Убачыла свет даследаванне пра беларусаў Вялікабрытаніі

Выйшла з друку 18-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Гэта даследаванне гісторыка Наталлі Гардзіенкі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”. У выданні разглядаецца гісторыя беларуска-брытанскіх кантактаў, шляхі і матывы прыезду нараджэнцаў беларускіх земляў у Вялікабрытанію.

Выйшла з друку 18-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Гэта даследаванне гісторыка Наталлі Гардзіенкі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”.

У выданні разглядаецца гісторыя беларуска-брытанскіх кантактаў, шляхі і матывы прыезду нараджэнцаў беларускіх земляў у Вялікабрытанію, аднак найбольшая ўвага надаецца дзейнасці пасляваеннай хвалі беларускай іміграцыі ў гэтай краіне. Падрабязна разглядаецца гісторыя асобных арганізацый беларусаў: Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў, Англа-беларускага таварыства, Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і іншых. Адмысловая ўвага надаецца рэлігійнаму жыццю беларусаў, гісторыі асобных праваслаўных парафій, дзейнасці Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду.

“Беларусы ў Вялікабрытаніі” —  першая агульная даследчая праца, прысвечаная розным аспектам беларускай прысутнасці ў гэтай краіне, -- распавядае аўтар кнігі. -- Ідэя стварэння такой кнігі нарадзілася ў сябраў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У арганізацыі захаваўся значны архіў, што патрабаваў вывучэння. І менавіта на падставе інфармацыі з гэтага, а таксама іншых архіваў і фондаў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане была напісана кніга”.

Кніга Наталлі Гардзіенкі – гэта сапраўдная энцыклапедыя беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Аднак гэтая энцыклапедыя напісана так, што пачытаць яе цікава будзе не толькі навукоўцам, але і ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, беларускай прысутнасцю ў свеце і любіць чытаць пра вандроўкі. Да слова пра вандроўкі, кніга “Беларусы Вялікабрытаніі”  можа з поспехам выкарыстоўвацца ў якасці турыстачнага дапаможніка тымі, хто збярэцца ў падарожжа на Брытанскія выспы. У канцы кнігі змешчаны даведнік па беларускіх месцінах у Вялікабрытаніі.

А такіх месцаў у гэтай краіне шмат. “Гэта і Парламент, які наведвалі і ранейшыя дыпламаты, і прадстаўнікі Рэчы Паспалітай, такія як Станіслаў Панятоўскі, і дзе пазней ладзіліся адмысловыя прыёмы ў гонар беларусаў і 25 Сакавіка. Гэта і Брытанскі музей, дзе захоўваюцца выданні Францыска Скарыны, лонданскія кнігі Аляксандра Рыпінскага і шмат іншага. Гэта і Альбэрт-Хол ды заля Вэстмінстэрскай катэдры, дзе выступалі беларусы, у тым ліку славуты Пётра Конюх,” – піша аўтарка ў прадмове да даведніка па беларускіх мясцінах.

А яшчэ ў Вялікабрытанні нямала беларускіх месцаў, створаных самімі беларусамі. Пра іх можна даведацца, прачытаўшы кнігу Наталлі Гардзіенкі.

Акрамя таго, у кнізе прадстаўлены звесткі па беларускіх могілках у Вялікабрытанні, а таксама пададзеныя біяграфіі беларускіх дзеячаў, чыё жыццё звязана з гэтай краінай.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 17 красавіка ў Беларускім доме ў Вялікабрытаніі (52, Penn Road, London).

***

Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка ; пад рэд. А. Гардзіенкі. – Мінск : Медысонт, 2010. – 620 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 18).

------------------------------------------------

Кнігу можна набыць у наступных крамах:

“Кнігарня пісьменніка”, вул. Казлова, 2, тэл.: 2849061, www.pism.belkniga.by
“Акадэмкніга”, пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 2920052“Кнігарня “Эўрыка”, вул. Куйбышава, 75, тэл./факс: 2920067, www.evrica.belkniga.by“
Сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13, тэл.: 2848511, www.tbm.org
Управа БНФ, вул. Варвашэні, 8, тэл.: 2133008, 2845012, www.pbnf.org
“Дом книги “Знание”, вул. К. Маркса, 36, тэл./факс: 2261090, www.znanie.belkniga.by
КнігарняЎгалерэі, пр. Незалежнасці, 37А, тэл. 2906306, www.ygallery.by/
Крама "Подземка", пр. Незалежнасці, 43

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”