Па беларускай Вільні вандраваць стане прасцей

Выдатным гідам па беларускай Вільні стануць кнігі серыі “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні”, адмыслова заснаванай з мэтай азнаямлення беларусаў і літоўцаў з гісторыяй і сучасным станам жыцця беларусаў на Віленшчыне.

Выдатным гідам па беларускай Вільні стануць кнігі серыі “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні”, адмыслова заснаванай з мэтай азнаямлення беларусаў і літоўцаў з гісторыяй і сучасным станам жыцця беларусаў на Віленшчыне.

Ініцыятарам стварэння гэтай кніжнай серыі і кіраўніком праекту, роўна як і аўтарам тэкстаў з’яўляецца студэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, каардынатар беларускай моладзевай ініцыятывы StudAlliance Кірыл Атаманчык. Яго ідэю падтрымала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У серыі ўжо пабачылі свет кнігі “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі. Сярэдзіна ХІХ – пачатак ХХ ст.” і “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні. Адукацыя”.

Першая з іх адмыслова створана для азнаямлення з мясцінамі, звязанымі з беларускім жыццём у Вільні ў сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст. Дзякуючы гэтай кнізе можна прайсці тымі самымі шляхамі, якімі калісьці хадзілі па вуліцах Вільні вядомыя беларусы, даведацца, дзе знаходзіцца царква, у якой служыў ксёндз Адам Станкевіч, у якім доме жыў і працаваў Вацлаў Ластоўскі, дзе знаходзіцца дом-друкарня Францішка Скарыны, дзе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды знакамітым беларусам і шмат іншай цікавай інфармацыі.

Безумоўна, як піша аўтар ў прадмове, кніга не можа “адлюстраваць усё тое, што мелі беларусы на той момант, але гэта маленькая спроба і крок наперад да аднаўлення беларускай гістарычнай памяці”.

У другой кнізе, прысвечанай беларускай адукацыі ў Вільні, можна знайсці звесткі пра Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры філалагічнага факультэта Віленскага педагагічнага ўніверсітэта, Віленскі ўніверсітэт, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Віленскую сярэднюю школу імя Ф. Скарыны, Віленскую беларускую гімназію. Кніга распавядае пра гісторыю стварэння і дзейнасці гэтых адукацыйных установаў і сённяшні стан беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Вільні.

Тэксты на беларускай і літоўскай мовах, вялікая колькасць каляровых фотаздымкаў разам з мапамі-схемамі робяць гэтыя кнігі цудоўным дапаможнікам па беларускай Вільні для ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Для тых, хто жадае павандраваць па беларускіх мясцінах Вільні, распрацаваны адмысловыя турыстычныя маршруты. Яны прадстаўлены ў кнізе “Ля вытокаў незалежнай Беларусі…”, нават час, які спатрэбіцца на кожную вандроўку, пазначаны.

Так што, у добры шлях! Прыемных падарожжаў па беларускай Вільні!

Выданне кніг серыі “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні” стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў Літоўскай рэспублікі, Траставага фонда ЕГУ, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і арганізацыйнай падтрымцы “Аб’яднанага цэнтра беларускіх ініцыятываў” (JUBIC).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”