Міністэрства культуры паабяцала правесці выставу Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі „Маю гонар“

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уважліва разгледзела зварот, прыняты на 4-й канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уважліва разгледзела зварот, прыняты на 4-й канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі.

Нагадаем, 4-я канферэнцыя беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі адбылася 5-6 верасня ў Вільні. Па выніках канферэнцыі па просьбе Таварыства беларускай культуры ў Вільні Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” даслала звароты, прынятыя на канферэнцыі, у адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь,у тым ліку і ў Міністэрства культуры.

Дэлегаты канферэнцыі выказалі ў звароце да Міністэрства культуры занепакоенасць тым, што, не гледзячы на зробленыя дзяржавай захады, працягваецца руйнаванне матэрыяльнай спадчыны беларусаў. Многія помнікі архітэктуры перабудоваюцца згодна з сучаснымі архітэктурнымі асаблівасцямі без захавання аўтэнтыкі. Прычым людзі, якія здзяйсняюць гэта, не нясуць ніякай адказнасці, - гаворыцца ў звароце. У адказ на гэта ў лісце за подпісам Паўла Латушкі, дасланым “Бацькаўшчыне” , адзначаецца, што захаванне гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца вельмі важным накірункам дзейнасці Міністэрсва культуры. У лісце даводзіцца, што ў мэтах забеспячэння кантролю за захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляюцца інспектарскія праверкі, і нават прыводзіцца статыстыка прадпісанняў, складзеных ў гэтым годзе па выніках праверак. Таксама прыводзяцца прыклады, калі вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці за парушэнне заканадаўства ў адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Звяртаецца ўвага на тое, што важным кірункам сваёй дзейнасці Міністэрсва культуры лічыць правядзенне культурных мерапрыемстваў сумесна з суседнімі краінамі. Наладжана супрацоўніцтва Беларусі з Польшчай у рамках Беларуска-Польскай назіральнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і з Літвой згодна з пагадненнем аб супрацоўніцтве, падпісаным ў лютым гэтага года. Таксама ўлісце падкрэсліваецца адкрытасць Міністэрства культуры і гатоўнасць наладзіць актыўнае супрацоўніцтва ў рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў беларусаў замежжа выкарыстоўваючы магчымасці Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры.

Адно з пытанняў, якое падымалася  ў звароце дэлегатаў канферэнцыі, датычыць падтрымкі выстаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі „Маю гонар“ у Беларусі. Міністэрства культуры выразіла гатоўнасць аказаць падтрымку ў рэалізацыі гэтага пытання, а менавіта выказала сваю падтрымку і гатоўнасць “абмеркаваць у Міністэрстве культуры канкрэтныя пытанні, якія датычаць месца, тэрміна яе правядзеня і неабходнага аб’ёма фінансавання”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”