Хведар Нюнька: У Беларусь я прыязджаю з падвойным пачуццём

Няма нічога больш даўгавечнага, чым часовае. Цудоўным прыкладам таму ёсць лёс старшыні Таварства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі.

Няма нічога больш даўгавечнага, чым часовае. Цудоўным прыкладам таму ёсць лёс старшыні Таварства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі.

У далёкім ўжо 1989-м годзе адбыўся ўстаноўчы сход ТБК. На гэтым сходзе на пасаду старшыні часова быў абраны Хведар Нюнька, па яго ўласных словах, таму што “не знайшлося на той момант нікога, хто падыходзіў бы лепш”. Як аказалася, лепшага і не трэба. З тае пары Хведар Якубавіч з’яўляецца бяззменным кіраўніком таварыства вось ужо амаль 21 год. 

Жыццёвай энергіі 81-гадовага Хведара Якубавіча пазайздросціць можа любы маладзён. У чым тут сакрэт? Магчыма, якраз у яго самаахвярнай працы на карысць Беларусі. Намаганнямі ТБК у Вільні выдадзены дзесяткі кніг, праведзены 4 З’езды беларусаў Балтыі і безліч беларускіх мерапрыемстваў, усталяваны помнікі на могілках беларускіх дзячоў, адкрыты мамерыяльныя дошкі Францішкку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Рыгору Шырме, Янку купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Пятру Сергіевічу, Наталлі Арсеньевай, Адаму Станкевічу, Максіму Гарэцкаму... Усяго не пералічыш. Як адзначыла старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская падчас сустрэчы з Хведарам Нюнькам, што адбылася 20 лютага ў мінскай страўні “Камяніца”, калі пералічваць усе справы ТБК, то гэта зойме ўсю сустрэчу.

Падчас імпрэзы Хведар Нюнька пачуў на свой адрас шмат цёплых словаў.

Удзячнасць за шматгадовае супрацоўніцтва Хведару Якубавічу выказала кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская: “Мы вельмі рады, што Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” спрычынілася да многіх імпрэзаў, праведзеных ТБК. Апошнія 10 год мы не толькі супрацоўнічаем, мы сябруем, і я магу некалькі слоў сказаць пра Хведара Нюньку як пра чалавека. Гэта вельмі гасцінны гаспадар, мудры дарадца, надзейны сябра і паплечнік. Гэта чалавек, які заўжды вельмі хутка рэагуе на нейкія просьбы, пытанні. Гэта вельмі адчувальна падчас паравядзення грамадскіх кампаній і цяжкіх момнтаў, якія былі ў нашай арганізацыі. Для мяне ўласна сённяшняя Вільня з’яўляецца беларускай яшчэ і таму, што там жыве і дзейнічае Хведар Нюнька”.

Працягнуў імпрэзу блізкі сябар Хведара Нюнькі акадэмік Радзім Гарэцкі.

“Мы, як кажуць, у шапку праспалі і Вільню, і Віленшчыну. На жаль, так здарылася. Але ёсць там такія людзі як Хведар Нюнька. Дзякуючы ім там захоўваецца беларускасць, -- сказаў Радзім Гарэцкі. -- Хведар больш за 20 год узначальвае таварыства, пры чым не проста фармальна. Яны кожны месяц, кожны тыдзень праводзяць велізарныя справы. Што вельмі важна, Нюнька так добра кантактуе з літоўскімі ўладамі, што яны яго шануюць. Яны не толькі узнагароджваюць яго ардэнамі, але і дапамагаюць беларусам, дзякуючы Нюньку”.

Падтрымаў яго думку “калега” Хведара Нюнькі, такі самы нязменны кіраўнік сваёй арганізацыі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, адзначыўшы: “Пакуль будзе Нюнька, будзе Вільня, і будзе Беларусь. І мы пакуль ён ёсць, Вільню не страцілі”.Падчас сустрэчы Хведар Нюнька распавёў пра свой нялёгкі жыццёвы шлях і шматгадовы вопыт працы на беларускай ніве. 

Гаворачы пра Беларусь, Хведар Якубавіч з сумам адзначыў: “З аднаго боку, я прыязджаю сюды, бо гэта мае карані, я тут нарадзіўся. Хоць амаль 60 гадоў я жыву ўжо ў Вільні, гэта зямля, дзе пахаваны продкі мае. Гэта тое месца, дзе ніхто не можа сказаць, што я тут чужы. З другога боку, ёсць пачуццё, што я не ведаю, куды праехаў. Я тут не чую беларускай мовы, я тут не бачу вуліц, названых імёнамі беларускіх патрыётаў, якія жылі, працавалі і аддавалі жыццё за Беларусь. Тут існуе папіранне правоў чалавека. Да гэтага мы, як культурніцкая арганізацыя, не можам абыякава адносіцца. Мы рэагуем на гэта. Робім пратэсты, пішам, праводзім дэманстрацыі. Вось зтакім падвойным пачуццём я прыязджаю ў Беларусь”.

Выдатным візуальным адлюстраваннем аповеду Хведара Нюнькі стала прэзентацыя фільма рэжысёра Вольгі Мікалайчык “Беларускія справы” пра дзейнасць ТБК у Вільні.

Фільм створаны па ініцыятыве Хведара Якубавіча, які прадставіў Вользе Мікалайчык для працы 40 гадзінаў архіўных відэматэрыялаў па дзейнасці таварыства. 

Сустрэча з Хведарам Нюнькам была першай з цыклу сустрэч з вядомымі дзеячамі беларускага замежжа, якія плануе правесці Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”