Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заснавала прэмію імя Ігната Дварчаніна

З нагоды 115-гадовага юбілею выбітнага беларускага дзеяча Ігната Дварчаніна, які адзначаўся ў 2010 г., з мэтай падтрымкі і папулярызацыі даследаванняў і публікацый, прысвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заснавала прэмію імя Ігната Дварчаніна.

З нагоды 115-гадовага юбілею выбітнага беларускага дзеяча Ігната Дварчаніна, які адзначаўся ў 2010 г., з мэтай падтрымкі і папулярызацыі даследаванняў і публікацый, прысвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заснавала прэмію імя Ігната Дварчаніна.

Прыём прац на атрыманне прэміі будзе весціся да 30 красавіка 2011г.

Плануецца, што прэмія будзе штогадовай. Уручацца яна будзе на дзень народзінаў Ігната Дварчаніна, 27 траўня, па выніках папярэдняга года.

Намінацыі, у якіх уручаецца прэмія:

- даследчая праца;
- даследчы артыкул;
- публікацыя спадчыны беларускага замежжа.

У залежнасці ад плёну кожнага асобнага года, прэмія імя Ігната Дварчаніна можа быць прысуджана ў адной ці некалькіх намінацыях.

На прэмію імя Ігната Дварчаніна вылучаюцца даследчыя працы, у тым ліку, кнігі і артыкулы, прысвечаныя гісторыі і культуры беларускага замежжа, бібліяграфіі, публікацыі твораў мастацтва, успамінаў, эпісталярнай і іншай спадчыны беларускага замежжа, апублікаваныя цягам папярэдняга года.

Асноўнымі крытэрамі адбору кандыдатаў на атрыманне прэміі імя Ігната Дварчаніна з’яўляюцца: арыгінальнасць і навізна тэматыкі, даследчага падыходу і саміх апублікаваных матэрыялаў і твораў, грунтоўнасць і значнасць праробленай працы.

Мова публікацый не мае значэння для намінавання на прэмію. Для іншамоўных публікацый (акрамя публікацый на ўкраінскай, польскай, англійскай і рускай мовах) пры намінаванні трэба прадставіць рэзюмэ на беларускай або англійскай мове.

Правам вылучэння прац на прэмію імя Ігната Дварчаніна валодаюць як аўтары ці выдаўцы даследчых прац, так і іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы з Беларусі і замежжа.

Просім зацікаўленых асобаў дасылаць публікацыі-прэтэндэнты да 30 красавіка 2011 г. на электронны адрас zbsb@tut.by (з пазнакай: Прэмія імя Ігната Дварчаніна) або па пошце на адрас: 220012 г. Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31 офіс 906, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Вызначэннем пераможцаў прэміі займаецца спецыяльнае журы, у склад якога ўваходзяць: Алег Гардзіенка, Радзім Гарэцкі, Валеры Герасімаў, Вітаўт Кіпель, Арсен Ліс, Алена Макоўская, Мікола Нікалаеў, Ніна Шыдлоўская, Лявон Юрэвіч.

Пераможцы прэміі атрымаюць узнагароджанне.

Даведка:

Ігнат Дварчанін (27.05.1895 – 8.12.1937) – дзеяч беларускага нацыянальнага руху, палітык, гісторык, літаратуразнаўца, паэт. Удзельнік беларускіх арганізацый у розных беларускіх асяродках за мяжой. У 1926 г. у Празе абараніў дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Аўтар шэрагу скарыназнаўчых прац і складальнік “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)” (Вільня, 1927). У 1933 г. быў арыштаваны па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра” і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”