся па горадзе, пакуль не забаліць галава). “Хаджу, маўчу і рыбачу,” — як пісаў Алесь Разанаў.

Што і хто натхняе на напісанне вершаў?

Пытанні, здарэнні і людзі. Найчасцей — вершы ёсць спробамі штось зразумець, альбо паставіць пэўную закладку ў сваіх адчуваннях і эмоцыях. Калі ўвогуле шырока — яны для мяне шум мовы.

Ці лёгка табе пішацца?

Раней на напісанне аднаго верша сыходзіла не менш за некалькі дзён: я пісаў толькі па чатыры радкі на дзень. А цяпер на верш сыходзіць дзень (альбо ноч) — і гэта займае 8-12 гадзін — пры ўмове, што нешта раней ужо прыдумалася. Вядома, былі і выключэнні: на некаторыя вершы, але іх вельмі мала, сышло ўсяго з паўгадзіны-гадзіну, але выключэнні толькі падцвярджаюць правіла. Пісанне – для мяне пакутлівы працэс. Ведаю, што камусь гэта даецца нашмат лягчэй — заўжды радуюся за такіх аўтараў.

Не сакрэт, што многія ўжо даўно з нецярпеннем чакалі выхаду тваёй кнігі. Чаму кніга выйшла толькі цяпер?

Ні ў чым не бывае адной прычыны, але лепш сазнацца, што кніга з’явілася позна толькі праз мае хібы: дзесь трэба было нанава зрабіць пераклад верша, дзесь — больш рупіцца, каб тэхнічна кніга рыхтавалася хутчэй, а прымушаць іншых працаваць не так павольна мне проста няёмка. Спадзяюся, што цяпер, калі кнігу, можа быць, менш чакаюць, ёй не пагражаюць завышаны ўзровень патрабаванняў і падманны поспех. У любым выпадку, я выказваю шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да выдання кнігі — без гэтых людзей, яна з’явілася б яшчэ пазней.

“Дзверы, замкнёныя на ключы” – чаму такая назва і што яна значыць у тваім разуменні?

Гэта назва аднаго з вершаў, змешчаных у кнізе. Дзверы, замкнёныя на ключы (ажно на некалькі), — гэта і тое, што адначасова надзейна схавалі ці паспрабавалі схаваць ад цябе (калі ты звонку), і тое блізкае табе, дарагое, прыватнае (калі ты ўнутры), абароненае ад чужых вачэй і рук. Там, за дзвярыма, можа быць абсалютна ўсё — яно можа вабіць і абсалютна не цікавіць, можа быць добрым альбо кепскім. У шмат якіх казках свету ёсць вобраз такіх сабе “апошніх” дзвярэй, за якія нельга заходзіць герою, і, вядома, героя цягне, цягне туды… Тое, што знаходзіцца, за гэтымі дзвярыма, паводле розных казак, альбо пагаршае сітуацыю, альбо, што радзей, выпраўляе яе, але заўжды неадменна змяняе баланс рэчаіснасці.

Ці ўсе твае першыя вершы трапілі ў кнігу? Ці быў нейкі тэматычны або іншы адбор?

У кнігу трапілі далёка не ўсе вершы, і гэта добра, бо адбор вёўся найпер па якасці. Усё гэта, канечне, вельмі адносна, але факт застаецца фактам: у кнізе толькі 35 вершаў з васьмігадовага перыяду жыцця.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"