Л. Вольскі: “Апроч “Будзьма!” беларускай культурай па-сапраўднаму ніхто не займаецца”.

Вольскі“Белая яблыня грому”  – назва новага сольнага праекту Лявона Вольскага. Праект будзе прэзэнтавацца ў Тэатры імя Янкі Купалы ў Менску 23 сакавіка. На дыску, які ўбачыў свет дзякуючы падтрымцы МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", 12 песень, напісаных на вершы розных клясыкаў XIX-XX стагоддзяў.

“Белая яблыня грому”  – назва новага сольнага праекту Лявона Вольскага. Праект будзе прэзэнтавацца ў Тэатры імя Янкі Купалы ў Менску 23 сакавіка. На дыску, які ўбачыў свет дзякуючы падтрымцы МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", 12 песень, напісаных на вершы розных клясыкаў XIX-XX стагоддзяў. Зь Лявонам Вольскім гутарыць карэспандэнт “Будзьма разам!” Антось Качулка.

volski

– Сучасная сыстэма адукацыі ў многіх адбівае ахвоту да беларускай паэзіі савецкага і дасавецкага пэрыяду. У прыватнасьці паэзія азначанага часу многімі ўспрымаецца як архаічная, малаактуальная. Ваш новы праект  – спроба рэабілітацыі  беларускай культурнай спадчыны?

У праекце песьні Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа (дарэвалюцыйныя вершы). Да таго ж беларуская савецкая паэзія не вымагае аніякае рэабілітацыі. Ёсьць вершы таленавітыя і сакавітыя, а ёсьць напісаныя паводле замовы, шэрыя, нецікавыя. У большасьці аўтараў савецкага часу можна знайсьці і тыя, і іншыя. Але на халеру зараз выцягваць гвалтам пісаныя творы пра Леніна й партыю? Ня толькі ж пра гэта пісалася.

Зрэшты, цягам кожнага гістарычнага пэрыяду паэты ды іншыя творчыя людзі мусілі вытрымліваць розныя правілы гульні. За царом — адныя, за саветамі – іншыя. Цяпер – сучасныя. Ці атрымаць грант альбо стыпэндыю ад замежнай краіны (Польшчы, Швэцыі, напрыклад) на напісаньне кнігі, ці пайсьці здацца ў афіцыйны Саюз пісьменьнікаў… Трэба сказаць, што ў “саўку” было прасьцей. Бо не было аніякае альтэрнатывы. Хіба дысыдэнцтва, але ў Беларусі яго амаль што не было.

А праект – хутчэй спроба рэабілітацыі наогул беларускае паэзіі, бо ў школе сапраўды адбіваюць ахвоту да беларускае літаратуры, культуры і ўсяго беларускага.

– Што новага, на ваш погляд, можа знайсьці,  убачыць і адкрыць для сабе ў  вершах клясыкаў савецкага часу сучасны  малады беларус?

Па-першае, пэўную клясу пісаньня. Майстэрства. Па-другое (і для мяне гэта было дзіўна, бо я й сам даўно не разгортваў кнігі беларускіх паэтаў), наколькі зараз сьвежа ды актуальна гучаць радкі Панчанкі ці Барадуліна, напісаныя ў 70-я! А ўжо вершы пра каханьне – дык сапраўды вечныя.

– Сёньня большасьць цікавага і сучаснага ў беларускай культуры існуе нібы ў паралельнай прасторы, амаль невядомае шырокім масам. Праблема ў слабой інфармацыйнай раскрутцы ці ў малой  колькасьці якасных культурных прадуктаў?

На маю думку, гэта комплексная праблема. Паводле ідэі, папулярызацыяй, мэнэджмэнтам культуры мусіць займацца дзяржава. Як ва ўсіх нармальных краінах. У нас жа склалася гэтак, што ёсьць нешта афіцыйнае – музыка, літаратура – і ёсьць незалежнае. Незалежнае – масава непажаданае (проста нават праз гэтую сваю незалежнасьць). Дый гэтыя індэпэндэнт-творцы прызвычаіліся да сваёй паўпадпольнасьці за гэтыя часы.

Тымчасам народ адчувае, што яму падсоўваюць нешта “ня тое” і не купляе кружэлкі афіцыйных выканаўцаў, ня думаю, што й кнігі афіцыйных пісьменьнікаў карыстаюцца шалёным попытам… Між іншага, за савецкім часам літаратары былі ў пашане сярод народных масаў. Іх цытавалі, паважалі, любілі. Бо камуністы сарамліва прапагандавалі беларускую літаратуру. За гэта пісьменьнікам даводзілася плаціць. Вершамі. Крывадушшам. Жыцьцём… Але, калі ў Беларусь прыйдзе цывілізацыя, дапамогай у зьдзяйсьненьні культурніцкіх праектаў будзе, безумоўна, займацца дзяржава. У тым ліку і падтрымліваць незалежных творцаў. Ну, і, безумоўна, тут мусяць дзейнічаць розныя іншыя фундацыі, якія будуць падтрымліваць беларускую культуру.

– Вы неаднойчы бралі ўдзел у  культурніцкіх акцыях кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кампанія намагаецца папулярызаваць сучасную беларускую культуру, аб’яднаць беларусаў на глебе павагі да сваёй культуры. Як вы ўспрымаеце кампанію? Як бачыце ейнае  разьвіцьцё?

Я вельмі станоўча ўспрымаю кампанію. Бо яна займаецца беларускай культурай. А ў Беларусі беларускай культурай па-сапраўднаму сур’ёзна болей ніхто і не займаецца. Я не бяру да ўвагі мерапрыемствы для галачкі, “Эўравізію” і ўсё зь ёй зьвязанае, ды іншыя “славянскія базары”. Спадзяюся, “Будзьма!” будзе разьвівацца, і, калі трэба, гатовы, чым магу, дапамагчы ў гэтым разьвіцьці.

– Галоўны рухавік кампаніі – Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якое імкнецца яднаць беларусаў замежжа і метраполіі. Пры якіх умовах беларусы за мяжой могуць аб’яднацца ў моцныя дыяспары? А ўсе разам – дапамагаць Беларусі?

Вось тут акурат варта зноўку ўзгадаць пра культуру. Шмат што ў сьвеце зьдзяйсьнялася праз пэўныя мастацкія творы, праз тых, хто іх стварыў. Напрыклад, першым яскравым выразьнікам беларускае ідэі, бадай, быў Францішак Багушэвіч. Ён напісаў першыя маніфэсты-прадмовы да сваіх кнігаў, а таксама вершы-маніфэсты, вакол ідэяў якіх пачалі гуртавацца людзі. Дзеля аб’яднаньня беларусаў замежжа ў моцныя дыяспары (як гэта было па вайне) трэба распрацоўваць адмысловую праграму. Сюды могуць уваходзіць мерапрыемствы шырокага спэктру — напрыклад, канцэрты беларускіх выканаўцаў (паводле майго досьведу, моладзь зьяжджаецца на цікавы беларускі канцэрт з усіх Злучаных Штатаў)…

Трэба, каб нехта гэтым пачаў сур’ёзна займацца, бо за мяжою безьліч нашых суайчыньнікаў, раскіданых і разьяднаных. Якія ўрэшце прыбіваюцца да “рускае тусоўкі”. Бо расейцы маюць свае дыскатэкі, канцэрты, выставы… З гэтых дыскатэкаў, канцэртаў, выставаў і іншых цікавых для чалавека рэчаў, падаецца, і трэба пачынаць.

Антось Качулка, budzma.org