Ніна Шыдлоўская: “Важна выкарыстоўваць беларускую культуру як сродак яднання жыхароў Беларусі на пазітыве”

Першы міжнародны форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: пазіцыянаванне і прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў" адбыўся 25 лістапада ў Мінску. У форуме ўзяла ўдзел і старшыня Рады Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская.

Ніна ШыдлоўскаяПершы міжнародны форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: пазіцыянаванне і прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў" адбыўся 25 лістапада ў Мінску. Падчас форума абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з міжнародным досведам ў сферы маркетынга тэрыторый, з пазіцыянаваннем і стратэгіяй развіцця беларускіх гарадоў  і рэгіёнаў, а таксама інструменты прасоўвання (PR-тэхналогіі, брэндынг, падзейны маркетынг).

У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, кіравання рэгіёнаў і гарадоў; прадпрыемтсвы, якія выкарыстоўваюць у сваім прасоўванні імідж краіны, спецыялісты ў галіне інвестыцый, эканомікі, культуры, спорту і турызму, лагістыкі, гандлю, сувязі; эксперты ў галіне маркетынга, брэндынга, рэкламы, PR з Беларусі, Расіі, Германіі.

З дакладам на форуме выступіла старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская.

У сваім выступленні Ніна Шыдлоўская звярнула ўвагу на тое, што адным з важнейшых фактараў пашырэння станоўчага іміджа краіны ёсць культура. Паводле яе словаў, важна выкарыстоўваць беларускую культуру як сродак яднання жыхароў Беларусі на пазітыве. “Для гэтага неабходна папулярызаваць беларускую культуру ўнутры краіны, дэманструючы яе як сучасны інструмент самавызначэння”, -- адзначыла Ніна Шыдлоўская.

З гэтай прычыны, на яе думку, рэклама ў Беларусі павінна быць калі не цалкам беларускамоўнай, то як мінімум беларусаарыентаванай, а пры стварэнні візуальных вобразаў, якія ўвасабляюць нашу краіну ці канкрэтную беларускую прадукцыю неабходна звяртацца да нацыянальных сімвалаў, вобразаў, герояў.

“Тады і толькі тады як унутры краіны, так і па-за яе межамі будзе прываблівасць унікальнасць нашай краіны, -- адзначыла Ніна Шыдлоўская”. -- Калі нам не ўдасца стварыць абгрунтаваны, падмацаваны зместам станоўчы імідж Беларусі, то і на міжнародным узроўні нават самымі вялікімі нашымі грузавікамі і дасягненнямі сельскай гаспадаркі тут не дапаможаш”.

Ніна Шыдлоўская падкрэсліла, што працуючы над знешінім іміджам Беларусі, трэба выкарыстоўваць вялізны патэцыял, якім валодае дыспара ў гаспадарча-эканамічнай, культурнай, адукацыйнай сферах.

Важная ўмова для задзейнічання гэтага патэнцыялу – паслядоўная супраца дзяржаўных органаў Беларусі з суполкамі беларускай дыяспары, замацаваная адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Па словах Ніны Шыдлоўскай, супрацу можна весці праз арганізацыю супольных публічных культурных акцый у краінах пражывання беларусаў, а таксама праз стварэнне культурных цэнтраў Беларусі за мяжой.

Аднак, як адзначыла Ніна Шыдлоўская, адначасова са стварэннем знешняга станоўчага іміджу важна вельмі грунтоўна працаваць унутры сваёй краніны і ствараць устойлівы фундамент унутры краіны.

На думку Ніны Шыдлоўскай, “імідж Беларусі ў сучасным свеце павінен грунтавацца на ідэалогіі нацыянальнага поспеху, на прадукаванні і папулярызацыі тых вобразаў, іміджаў, тых прыкладаў, якія адказваюць новаму памкненню да годнасці, да поспеху, да самапавагі, да нармальнага годнага жыцця”.

Даклад Ніны Шыдлоўскай на форуме форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: пазіцыянаванне і прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў" цалкам чытайце тут.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”