Завершыўся фінальны этап праекта "Савецкая спадчына ў Літве: учора і сёння"

Вандроўкай у Парк савецкай эпохі, што ў Грутасе (каля Друскенікаў), быў завершаны навукова-адукацыйны праект “Савецкая спадчына ў Літве: учора і сёння”, ініцыятарам якой выступіла маладзёвая ініцыятыва  StudAlliance пры падтрымцы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Парк савецкай эпохі ў Грутасе з’яўляецца ўнікальным месцам не толькі для краін Балтыкі, але і для ўсёй Еўропы. У Парку сабрана вялікая колькасць помнікаў савецкага перыяду, якія былі знятыя з пастаментаў пасля развалу Савецкага Саюза і не былі знішчаныя. Акрамя скульптур, на тэрыторыі Парка ёсць унікальны музей, луна-парк савецкіх часоў, карцінная галерэя, савецкае кафэ, заапарк ды шмат іншых атракцый, якія даюць магчымасць адчуць подых савецкага ладу жыцця ў Літве.

На фінальным этапе праекта студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта змаглі пазнаёміцца з захаваннем, выкарыстаннем ды інтэрпрэтацыяй савецкай спадчыны, паспрабаваць настальгічныя прысмакі школьнай сталовай, а таксама пакінуць свае водгукі ў адмысловай кнізе.

Нагадаем, што навукова-адукацыйны праект складаўся з цэлага шэрагу разнастайных мерапрыемстваў. Для ўсіх жадаючых былі зладжаны экскурсіі ў Музей ахвяр генацыду (былы следчы ізалятар КДБ ЛітССР), а таксама мемарыяльны парк у Тускуленах з наведваннем калумбарыюма. Для літоўскіх і беларускіх навукоўцаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца праблематыкай савецкай спадчыны, былі арганізаваныя два круглыя сталы, на якіх прэзэнтавалі як літоўскую, так і беларускую праблематыку ў пытаннях савецкага мінулага.

Навукова-адукацыйны праект “Савецкая спадчына ў Літве: учора і сёння” быў рэалізаваны пры непасрэднай падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, Музея ахвяр генацыду і МГА "ЗБС “Бацькаўшчына”.

Паводле прэс-службы StudAlliance