Абраны пераможца конкурсу эскізаў дошкі ў гонар Ларысы Геніюш

Ларыса ГеніюшПадведзены вынікі конкурсу эскізаў памятнай дошкі ў гонар Ларысы Геніюш. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Гэнік Лойка. Менавіта ягоны праект будзе ўвасоблены ў мемарыяльнай шыльдзе, якая будзе ўсталявана ў Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш падчас свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай Рэспубліцы.

Падведзены вынікі конкурсу эскізаў памятнай дошкі ў гонар Ларысы Геніюш. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Гэнік Лойка. Менавіта ягоны праект будзе ўвасоблены ў мемарыяльнай шыльдзе, якая будзе ўсталявана ў Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш падчас свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай Рэспубліцы.

Нагадаем, конкурс быў абвешчаны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”  10 сакавіка ў межах аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Ініцыятыва ўсталявання памятнай шыльды ў гонар паэткі належыць беларусам Чэхіі, а менавіта сябрам беларускай суполкі “Скарына”, якая дзейнічае ў Празе.

5 траўня прайшло пасяджэнне сябраў аргкамітэту, падчас якога адбылося абмеркаванне эскізаў памятнай шыльды, прадстаўленых на конкурс. У выніку лепшым быў прызнаны праект Гэніка Лойкі. На думку сябраў аргкамітэту (у тым ліку і  беларусаў Чэхіі), ягоны эскіз найбольш адпавядае канцэпцыі конкурсу і яскрава раскрывае вобраз Ларысы Геніюш.

“Геніюш блізкая мне па духу, –  гаворыць пераможца. – Я лічу сябе яе нашчадкам. Таму я з задавальненнем узяў удзел у конкурсе. Да таго ж, я яшчэ і яе зямляк, я сам з Мастоўскага раёна”.

Па задуме скульптара, памятная шыльда будзе адліта з сілуміну (сплаў на аснове алюмінію).

Макет шыльды аўтарства Гэніка Лойкі

На шыльдзе будуць размешчаны наступныя словы на беларускай і чэшскай мовах:

“У поўную сілу беларускай, роўнай усім і ня ўніжанай,
я была толькі ў Чэхіі…”

Тут ад 1943 г. жыла беларуская паэтка Ларыса Геніюш,
у 1948 г. высланая ў савецкі Гулаг.

“Plnou měrou jsem Běloruskou, rovnoprávnou a neponíženou, byla pouze v Čechách...”

V tomto domě žila od r.1943 běloruská básnířka Larysa Geniuš, v r.1948 odvlečená do sovětského Gulagu.

Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды ў Празе адбудзецца ў жніўні і будзе прымеркавана да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння паэткі, які адзначаецца 9 жніўня.

Дом, на якім будзе ўсталявана шыльда

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”