Адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне Управы “Бацькаўшчыны”

У аўторак, 12 студзеня, адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне Управы МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. На пасяджэнні сябрамі Управы была заслухана інфармацыя кіраўніка “Бацькаўшчыны” Алены Макоўскай і Старшыні Рады Ніны Шыдлоўскай аб дзейнасці Згуртавання.

З улікам загадзя пададзеных прапаноў ад сяброў Управы для разгляду быў прапанаваны спіс камісій Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Пасля абмеркавання былі зацверджаны наступныя камісіі Управы:

- культурна-асветная (у складзе Зміцера Падсадчыка, Алеся Лагвінца, Барыса Сачанкі, Юрася Меляшкевіча);

- інфармацыйна-аналітычная (у складзе Валерыя Герасімава, Алеся Лагвінца, Ігара Лялькова);

- навукова-адукацыйная (у складзе Наталлі Гардзіенкі, Валянціна Голубева),

- юрыдычная (у складзе Алеся Лагвінца, Сяргея Чыслава);

- выдавецкая (у складзе Генадзя Вінярскага, Зміцера Гаўрусіка);

- эканамічная (у складзе Барыса Стука, Міколы Люцко).

Таксама на пасяджэнні Управы быў разгледжаны план дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на 2010 год. У плане вызначаны асноўныя накірункі інфармацыйнай, арганізацыйнай, юрыдычнай, эканамічнай, выдавецкай дзейнасці “Бацькаўшчыны”, дзейнасці у галіне навукі і адукацыі, культуры і асветы, а таксама накірункі дзейнасці ў межах агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, асноўным каардынатарам якой з’яўляецца “Бацькаўшчына”. Прадстаўлены праект плана дзейнасці быў абмеркаваны сябрамі Управы, і пасля ўнясення некаторых удакладненняў было вырашана прыняць яго за аснову для зацвярджэння Малой Радай.

Пасяджэнне Малой Рады, па рашэнні Управы, павінна адбыцца ў апошняй дэкадзе лютага. Асноўнымі пытаннямі, якія мусяць быць разгледжаны падчас лютаўскага пасяджэння, будуць справаздача аб дзейнасці “Бацькаўшчыны” пасля Пятага з’езда беларусаў свету і зацвярджэнне плана дзейнасці Згуртавання на 2010 год.

На пасяджэнні Управы была прынята заява ў падтрымку Сяргея Каваленкі ў сувязі з неадэкватнай мерай утрымання, прымененай ў адносінах да яго за вывешванне нацыянальнага сімвалу беларусаў – бела-чырвона-белага сцягу. У сувязі з тым, што ўчора ўвечары Сяргей Каваленка быў вызвалены з СІЗА, Управа вырашыла пакуль не распаўсюджваць прынятую заяву, але ўважліва адсочваць, як будзе развівацца сітуацыя далей з тым, каб у выпадку неабходнасці своечасова адрэагаваць.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”