Наталля Гардзіенка: Для Беларусі паваенныя эмігранты застаюцца калабарантамі

Колькі сёння беларусаў жыве па-за межамі Беларусі і ці ёсць там беларускае жыццё? Як нашым суродзічам удаецца захоўваць мову і традыцыі дзядоў? Чаму беларуская дыяспара слабейшая за суседнія?

Колькі сёння беларусаў жыве па-за межамі Беларусі і ці ёсць там беларускае жыццё? Як нашым суродзічам удаецца захоўваць мову і традыцыі дзядоў? Чаму беларуская дыяспара слабейшая за суседнія?

На гэтыя і іншыя пытанні ў жывым эфіры TUT.BY адказвала сябра Рады і Управы Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" прарэктар па навучальнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат гістарычных навук, аўтар грунтоўных кніг па гісторыі беларускіх асяродкаў у Аўстраліі і Вялікабрытаніі Наталля Гардзіенка.

2,5 мільёны беларусаў за мяжой

— Колькі беларусаў сёння жыве за межамі нашай краіны?

— На жаль, дакладную статыстыку ніхто не вядзе. У энцыклапедыі "Гісторыя Беларусі", напрыклад, ідзецца пра 3,5 мільёны чалавек. Апошнія перапісы насельніцтва, праведзеныя на постсавецкай прасторы, гавораць пра тое, што афіцыйна зафіксаваная колькасць беларусаў змяншаецца. Таму сёння больш рэальнымі выглядаюць лічбы ў 2,5 мільёны. Але ўсё гэта вельмі прыблізна.

Найбольшая колькасць беларусаў сёння жыве ў Расіі - больш за 800 тысяч. Каля паўмільёна суродзічаў - у Злучаных Штатах Амерыкі. Гэта найбуйнейшыя краіны беларускай прысутнасці.

— Слынны беларуска-амерыканскі навуковец доктар Вітаўт Кіпель у сваіх даследаваннях называў лічбу каля мільёна беларусаў у Паўночнай Амерыцы...

— Больш рэальныя лічба ўсё ж - 500-600 тысяч, і яна таксама прысутнічае ў працах Кіпеля.

— Гэта людзі, якія называюць сябе беларусамі?

— Не толькі. Гэта людзі, якія некалі прыехалі з Беларусі, а таксама іх нашчадкі ў першым-другім калене. То бок гэта шматузроўневая беларуская дыяспара.

"У нашай дыяспары ёсць будучыня"

— Наталля, а што асабіста вас падштурхнула заняцца гэтай не самай папулярнай у Беларусі тэмай?

— Я зразумела, што вельмі мала вядома пра беларускае замежжа. Падчас удзелу ў падрыхтоўцы кнігі пра паваенную беларускую эміграцыю я ўбачыла, што большасць прозвішчаў, якія там згадваюцца, не былі амаль нікому вядомыя. Першым жаданнем было даследаваць жаночае жыццё ў эміграцыі. Я стала звяртацца да розных беларусаў, і яны пачалі адказваць на мае пытанні...

— Ваша першая кніга прысвечана гісторыі беларускіх асяродкаў у Аўстраліі. Чаму так далёка?

— Насамрэч, не было менавіта плану спецыяльна займацца Аўстраліяй. Але менавіта тамтэйшыя беларусы вельмі зацікавіліся маім даследаваннем і самі ініцыявалі мой прыезд туды, каб я на месцы магла збіраць успаміны жанчын-беларусак, якія жылі ў Аўстраліі.

— Наколькі буйная беларуская суполка ў Аўстраліі?

—У 1950-х гадах там жыло каля дзесяці тысяч беларусаў. Але сёння гэта значна менш, і, напрыклад, перапіс пачатку ХХІ стагоддзя афіцыйна зафіксаваў усяго каля 400 нашых суродзічаў - тых, хто афіцыйна падаў сябе беларусамі. Гэта стала прычынай закрыцця беларускіх радыёперадач у Сіднеі.

Але рэальная лічба, думаю, большая. Ёсць людзі, якія жывуць на эміграцыі з 1990-х гадоў, але дагэтуль не атрымалі грамадзянства. Ёсць нашчадкі беларусаў, якія ў перапісах фіксуюцца ўжо аўстралійскімі грамадзянамі.

— Ці можа падобнае скарачэнне колькасці беларусаў за мяжой прывесці да знікнення беларускай дыяспары як з’явы?

— Безумоўна, пераемнасць пакаленняў беларускай дыяспары - складаная праблема. Нягледзячы на ўсе намаганні бацькоў, дзеці, якія нарадзіліся ў іншай краіне, з вялікімі цяжкасцямі прыходзяць да беларускай мовы, да ўдзелу ў беларускіх арганізацыях. Так, ёсць шмат станоўчых прыкладаў, але я не магу сказаць, што гэта масавая з’ява.

З іншага боку, сёння беларускія арганізацыі ў свеце папаўняюцца пераважна коштам эміграцыі 1990-х гадоў. Так, і ў Аўстраліі, і ў Велікабрытаніі, і ў ЗША справу пераймае новая хваля перасяленцаў, і яна даволі стабільная. Штогод каля 10 тысяч нашых суайчыннікаў выязджае з Беларусі ў розныя краіны. Які працэнт з іх далучаецца да беларускіх арганізацый, невядома. Аднак месяц таму ў Велікабрытаніі я бачыла студэнтаў-беларусаў, маладых спецыялістаў, якія з ахвотай далучаюцца да беларускага жыцця. Праўда, яны хочуць працаваць у іншых формах, чым іх папярэднікі: ствараюць інтэрнэт-сайты, робяць фотавыставы. Але ім таксама цікавая Беларусь.

Таму, мяркую, у нашай дыяспары ёсць будучыня. Тым больш што апошнім часам ідзе імклівая разбудова беларускіх асяродкаў на постсавецкай прасторы.

"Беларусы Аўстраліі лічылі, што я з КДБ"

— Калі 6 год назад я быў у ЗША і сустракаўся з прадстаўнікамі паваеннай эміграцыі, мяне здзівіла, як гэтыя людзі праз усё жыццё на чужыне захавалі родную мову, традыцыі дзядоў. Але яшчэ больш мяне ўразіла, як іхнія ўнукі - амерыканцы ў другім пакаленні свабодна размаўляюць па-беларуску, якая для іх родная нароўні з ангельскай. Наталля, а што вас найбольш здзівіла падчас паездак у Аўстралію і Брытанію?

— Мяне таксама здзівілі людзі, якія, не ведаючы расійскай мовы, цудоўна размаўляюць па-беларуску. Так, праз жыццё ў англамоўным асяроддзі ў іх ёсць цікавыя ўстаўкі, але яны захаваліся беларусамі. Вельмі цікава было паслухаць, напрыклад, спевы беларускага гурта "Каліна" ў Аўстраліі. Яны выконваюць беларускія і ўкраінскія песні з цікавым акцэнтам, але лічуць гэта сваім.

Наогул, беларусамі на эміграцыі рэалізоўвалася вельмі шмат розных ініцыятыў. Напрыклад, было цікава даведацца, што ў 1970-х гадах у Брытаніі працавала беларуская паштовая служба, а ў Амерыцы ладзяцца штогадовыя беларускамоўныя фестывалі. У Беларусі пра гэтыя рэчы мала ведаюць, але яны працуюць на імідж Беларусі за мяжой.

— Якія стэрэатыпы пра цяперашнюю Беларусь найбольш пашыраны ў беларускіх дыяспарах?

— Тут можна вызначыць некалькі тыпаў. Першае, з чым я сутыкнулася ў Аўстраліі, - сур’ёзная засцярога перад людзьмі, якія прыязджаюць з Беларусі. Частка тамтэйшых беларусаў лічыла, што я прыехала па лініі КДБ збіраць інфармацыю пра іх жыццё. Магчыма, гэтая самая асцярожнасць, якая сягае ў савецкія часы, спрычынілася да непаразумення паміж старой і новай эміграцыямі.

Іншая крайнасць пачалася ў 1990-я гады, калі беларусы замежжа пабачылі, што ў Беларусі, рэальнай метраполіі, не размаўляюць па-беларуску. У іх узнікла пэўная крыўда: яны там, на выгнанні, захавалі беларускую мову, а з самой Беларусі прыязджаюць людзі, якія мовы не разумеюць.

“Эмігранты па-ранейшаму падаюцца з негатывам”

— Гаворачы пра паваенную эміграцыю, нельга не ўспомніць, што доўгія дзесяцігоддзі людзі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё нацыі, былі пад забаронай. Ці можна сказаць, што цяпер яны вернуты ў наш нацыянальна-гістарычны кантэкст?

— Я б так не сказала. За савецкім часам ў Беларусі быў выпрацаваны пэўны стэрэатып адносна беларускіх эмігрантаў. Над яго стварэннем працавала ўся нашая ідэалагічная машына, якая сцвярджала, што за мяжой апынуліся выключна здраднікі, у якіх рукі ў крыві. Як у савецкія часы не даследавалася пазітыўная роля беларусаў на эміграцыі, так і цяпер усё падаецца з пэўным негатывам, ухілам на калабарацыянізм.

Трэба ўлічваць, што насамрэч беларусы, якія апынуліся на Захадзе, дзеячы культуры і літаратары даволі доўгі час марылі і лічылі, што змогуць вярнуцца ў Беларусь. Яны адсочвалі, што тут адбываецца, хацелі захаваць несаветызаваную беларускую культуру: выдавалі кнігі, друкавалі часопісы, газеты...

— Спроба захаваць несаветызаваную Беларусь ёсць галоўнае дасягненне нашай эміграцыі?

— Гэта была іх мэта і місія. Яны хацелі рэпрэзентаваць Беларусь на Захадзе, каб пра яе ведалі. Хацелі, каб праз гэтыя веды Захад спрыяў набліжэнню Беларусі да незалежнасці. Нешта атрымоўвалася. Быў перыяд халоднай вайны, і шмат хто з беларускіх дзеячаў з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі гэтага супрацьстаяння, працуючы на тое, каб менавіта некамуністычная культура Беларусі стала вядома на Захадзе.

— У якой краіне прасоўванне беларускай культуры ўдалося больш за ўсіх?

— У кожнай краіне беларусы дзейнічалі сваімі шляхамі, але было і нешта агульнае. Адзін шлях - узаемадзеянне з палітычнымі коламі краін, дзе апынуліся беларусы. Тут вельмі плённа працавалі амерыканскія беларусы. Яны падтрымлівалі кантакты з прадстаўнікамі рэспубліканскай і дэмакратычнай партыі, удзельнічалі ў слуханнях у Кангрэсе. Таксама плённа ў гэтым кірунку працавалі беларусы Велікабрытаніі, якія яшчэ ў 1954 годзе стварылі англа-беларускае таварыства. У ім па першым часе актыўную ролю адыгрывалі брытанскія арыстакраты, якім была цікавая Беларусь як паняволеная Савецкім Саюзам краіна. Такім чынам, беларусы таксама ставілі беларускае пытанне на парадак дня брытанскай палітыкі.

У аўстралійцаў палітычны складнік атрымліваўся горш, але яны актыўна ўдзельнічалі ў шматкультурных мерапрыемствах: беларускія стэнды на выставах, спевы, танцы. Гэткі мастацкі ўзровень рэпрэзентацыі Беларусі быў пашыраны і ў Канадзе. У Францыі і Паўночнай Амерыцы вельмі плённа працавалі беларускія мастакі. Яны малявалі Беларусь, ладзілі выставы, пашыраючы веды пра Беларусь...

"Новая эміграцыя - касмапалітычная"

— Чаму беларуская дыяспара прыкметна слабейшая за дыяспары нашых суседзяў? Чаму ў Нью-Ёрку ёсць расейскія, польскія, літоўскія клубы, рэстарацыі, а беларускіх няма?

— Параўноўваць беларусаў з палякамі, з расейцамі і нават з украінцамі даволі складана, бо мы значна саступаем ім колькасна.

Беларусам было складана яшчэ і таму, што ў многіх з іх узровень нацыянальнай самасвядомасці быў размыты. Беларусы-каталікі наведвалі польскія касцёлы і запісваліся палякамі, беларусы-праваслаўныя - расійскія цэрквы і станавіліся расійцамі. Літоўцаў адасабляла своеасаблівая мова, і калі чалавек хацеў знайсці сваіх, то ішоў менавіта да літоўцаў. Беларусы шлі і да ўкраінцаў, і да расейцаў, і да палякаў: ім было важна, каб побач быў славянін, а будзе ён беларусам ці не - другасна.

— Цяпер таксама ідуць да расейцаў і ўкраінцаў?

— Так, і да расійцаў, і да ўкраінцаў - у залежнасці ад мясцовасці. А часам не ідуць ні да каго. Насамрэч, эміграцыя 1990-х - 2000-х гадоў у значна большай ступені касмапалітычная, чым паваенная. Тады выязджалі тыя, хто не хацеў жыць пры савецкай уладзе. Цяпер большасць з’язджае з эканамічных прычынаў, імкнучыся адаптавацца на Захадзе.

"Беларусы не здолелі стварыць нацыянальныя школы"

— Мы сказалі пра дасягненні дыяспары, а чаго беларусам за мяжой не ўдалося зрабіць?

— Самае важнае - стварыць беларускія школы, адукацыю, што магло б станоўчым чынам вырашыць праблему пераемнасці пакаленняў. Пэўны час беларускія школы дзейнічалі паўсюль, але толькі на ўзроўні нядзельных школак, якія то працавалі, то перапынялі існаванне. Сталых адукацыйных устаноў беларусы не стварылі.

Адзіны ўдалы прыклад - школа-інтэрнат для хлопцаў імя святога Кірылы Тураўскага ў Лондане, якая стваралася грэка-каталіцкай місіяй і дзейнічала ад пачатку 1960-х да сярэдзіны 1970-х гадоў. Але атрымалася так, што лёс раскідаў ейных выпускнікоў па краінах, дзе беларусаў вельмі мала. Вынікам, закладзеная ім беларускасць засталася ў прыватным запатрабаванні. Цяпер толькі некалькі з іх падтрымліваюць сувязь з беларусамі ў свеце.

— Што сёння з’яўляецца галоўным выклікам для беларускай дыяспары?

— Ёсць праблема пераемнасці пакаленняў, бо старое пакаленне адыходзіць, а маладое не надта спяшаецца ўліцца ў беларускія асяродкі. Але найбольшая бяда - непаразуменне паміж беларусамі дыяспары і метраполіяй. Канструктыўнага дыялогу паміж беларусамі метраполіі, уладамі і дыяспарай сёння фактычна няма. Няма зацікаўленасці метраполіі ў дыяспары, няма рэальнай праграмы ўзаемадзеяння. Гэта стварае шматлікія праблемы, напрыклад, прыезду замежжа на радзіму, для чаго ім трэба атрымліваць візы, рэгістравацца. Іх гэта таксама крыўдзіць. Адлюстраваннем гэтай праблемы ёсць і тое, што дагэтуль не прыняты закон аб суайчынніках за мяжой.

— То бок за амаль год, які мінуў з часу З’езду беларусаў свету, на якім улады шмат усяго абяцалі, нічога не змянілася?

Рэальна не змянілася. Закон не прыняты, хоць я ведаю, што размовы пра падрыхтоўку новага праекту вядуцца.

— Што ж, на вашу думку, так стрымлівае ўлады Беларусі зрабіць крок насустрач эмігрантам?

— Напэўна, у дачыненні да заходняй дыяспары ёсць пэўныя засцярогі, бо яна не падтрымлівае палітычны курс метраполіі і асабіста прэзідэнта Беларусі. Трэба думаць з абодвух бакоў - не датычна канкрэтных асобаў і асяродкаў, а пра тую вялікую карысць, якую ўзаемадзеянне з дыяспарай можа прынесці Беларусі. Прынамсі для таго, каб Беларусь ведалі ў свеце, беларуская метраполія павінна супрацоўнічаць з дыяспарай. Апошняя гатова дапамагаць, і рабіла гэта на сваім узроўні, колькі магла.

Кастусь Лашкевіч, Tut.by