Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Што нам рыхтуе сёлетняе «Басовішча»?

Спіс музыкаў канчаткова абвешчаны. Да фестывалю застаецца толькі месяц. 28-ы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2017» пройдзе 14 – 15 ліпеня. Праз Фэйсбук арганізатары абвяшчалі музыкаў, якія прыедуць на фестываль.

«Сёлета ў Беларускім аб’яднанні студэнтаў, якое арганізуе «Басовішча», змянілася кіраўніцтва, але гэта не азначае, што і да фэсту змяніўся падыход», — расказвае Дар’я Вапа з БАСу.

— Вельмі натуральная справа, бо не дзіўна, што старэйшыя ўжо хочуць адысці, бо яны ўжо шмат гадоў нешта рабілі і рабілі вельмі добра, таму гэта заслужаны адпачынак. Яны вельмі многа зрабілі і мы ім вельмі дзякуем, як наступнікі. Мы абралі новае кіраўніцтва, новую Раду. Гэта тры асобы, я яшчэ раз пералічу іх: Пётр Станкевіч — старшыня Аб’яднання, Юліта Тымашэвіч — сакратар, і фінансавыя справы — Лідзія Пякарская.

РР: Калі мы гаворым пра новае кіраўніцтва, дык звычайна маем гаварыць пра нешта новае, але я так разумею, што традыцыя будзе працягвацца, па-ранейшаму застаецца фестываль «Басовішча», да якога мы ўжо рыхтуемся.

— Усё як было, так і застаецца. Мы не плануем ніякіх вялікіх змен. «Басовішча» адбудзецца і мы сардэчна запрашаем.

РР: Зараз акурат пра «Басовішча» і пагаворым. Паколькі нашым слухачам патрэбная інфармацыя і мы таксама будзем там працаваць ды весці жывую трансляцыю ў эфіры. Спярша спытаю цябе асабіста: вось асабіста ты каго чакаеш на сёлетнім «Басовішчы»? Ужо ёсць крыху складзеная праграма, але каго асабіста ты вельмі хочаш убачыць?

— Праграма ўжо цалкам складзеная і мы яе ўжо паказалі ў Фэйсбуку, таму яна закрытая. Асабіста я вельмі чакаю сёлета ўкраінскі гурт «Вагоновожатые», бо я бачыла як яны выступалі у Крынках некалькі гадоў таму і яны вельмі нам спадабаліся. А сёлета мы прыдумалі, што паспрабуем іх запрасіць, і ўдалося. Яны прыляцяць да нас з Кіева. Я іх вельмі чакаю.

РР: Праграма па-ранейшаму фармуецца такім чынам, што будуць выступаць музыкі, якіх ужо добра ведаюць на «Басовішчы» і таксама нехта новы. Так? І хто будзе новы?

— З новых яшчэ ніколі ў нас не быў «Vuraj». Думаю, што вельмі дзіўным для фестывалю будзе выступ «Старога Ольсы». Бо, мяркую, калі хтосьці падумае пра «Басовішча», дык думае пра рок, пра нешта моцнае, а «Стары Ольса» неяк не па фармаце.

РР: І Vuraj таксама не да канца па фармаце. Яны такія фальклорныя.

— Так, фальклорныя. Але мы ўпэўніліся, што запрашэнне «Старога Ольсы» — гэта добрае рашэнне, бо гэты гурт сабраў найбольш лайкаў на Фэйсбуку, калі мы пра іх аб’явілі.

РР:І гэта будзе першы выступ «Старога Ольсы» на «Басовішчы»?

— Першы. Іх яшчэ ніколі не было. З новых таксама да нас прыедзе «Нагуаль».

РР: І зноў крыху фальклорны. Гэта так было задумана, ці проста так выйшла? Vuraj, „Стары Ольса», «Нагуаль» — усе яны выкарыстоўваюць аўтэнтыку.

— «Нагуаль» мы хацелі запрасіць яшчэ летась, але па асабістых прычынах яны не маглі прыехаць, але сёлета, на шчасце, прыедуць і яшчэ вельмі добра склалася, што яны выдаюць новы дыск. Таму мы пачуем нешта новае, а не толькі стары матэрыял. І здаецца гэта будзе першая ці другая прэзентацыя новага альбому.

РР: І абавязкова на фестывалі будуць маладыя выканаўцы. Раскажы, «Адборышча» ў Менску прайшло звычайным чынам ці былі нейкія скандалы, інтрыгі, ці нехта нешта меў супраць?

— Мы усё вырашылі паспяхова. Мяне не было на «Адборышчы», таму я не магу выказацца за сваіх сяброў, але думаю, што усё было як заўсёды. Нам таксама дапамагалі эксперты ў музыцы. Гэта былі і з Tuzin.fm, і таксама Ілона Карпюк, таму мы не былі адны ў гэтым, як заўсёды, было журы. Таму я думаю, мы добра выбралі. І гэта гурты: SnopSnoŭ, Teleport, BarRokka і Leibonik/Башлыкевіч. Адразу дадам, што пералічваем мы іх у выпадковым парадку, тут няма першага ці апошняга месца.

РР: Вось што такое «Басовішча»? «Басовішча» — гэта лес у Барыку, вялікая першая сцэна, і нешта яшчэ абавязкова адбываецца каля сцэны. Тут будуць нейкія навінкі? Ці ўсё будзе традыцыйна, намётавае мястэчка…?

— Так. Вядома, крама, у якой можна будзе набыць кашулькі, торбы, смычы, а таксама і дыскі гуртоў. Таму вазьміце з сабой грошы. Таксама абавязкова і, калі не памыляюся, ужо трэці год будзе зона БАСмежжа. Гэта зона ля намётавага мястэчка. Таксама як і летась там будуць крамы, дзе можна будзе купіць нейкія сувеніры. На гэты момант магу сказаць, што там будзе крама imbryk.by і «Мой родны кут».

РР: Як сёлета будзе з намётавым мястэчкам? Ці не стане даражэйшым?

— Сёлета будзе такая ж цана як і летась. Мы думаем пра змены. Таксама скажу, што намётавае мястэчка будзе ад пятніцы. Вядома, вы можаце прыехаць у чацвер, але тады яшчэ не будзе аховы, таму мы не будзем адказваць за бяспеку. І вядома, цана за асобу, а не за намёт, бо часта людзі думаюць, што калі прыедуць у чатыры асобы у адным намёце, дык плацяць за намёт, а гэта не так.

РР: Таксама будзе Navi Band, ужо пасля Еўрабачання. Колькі яны запрасілі? Дорага яны сталі каштаваць?

— Скажу, што даражэй чым раней, але гэта не дзіўна. Да таго ж, я думаю, што мы сталі для іх пэўным штуршком, таму дзіўна было б, калі яны нам адмовілі. Яны два гады таму выйгралі конкурс маладых гуртоў. Таму гэта, можна сказаць, іх вяртанне туды, дзе яны пачыналі.

«Басовішча-2017» традыцыйна пройдзе 14 -15 ліпеня ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка на Падляшшы. Арганізатары фестывалю запрашаюць заходзіць на афіцыйны акаунт у Фэйсбуку. І там дарэчы, таксама знойдзем зварот да ўсіх ахвотных, каб фінансава падтрымаць фэст музыкі маладой Беларусі „Басовішча”.

Улад Грынеўскі, “Беларускае Радыё Рацыя”

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.