Алена Макоўская: «Мы са страхам чакаем вынікаў перапісу насельніцтва ў Расіі»

МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» святкуе гэтай восенню 20-гадовы юбілей. Кіраўнік арганізацыі Алена Макоўская расказала «Салідарнасці» пра якую невядомую частку беларускай гісторыі яны клапоцяцца і чаму хочуць, каб яе ведаў кожны беларус.

МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» святкуе гэтай восенню 20-гадовы юбілей. Кіраўнік арганізацыі Алена Макоўская расказала «Салідарнасці» пра якую невядомую частку беларускай гісторыі яны клапоцяцца і чаму хочуць, каб яе ведаў кожны беларус.

10 верасня 1990 года адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Стварэнне арганізацыі было ініцыявана беларускай інтэлігенцыяй, якая на той час, пасля падзення жалезнай заслоны, стала актыўна аднаўляць сувязі з беларусамі замежжа, адзначае Алена Макоўская.

У 1992-м адбыўся з’езд беларусаў блізкага замежжа, а ўжо праз год Першы з’езд беларусаў свету, які сабраў больш за 1000 дэлегатаў з Беларусі і розных краінаў свету.

Як зазначае кіраўнік «Бацькаўшчыны», гэты з’езд сімвалізаў яднанне беларусаў унутры і за межамі краіны.

На сёння згодна з ацэнкамі навукоўцаў па-за межамі Беларусі, у 73 краінах, жыве каля 3,5 млн беларусаў. Але толькі ў 25 краінах ёсць арганізаванае беларускае жыццё – суполкі, культурныя цэнтры, беларускія нацыянальныя аўтаноміі. «Бацькаўшчына» падтрымлівае сувязь з арганізацыямі беларускай дыяспары ва ўсіх 25 краінах -- паўсюль, дзе ёсць арганізаваная беларуская прысутнасць.

– Спадарыня Алена, якой была дынаміка супрацоўніцтва «Бацькаўшчыны» з беларускай дыяспарай за мінулыя 20 год?

– У пачатку 90-х дыяспара вельмі актыўна прымала ўдзел у розных праектах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – як эканамічных, так і гуманітарных. Але пасля рэферэндумаў і змены нацыянальнай сімволікі прадстаўнікі заходняй беларускай эміграцыі змянілі сваё стаўленне і нават адмовіліся браць удзел у Другім з’ездзе беларусаў свету ў 1997 годзе. І іх можна зразумець.

Але з’езды ў 2001 і 2005 гадах паказалі, што ўсё-ткі для дыяспары галоўнае – беларуская прысутнасць у свеце. А для гэтага трэба супрацоўнічаць. Той жа Вітаўт Кіпель казаў: неабходна, каб суполкі за мяжой захаваліся і займаліся беларускай справай. Палітычныя моманты сёння адыходзяць на другі план.

– Што ўдалося зрабіць «Бацькаўшчыне» за час яе існавання?

– Заслуга арганізацыі – правядзенне з’ездаў беларусаў свету кожныя чатыры гады. Для людзей, якія прыехалі з розных краін, гэта пляцоўка для абмеркавання праблем дыяспары, абмена вопытам і вызначэння пытанняў, якія мы павінны вырашыць у наступныя гады.

Сувязь паміж беларускімі суполкамі на Захадзе была і да пачатку 90-х, але адзінага каардынуючага цэнтра не было. У часы БССР працавала арганізацыя «За вяртанне на Радзіму» (сёння гэта ГА «Радзіма»), але на тыя часы гэта быў больш кантралюючы орган.

Сёння «Бацькаўшчына» з’яўляецца своеасаблівым прадстаўніцтвам суполак беларускай дыяспары ў нашай краіне. Мы спрыяем ім у вырашэнні розных пытанняў, аказваем метадычную, арганізацыйную дапамогу, імкнёмся аб’яднаць на глебе павагі да роднай мовы, культуры, гісторыі.

Важнай справай «Бацькаўшчыны» я лічу заснаванне серыі кніг, прысвечанай беларускай эміграцыі. Бо гісторыя і культура, створаная нашай эміграцыяй, ёсць часткай гісторыі і культуры Беларусі, якую варта вывучаць і ведаць.

На Захадзе суполкі беларускай дыяспары з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны. У ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі беларусы стваралі культурныя цэнтры, будавалі цэрквы, выдавалі часопісы і газеты, захоўвалі беларускую мову і культуру.

На жаль, старое пакаленне эміграцыі паступова адыходзіць. Яно пакідае пасля сябе каштоўныя архівы, але вельмі часта дзеці і ўнукі, не асэнсоўваючы важнасці гэтых архіваў, выкідваюць іх на сметнік. І Беларусь такім чынам губляе частку сваёй каштоўнай гісторыі.

Таму мы і пачалі збіраць успаміны людзей, архівы. І на сёння ўжо выпусцілі 19 кніг у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Гэта сапраўды ўнікальныя кнігі, якія распавядаюць пра беларускую адукацыю, мастацтва, культуру, грамадскае жыццё беларусаў у замежжы.

Можна сказаць, што гэтыя кнігі, набліжаюць беларускае замежжа да Беларусі. Лічу, што ўсё гэта неабходна ведаць кожнаму беларусу як частку нашай гісторыі, а для гэтага гісторыю эміграцыі трэба выкладаць у школах і інстытутах. Зараз жа нават прадстаўнікі беларускіх амбасадаў не зусім разумеюць што такое беларуская дыяспара і што з ёю рабіць.

Дзейнасць «Бацькаўшчыны» накіравана не толькі на падтрымку беларусаў замежжа, але і на працу ўнутры краіны. Падчас супрацоўніцтва з дыяспарай мы прыйшлі да асэнсавання таго, што нам неабходна павышаць узровень нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі. Кожны год наша краіну пакідаюць шмат беларусаў, якія за мяжой альбо асімілююцца, альбо далучаюцца да суполак расійцаў, украінцаў ці палякаў. Беларусь ад гэтага моцна губляе. Таму з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў мы заснавалі кампанію «Будзьма беларусамі!» і лічым яе правядзенне надзвычай важным.

– Маглі б вы патлумачыць скептыкам, нашто Рэспубліцы Беларусь дыяспара?

– Гэта нашае прадстаўніцтва ў замежжы. Гэта нашы іміджавыя цэнтры. Гэта людзі, з дапамогай якіх мы можам лабіраваць свае інтарэсы і прадстаўляць сваю культуру. Гэта інвестыцыі ў нашу культуру і навуку, у нашу эканоміку. Праз дыяспару свет даведваецца пра Рэспубліку Беларусь. Менавіта таму любая краіна клапоціцца пра сваю дыяспару.

– Дзяржава вам дапамагае ў супрацоўніцтве з дыяспарай?

– Пасля апошняга з’езда адбыўся паварот у стаўленні дзяржавы да дыяспары. Паступова прыйшло разуменне важнасці падтрымання сувязяў з дыяспарай, і мы спадзяемся што вынікам гэтага разумення стане доўгатэрміновая, а лепей нават сказаць сістэмная, супраца з дыяспарай.

Дзяржава вярнулася да пытання аб прыняцці закона аб беларусах замежжа, мы запрошаны ў Рабочую групу па распрацоўцы законапректа, да нашых прапаноў прыслухоўваюцца. Шчыра спадзяемся, што ў наступным годзе гэты закон будзе прыняты і стане фундаментальнай базай для супрацы з дыяспарай. На наш погляд, гэты закон мусіць даваць ільготы і прэферэнцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі людзям, якія маюць пасведчанне беларуса. Але пакуль пра гэта толькі ідзе размова.

Сёння ж дыяспара вырашае свае пытанні сама: напрыклад, беларуская суполка ў Іркуцку апелюе да тых праграм, якія ёсць ў Расіі, і не мае падтрымкі з Беларусі. Мы з пэўным страхам чакаем вынікаў сёлетнега перапісу насельніцтва ў Расіі. Бо паміж пазамінулым і мінулым перапісамі насельніцтва з тэрыторыі Расіі знікла паўмільёна беларусаў! І яны зніклі ў выніку асіміляцыі!

На Беласточчыне па дадзеных навукоўцаў яшчэ 10 год таму пражывала 300 тысяч беларусаў, а перапіс 2002 года паказаў, што беларусаў усяго 42 тысячы.

Нам патрэбна сістэмная праца з беларусамі замежжа, якая мусіць весціся з дапамогай дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, праз прыняцце адпаведнага закона.

Сёння шмат літоўцаў пакідаюць Літву, але за мяжу выязджаюць і настаўнікі і ствараюць там літоўскія школы. У нас жа беларускае школьніцтва за мяжой мінімальнае. А школьніцтва – адзін з фактараў захавання другога пакалення эміграцыі.

Сёння існуюць толькі беларускія школы на Беласточчыне, і то, яны падтрымліваюцца адмысловымі польскімі праграмамі, адна беларуская школа ў Рызе і адна ў Вільні. У Расіі, дзе пражывае амаль мільён беларусаў, беларускай школы няма.

Калі не будзе сур’ёзнай дзяржаўнай сістэмнай падтрымкі, гадоў праз 10 мы можам пачаць разважаць пра беларускую эміграцыю як пра гісторыю. Беларусь павінна перастаць губляць беларусаў.

– Але мы жывем у часы глабалізацыі. Усё болей людзей не хочуць прывязваць сябе да нейкай нацыянальнасці і называюць сябе людзьмі свету. Ці ёсць такі вялікі сэнс старацца захаваць беларускую дыяспару?

– Давайце ўявім, што глабалізацыя сапраўды паглынула свет, усе размаўляюць на адной мове, ва ўсіх адна культура… Мне гэта ўяўляецца жахам: усе людзі падобныя, гавораць аднолькавыя рэчы на адной мове. У сённяшнім свеце ўсё больш цэніцца ўнікальнасць. Калі вы выязджаеце ў іншую краіну, што вы імкнецеся прывезці акрамя ўражанняў? Штосьці адметнае, што нагадвала б вам менавіта пра паездку ў гэтую краіну. І кожная краіна развівае свае адметнасць, робіць яе сімвалам і брэндам.

Прывяду словы, якія сказаў на апошнім з’ездзе беларусаў свету амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Ён адзначыў, што ў свеце шмат краін, якія вырабляюць трактары ды іншую прадукцыю, але не ў гэтым іх ўнікальнасць. Гэта не тое, што Беларусь можа даць свету. Беларусь унікальна сваёй культурай. І мы з гэтым згодныя: кожная культура ўнікальная, гэта багацце нашага свету, якое мусім берагчы, і беларусы тут не выключэнне.

Руслан Гарбачоў, "Салідарнасць"