“Бацькаўшчына” заклікае парламент прыняць закон аб беларусах замежжа

На падставе рашэнняў нядаўняга Пятага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звярнулася да Палаты Прадстаўнікоў з тым, каб была ўзноўленая праца па распрацоўцы праекта закона, які б рэгуляваў стасункі Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа.

Таксама ў лісце рэкамендуецца пры распрацоўцы законапраекта прыняць за аснову прапановы і заўвагі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, у тым ліку праект закона “Аб беларусах замежжа”, прынятыя на Пятым з’ездзе беларусаў свету.

Пытанне юрыдычнага ўрэгулявання стасункаў беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа “Бацькаўшчына” не ўпершыню па даручэнні суполак беларускай дыяспары ўздымае перад дзяржаўнымі органамі. Нагадаем, што ў 2001 годзе Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачаў распрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”. У тым жа годзе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” брала ўдзел у працы Рабочай групы пры згаданым Нацыянальным цэнтры і выйшла з шэрагам прынцыповых заўваг і прапановаў, якія грунтаваліся на пажаданнях беларускіх суполак замежжа. На жаль, Цэнтр законапраектнай дзейнасці спыніў працу над праектам закона, і яго разгляд, запланаваны на восень 2002 года, не адбыўся. З просьбай паскорыць прыняцце закона звярталіся да Ураду і Нацыянальнага сходу ўдзельнікі Чацвёртага і Пятага з’ездаў беларусаў свету (2005, 2009 г.), але таксама безвынікова.

Такім чынам, на сённяшні дзень згаданы закон так і не прыняты. У той жа час, беларуская дыяспара – гэта велізарны нацыянальны рэсурс, які можа стаць важным фактарам эканамічнага і духоўнага ўздыму Беларусі, спрыяць росту міжнароднага аўтарытэту і павышэнню прэстыжу нашай краіны ў свеце. І каб гэта адбылося, нельга працаваць кропкава, выбарачна. Неабходна мэтаскіраваная паслядоўная праца.

Як адзначыла старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская: “Згаданы вышэй зварот, накіраваны “Бацькаўшчынай” у Палату Прадстаўнікоў, ёсць яшчэ адной спробай звярнуць увагу дзяржавы на найбагацейшы патэнцыял беларускай дыяспары, невыкарыстанне якога прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі. Ці будзе гэтая спроба паспяховай? Час пакажа. З свайго боку “Бацькаўшчына” гатова наладзіць шырокае абмеркаванне праекта закона (ці яго канцэпцыі) у суполках беларусаў замежжа, а таксама вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад рабочай групы ці камісіі па распрацоўцы праекта закона аб беларусах замежжа”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”