У будучыню – па-беларуску!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” далучылася да нацыянальнай дабрачыннай кампаніі "Беларускую кнігу – дзецям!", якая стартавала 1 верасня гэтага года.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” далучылася да нацыянальнай дабрачыннай кампаніі "Беларускую кнігу – дзецям!", якая стартавала 1 верасня гэтага года.

Дарэчы, “Бацькаўшчына” ўжо не першы год падтрымлівае акцыю моладзі па зборы кніг для дзяцей з дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. І гэтым разам Згуртаванне таксама не засталося ў баку ад гэтай годнай ініцыятывы.  У акцыі ўжо ўзялі ўдзел Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў і іншыя вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы.

“Мы лічым збор кніг для дзіцячых дамоў надзвычай важнай справай. Гэтая акцыя дае магчымасць зрабіць чарговы ўнёсак у выхаванне маладога пакалення – пакалення сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Наша агульная будучыня шмат у чым залежыць ад кожнага з нас. Даючы дзецям мажлівасць чытаць беларускамоўныя кнігі, мы тым самым выхоўваем у іх любоў да роднай зямлі, да беларускай гісторыі і культуры. Да таго ж гэта і проста добрая нагода падарыць дзеткам з дзіцячых дамоў і інтэрнатаў трошкі радасці”, -- так пракаментавала рашэнне далучыцца да акцыі старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская.

Згуртаванне перадасць ў дзіцячыя дамы і інтэрнаты такія кнігі, як: альбом-каталог дзіцячых малюнкаў “Гэта мы – гэта наша гісторыя”, сачыненні пераможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Беларусь маёй будучыні”, “Чытанку для дзіцячага садка”, кнігуРадзім Гарэцкі "Браты Гарэцкія" ды іншыя кнігі мастацкага і публіцыстычнага характару – агулам каля 90 кніг.

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”