Павел Латушка паабяцаў, што падтрымка беларусаў замежжа будзе ўзмацняцца

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” адзначыла 20-гадовы юбілей у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” адзначыла 20-гадовы юбілей у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. На святочную вечарыну 26 лістапада сабраліся сябры Згуртавання, пісьменнікі, грамадскія дзеячы Беларусі, прадстаўнікі амбасадаў і міністэрстваў, беларусы з Украіны, Польшчы, Расіі, Эстоніі, Літвы.

Распачала імпрэзу кіраўнік Згуртавання “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. У сваёй прамове яна адзначыла асноўныя дасягенні “Бацькаўшчыны” і выказала падзяку тым, хто ў розныя гады стаяў на чале Згуртавання – Васілю Быкаву, першаму прэзідэнту “Бацькаўшчыны”, Радзіму Гарэцкаму, Анатолю Грыцкевічу, Аляксею Марачкіну, Яўгену Лецку, Ганне Сурмач, Валерыю Герасімаву, Барысу Стуку, а таксама ўсім, хто на працягу 20-ці год падтрымліваў Згуртаванне, хто працуе на яго карысць зараз. Асобную падзяку сп-ня Алена выказала старшыні Рады “Бацькаўшчыны”, свайму сябру і паплечніку Ніне Шыдлоўскай, без руплівай працы і падтрымкі якой сёння проста немагчыма ўявіць сабе “Бацькаўшчыну”. Таксама Алена Макоўская выказала падзяку Міністэрству культуры Беларусі і асабіста міністру Паўлу Латушку за прадастаўленае памяшкання для правядзення вечарыны. Павел Латушка і ўзняўся на сцэну следам за Аленай Макоўскай. Міністр высока ацаніў дзейнасць Згуртавання адзначыўшы, што фактычна “Бацькаўшчына” працягвае справу Караткевіча -- вучыць беларусаў шанаваць сваю зямлю і мову.

“Гэта свята ваша, але гэта і наша свята, бо нельга дзяліць беларусаў у Беларусі і ў замежжы, --адзначыў Павел Латушка. – Пад адным і тым жа небам мы нарадзіліся, па адной і той жа зямлі хадзілі, мы гаворым на адной мове, можа, гэта не заўжды беларуская мова, але мы разумеем адзін аднаго. Нас  сапраўды аб’ядноўвае Бацькаўшчына”.

Падчас выступлення Павел Латушка паабяцаў, што ў далейшым падтрымка беларусаў замежжа будзе ўзмацняцца. Ён адзначыў, што ў наступным годзе будзе прынята праграма “Беларусы ў свеце”, плануецца правядзенне фестывалю беларусаў замежжа, будзе заснаваны Інстытут культуры Беларусі, у структуры якога прадугледжана стварэнне аддзела па пытаннях беларусаў замежжа. Таксама міністр выказаў спадзяванне, што ў бліжэйшым часе будзе прыняты Закон аб беларусах замежжа.

Павел Латушка перадаў у падарунак “Бацькаўшчыне” выданне “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча на чатырох мовах і дыск з дакументальным фільмам “Свет Караткевіча”.

Вечарыну працягнуў прэзідэнт Згуртавання “Бацькаўшчына” ў  1993-2001 гг, акадэмік Радзім Гарэцкі. Ён выказаў занепакоенасць станам беларускай мовы ў Беларусі, нагадаўшы, што за 10 год колькасць людзей, якія карыстаюцца штодзённа беларускай мовай, зменшылася з 37 да 23%.  Ідзе перадвыбарчы перыяд, і цяпер трэба асабліва ўзмоцнена працаваць, ад гэтага залежыць, ці будзе Беларусь беларускай, адзначыў Радзім Гарэцкі. “Нам патрэбен беларускамоўны прэзідэнт, беларускамоўны ўрад, беларускамоўны парламент”, -- заявіў Радзім Гарэцкі.

Тэму беларускай мовы працягнуў і Генадзь Бураўкін, назваўшы мову “адзіным паролем”, які нас аб’ядноўвае, дзе б мы ні былі. Да гэтай тэмы звярталіся і Алег Трусаў, нязменны старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, і Яўген Вапа, галоўны рэдактар“Радыё Рацыя” і  тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва", старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы. Ён сказаў, што чакае, калі ў суседняй з Беласточчынай Гародні з’явіцца хоць адзін беларускі клас, хоць адна беларуская школа.

Старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Валеры Казакоў сказаў, што часта ў Расіі сутыкаецца з пытаннем, навошта яму беларуская мова. На гэта ён адказвае: “Мова мне павінна грэць душу. Калі я прыйду да Бога, каб я мог на роднай мове сказаць, хто я, адкуль я прыйшоў”. Валеры Казакоў уручыў кіраўніцтву “Бацькаўшчыны” ганаровую грамату ад ФНКА  “Беларусы Расіі” ў знак таго, што “мы разам робім адну беларускую справу” і падарыў копію партрэта Cцяпана Батуры, якая захоўвалася ў Калужскім музеі ў Расіі. Валеры Казакоў паведаміў, што там захоўваецца каля 60 вывезеных з Беларусі карцін, і ФНКА “Беларусы Расіі” будзе весці працу па іх вяртанні на Бацькаўшчыну.

Дырэктар Віленскага Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Лілія Плыгаўка адзначыла, што падчас усіх з’ездаў, арганізаваных “Бацькаўшчынай”, пануе атмасфера еднасці, як быццам людзі толькі ўчора развіталіся і сёння зноў сустрэліся. “На сённяшняй вечарыне таксама гэтае пачуццё ёсць, і значыць, нашая праца правільная”, -- сказала Лілія Плыгаўка.

Віншаванне ад Беларуска-эстонскага згуртавання зачытала Зінаіда Клыга. Яна адзначыла, што за 20 год “Бацькаўшчына” з’ела шмат солі. Каб было з чаго яе запіваць, сп-ня Зінаіда перадала ў падарунак кубак з выявай эстонскага трыкалора. Напрыканцы Зінаіда Клыга заспявала надзвычай прыгожую і кранальную песню пра Еўфрасінню Полацкую, напісаную на словы беларускага паэта з Латвіі Станіслава Валодзькі.

Таксама ў гэты вечар са сцэны павіншавалі “Бацькаўшчыну” літаратуразнаўца, першы сакратар Рады “Бацькаўшчыны” Лідзія Савік; старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч; намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

Івонка Сурвілла даслала для вечарыны аўдыёзварот, Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька перадаў віншаванне ў выглядзе відэазвароту. Вядучыя  імпрэзы – Леанід Дранько-Майсюк і Марына Яўсейчык – зачыталі віншаванні ад Ганны Сурмач (ЗША), Валерыя Барташа, Іны Снарскай (Украіна), Міхаіла Буланава (Казахстан), Людмілы Урванцавай (Расія), Вячкі Целеша (Латвія). Гэта толькі невялікая частка віншаванняў, што прыйшлі на адрас “Бацькаўшчыны”, зачытаць іх усе падчас вечарыны проста не было магчымасці.

Стваралі святочны настрой  ды віншавалі “Бацькаўшчыну” і музыкі: гурт “Стары Ольса”, Алесь Камоцкі з Алегам Змушкам, Зміцер Сідаровіч з юнымі артыстамі Тамашом Сідаровічам і Адасём Матафонавым, цымбалістка Зінаіда Савяцяева, Лявон Вольскі ды музыкі з “Крамбамбулі”, гурт “Унія”.

Пасля імпрэзы падчас нефармальнай часткі адбываліся гутаркі з гасцямі імпрэзы, Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская абмяркоўвалі з прадстаўнікамі беларускіх суполак планы на далейшую супрацу.

На ўваходзе ў залу гасцей вітаў ансамбль цымбалістак

"Стары Ольса"

Выступае кіраўнік МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская

Выступае Павел Латушка

Радзім Гарэцкі: "Нам патрэбны беларускамоўны прэзідэнт!"

Генадзь Бураўкін

Лідзія Савік

Відэавітанне ад старшыні ТБК у Літве Хведара Нюнькі

Выступае Яўген Вапа

Злева направа: Радзім Гарэцкі, Лідзія Савік, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская

Выступае Алег Трусаў

Віншаванне ад Барыса Пятровіча

Падарунак ад ФНКА "Беларусы Расіі" -- копія патрэта Сцяпана Батуры з Калужскага музея

Лявон Вольскі

На сцэне "Крамбамбуля"

Выступае Лілія Плыгаўка

Цудоўны кубак ў падарунак ад Зінаіды Клыгі

Гурт "Унія"

Фрагмент выставы кніг, выдадзеных "Бацькаўшчынай"

Фота Андрэя Краснова