Алена Макоўская выступіла на пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў

Кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” было запрошана і брала  ўдзел ў пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якое адбылося 14 студзеня ў Мінску.

На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі Кансультатыўнага міжканфесійнага Савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, міністэрстваў культуры, адукацыі,  абароны, унутраных спраў ды іншых міністэрстваў і ведамстваў.

Галоўным чынам на  пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні, прысвечаныя супрацы дзяржавы з канфесіямі і рэлігійнымі арганізацыямі, зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь. Пра вынікі працы Апарата па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у 2009 годзе і задачах на 2010 год паведаміў Леанід Гуляка, упаўнаважаны па справах  рэлігій і нацыянальнасцяў. Была заслухана інфармацыя прадстаўнікоў рэгіянальных выканкамаў аб іх супрацоўніцтве з канфесіямі, аб некаторых праблемных пытаннях узаемадзеяння, а таксама аб працы з беларускімі суполкамі і мастацкімі калектывамі ў замежжы.

Пра сітуацыю і працу нацыянальных меншасцяў у Беларусі праінфармавалі  прадстаўнікі саюзаў палякаў і ўкраінцаў.

А.Макоўская, кіраўнік  ЗБС “Бацькаўшчына”, распавяла падчас выступу пра ролю Згуртавання ў захаванні беларускай прысутнасці ў замежжы, асноўныя накірункі дзейнасці “Бацькаўшчыны”, у тым ліку пра супрацу з арганізацыямі беларусаў замежжа, кніжную серыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны” і пра дзейнасць Згуртавання па распрацоўцы прапаноў у законапраект “Аб беларусах замежжа”. “Бацькаўшчына” ацэньвае ўдзел прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі ў Пятым з’ездзе як  пазітыўны, канструктыўны і кансалідуючы крок, - адзначыла Алена Макоўская. -  Беларуская супольнасць спадзяецца, што гэты крок будзе не толькі іміджавым, але і практычным у дачыненні да беларускага замежжа і прывядзе да прыняцця адпаведнага закона і рэалізацыі канкрэтных захадаў па вырашэнні пытанняў і праблем беларускай дыяспары”.

Распавядаючы пра навуковы накірунак дзейнасці Згуртавання, Алена Макоўская звярнула ўвагу на тое, што тэма беларускай дыяспары слаба даследавана ў Беларусі, ёй не надавалася належнай увагі і з боку дзяржавы. Аднак сп-ня Макоўская выказала надзею на тое, што гэтая сітуацыя выпраўляльная. Прынамсі, цяпер “Бацькаўшчына” працуе над канцэпцыяй навуковай структуры па вывучэнні беларускай дыяспары ў складзе Акадэміі Навук.

Напрыканцы выступу сп-ня Макоўская нагадала, што ў гэтым годзе “Бацькаўшчына” святкуе свой 20-ці гадовы юбілей, які плануецца адзначыць увосень гэтага года.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”