Цяпер мы можам паразумецца з амерыканскім народам

Сапраўднае падарожжа ў часе і прасторы чакала ўдельнікаў прэзентацыі беларускага перакладу рамана Курта Вонэгута “Бойня №5 або крыжовы паход дзетак”. Мерапрыемства адбылося 8 верасня ў КнігарніЎгалерэі.

Сапраўднае падарожжа ў часе і прасторы чакала ўдельнікаў прэзентацыі беларускага перакладу рамана Курта Вонэгута “Бойня №5 або крыжовы паход дзетак”. Мерапрыемства адбылося 8 верасня ў КнігарніЎгалерэі.

Па прыкладзе галоўнага героя рамана Білі Пілігрыма, які з зайздроснай хуткасцю і рэгулярнасцю вандруе ў часе, магчымасць здзейсніць сапраўднае падарожжа ў часе і прасторы атрымалі і беларускія аматары творчасці Курта Вонэгута, якія прыйшлі на прэзентацыю. Ахвотных павандраваць сабралася шмат. Крэслаў у зале хапіла далёка не ўсім. Правадніком па прасторах амерыканскай літаратуры стаў перакладчык Павел Касцюкевіч.

Павел Касцюкевіч

Пачалося ўсё з малітвы, той самай знакамітай малітвы Курта Вонэгута.

Божа! Дай мне лагоды
прыняць тое, што
я не магу змяніць,
мужнасці
змяніць тое, што магу,
і мудрасці —
заўсёды адрозніць першае ад другога.

Дапамагалі ствараць атмасферу вечара і віншавалі Паўла Касцюкевіча з выхадам кнігі калегі па літаратурным і перакладчыцкім цэху: пісьменнік Уладзімір Арлоў; паэты і перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Сяржук Мядзведзеў; перакладчыца, рэдактарка інтэрнет-часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет” Юля Цімафеева.

Ніна Шыдлоўская

Першай павіншавала Паўла Касцюкевіча старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. Яна згадала, што ў свой час адзін з паслоў Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен-Ар'е ў прадмове да кнігі "Чалавек, які скраў Сцяну Плачу" напісаў, што “нашы народы могуць зразумець адзін аднаго, толькі размаўляючы на родных мовах: беларускай і яўрэйскай”. “Зараз мы можам казаць, што і з амерыканскім народам мы можам паразумецца, толькі размаўляючы на родных мовах — беларускай і англійскай", -- сказала Ніна Шылоўская. Яна паведаміла, што пераклад рамана Курта Вонегута выдадзены ў адмыслова заснаванай Згуртаваннем падсерыі "Пераклады" серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны". Таксама ў гэтай падсерыі ўжо рыхтуецца да выдання кніга перакладаў вядомай ў Канадзе беларускай літаратаркі  і перакладчыцы Ірыны Варабей пад назвай “Легенды Ванкувера”. Ніна Шыдлоўская выказала надзею, што падобныя літаратурныя вечарыны-прэзентацыі будуць праходзіць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Гэта дасць магчымасць для пашырэння ведаў пра беларускую культуру ў свеце.

Уладзімір Арлоў

Сваімі ўспамінамі, выкліканымі перачытваннем “Бойні №5”, падзяліўся Уладзімір Арлоў. Ён прачытаў некалькі вершаў, тэматычна звязаных з Амерыкай. “Я рады, што праз гады маю магчымасць прачытаць “Бойню” па-беларуску. Думаю, калі б аўтар ведаў нашу мову і мог прачытаць пераклад, ён быў бы ім усцешаны. стылістычнымі, лексічнымі знаходкамі, паслямовай перакладчыка, “ – адзначыў Уладзімір Арлоў.

Вандроўку па прасторах амерыканскай літаратуры працягнуў Сяржук Мядзведзеў. Ён зачытаў урывак з рамана Чака Палініка “Байцоўскі клуб” ва ўласным перакладзе. Затым ён перадаў слова Юлі Цімафеевай, якая прачытала вершы паэта-бітніка Алена Гінзберга, драматурга Тэнесі Уільямса і маладога амерыканскага паэта Мэцью Дзікмана.

Сяржук Мядзведзеў

Пасля гэтага ўвагай аўдыторыі завалодаў майстар слэму Віталь Рыжкоў. Гэтым разам ён дэкламаваў вершы свайго ўлюбёнага паэта Тэйлара Мэлі.

Віталь Рыжкоў

Надзею на тое, што беларускі пераклад “Бойні №5” закладзе добрую традыцыю і ў Беларусі з’явіцца “працяг перакладаў конча патрэбных тут і цяпер раманаў” выказаў Андрэй Хадановіч. Ён не толькі пачытаў “вандроўныя”вершы, але і створаны адмыслова для вечарыны ўласны рымэйк малітвы Вонэгута.

З выхадам перакладу беларускаму чытачу сапраўды пашчасціла. Не толькі таму, што Павел Касцюкевіч – добры перакладчык, але і таму, што ён яшчэ і добры пісьменнік. Таму ў выніку мы маем не толькі пераклад знакамітага рамана, але яшчэ і паслямову ад перакладчыка, якая можа прэтэндаваць на званне асобнага літаратурнага твору. Прадмова называецца “Мой франтавы таварыш Курт Вонэгут”. Назва звязаная з цікавым выпадкам з жыцця Паўла Касцюкевіча, а дакладней, ягонага дзеда. Але гэта ўжо другая гісторыя… Тыя, хто быў на прэзентацыі, яе ведаюць. А хто не быў, даведаецца прачытаўшы кнігу.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Фота: Алесь Пілецкі