Малая Рада зацвердзіла план працы “Бацькаўшчыны” на бягучы год

Пасяджэнне Малой рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 12 сакавіка ў Мінску. Пачалося пасяджэнне са справаздачнага дакладу аб дзейнасці “Бацькаўшчыны” пасля Пятага з’езду беларусаў свету.

Пасяджэнне Малой рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 12 сакавіка ў Мінску.

Пачалося пасяджэнне са справаздачнага дакладу аб дзейнасці “Бацькаўшчыны” пасля Пятага з’езду беларусаў свету, з якім выступілі кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская. Сябры Рады таксама заслухалі фінансавую справаздачу аб дзейнасці Згуртавання за 2009 год. Абодва даклады – аб дзейнасці “Бацькаўшчыны пасля Пятага з’езда і фінансавая справаздача – былі аднагалосна зацверджаны Малой Радай.Галоўнае пытанне, якое разглядалася падчас пасяджэння, – план працы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на бягучы год. Планам вызначаны асноўныя накірункі інфармацыйнай, арганізацыйнай, юрыдычнай, выдавецкай дзейнасці “Бацькаўшчыны”, а таксама дзейнасці у галіне навукі і адукацыі, культуры і асветы. План складаецца з 98-мі пунктаў.У галіне арганізацыйнай і прававой дзейнасці, да прыкладу, прадугледжаны ўдзел у працы Рабочай групы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў па распрацоўцы закона аб беларусах замежжа; сустрэчы з міністрамі і супрацоўнікамі Мінкульта, МЗС, Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Мінадукацыі і інш. па пытаннях беларусаў замежжа; арганізацыя святкавання 20-годдзя стварэння “Бацькаўшчыны” (10 верасня); арганізацыя публічных сустрэч ў Мінску з кіраўнікамі беларускіх арганізацый замежжа ды шматлікія іншыя мерапрыемствы. Нагадаем, нядаўна адбылася першая такая сустрэча – са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам. Бліжэйшай імпрэзай, якую ладзіць “Бацькаўшчына” сумесна з МГА “Белкнігазбор”, будзе святочная вечарына 17 сакавіка з нагоды выхаду 50-ці тамоў кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”. Таксама плануецца падрыхтаваць і даслаць паўторныя звароты да дзяржаўных органаў РБ па пытаннях, выкладзеных у праграме “Беларусы свету”, прынятай Пятым з’ездам беларусаў свету.Што тычыцца дзейнасці ў галіне культуры і асветы, то найперш варта адзначыць працу ў межах агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, асноўным каардынатарам якой з’яўляецца Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Апроч таго, планам прадугледжана правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў, сярод іх:

• удзел у Арганізацыйным камітэце па святкаванні 100-годдзя Ларысы Геніюш;• удзел у Арганізацыйным камітэце па святкаванні 100-годдзя Барыса Кіта, у тым ліку арганізацыя святочнай вечарыны 6 красавіка;• распрацоўка канцэпцыі і ўдзел у выданні і распаўсюдзе дыска “Лепшае – барды” у межах кампаніі па павышэнні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў; • правядзенне конкурсу сярод вучняў на тэмы: “Лепшы нарыс пра выбітных людзей майго краю, якія ўнеслі важкі ўнёсак у сусветную культуру” і “Лепшы нарыс пра гісторыю майго населенага пункта” (супольна з гістарычным клубам “Стары Гетман”);• арганізацыя выставы мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” (па ўзгадненні з суполкай “Маю гонар” і Мінкультам РБ);• удзел ў святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Арганізацыя цыклу гістарычных лекцый;• удзел у святкаванні 20-годдзя прыняцця Вярхоўным Саветам Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце;• практычная дапамога арганізацыям беларусаў замежжа.У галіне выдавецкай дзейнасці ў 2010 годзе запланавана:

• перавыданне кнігі Алега Трусава “Невядомая нам краіна” і Анатоля Грыцкевіча “Старонкі нашай мінуўшчыны”;• падрыхтоўка да друку матэрыялаў Чацвёртага і Пятага з’ездаў беларусаў свету;• друк і распаўсюд буклету “Гісторыя Беларусі адной старонкай” (супольна з гістарычным клубам “Стары Гетман”);• падрыхтоўка пдф-версіі брашуры Леаніда Лыча “Культура Беларуси: от самобытной к денационализованной”;• выданне збору твораў Алеся Петрашкевіча;• выданне ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” кніг Наталлі Гардзіенкі “Беларусы Вялікабрытаніі”, а таксама пазасерыйных мастацкіх і навукова-папулярных кніг;• выданне і распаўсюд па бібіліятэках бюлетэню кніжных навінак “Кніганоша” (супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў).Таксама падчас пасяджэння Малой Рады паступіла прапанова ад сп-ра Міколы Купавы выдаць альбом твораў знакамітага беларускага мастака Яўгена Куліка. Акрамя таго, сп-р Купава прапанаваў ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” выступіць з заявай аб неабходнасці правядзення конкурсу сярод скульптараў на распрацоўку помніка Міндоўгу, які мусіць паўстаць у Наваградку. На дадзены момант, па словах сп-ра Купавы, ніякага конкурсу сярод скульптараў не праводзіцца, што з’яўляецца парушэннем працэдуры рэалізацыі падобных праектаў.Сп-р Адам Мальдзіс прапанаваў працягнуць камплектаванне матэрыялаў для будучых даведнікаў “Беларусы ў свеце”. Яго прапанова выклікала дыскусію сярод сяброў Рады аб тым, якім чынам лепей рэалізаваць выданне гэтых даведнікаў. Ад сп-ра Валянціна Голубева паступіла прапанова, якая была падтрымана прысутнымі, з тым, каб рыхтаваць асобныя даведнікі па краінах і толькі пасля аб’яднаць іх у адно шматтомнае выданне. Марыя Міцкевіч выступіла з прапановай ад імя згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” накіраваць у мэрыю Варшавы ліст з просьбай аб усталяванні ў горадзе помніка Янку Купалу.Разгледжаны вышэй план дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на 2010 год, як і ўсе прапановы, што паступілі падчас пасяджэння, былі аднагалосна зацверджаны сябрамі Малой Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”