Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

У Кіеве з'явіцца вуліца імя Героя Украіны беларуса Міхася Жызнеўскага

Украінскія памежнікі з кветкамі сустракалі Ніну і Міхаіла Жызьнеўскіх, якія ехалі з цырымоніі пасьмяротнага ўганараваньня іх сына Міхася званьнем героя Ўкраіны.


Ніна і Міхаіл Жызьнеўскія вярнуліся ў Гомель з сынавай узнагародаю

Бацькі Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, Ніна і Міхаіл Жызьнеўскія, якія атрымалі за загінулага сына з рук украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ордэн «Залатая Зорка» з дакумэнтамі, вярнуліся з Кіева ў Гомель. Зь белымі і чырвонымі ружамі бацькоў героя сустрэлі іх знаёмыя гамельчукі.

— Зорачка нашага Мішы прыехала на радзіму, — сказала Ніна Васілеўна, як толькі сышла з мужам з аўтобуса. — Гэтым разам нават дарога здалася нам лягчэйшай, чым звычайна. Па вяртаньні ўкраінскія памежнікі сустрэлі нас з кветкамі, павіншавалі, прапанавалі каву. Міхась Пятровіч частаваўся, а я засталася ў аўтобусе, бо цяжка хадзіць. Пашпарт памежнікі пасьля адзнакі прынесьлі ў аўтобус самі. Беларускія памежнікі не віншавалі, але таксама зарэгістравалі ўезд на радзіму, не патрабуючы, як звычайна, выходзіць з аўтобуса і ісьці у залю пашпартнага кантролю.

Пра дэталі цырымоніі ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і прыём у Кіеве Ніна Васільеўна распавяла Свабодзе.

— З рэзыдэнцыі прэзыдэнта па нас прыслалі аўтамашыну. Нечакана дзьверы ў залю прыёмаў адчыніліся, і мы ўбачылі Пятра Парашэнку. Я ажно зьніякавела. А ён павітаўся і шчыра так, як даўнім знаёмым, зазначыў: «Ніна Васілеўна, у лютым вы мне казалі, што ў вас са здароўем праблемы, што разьвітацца прыехалі. Бачыце, зноў сустрэліся. І яшчэ сустрэнемся». Падбадзёрыў так мяне, сказаў, што я моцны чалавек. А калі надзвычай цёпла адазваўся пра Мішу, якога ён ведаў асабіста, назваў яго «вялікім беларусам і вялікім украінцам», у мяне неяк адлягло на сэрцы. Мы зь Міхаілам Пятровічам вельмі ўдзячныя прэзыдэнту Ўкраіны, усім украінцам, што яны не забылі нашага сына, шануюць яго як мужнага барацьбіта за свабоду і незалежнасьць. Думаю, што і ў Беларусі такіх шмат. Украінцы паказалі нам, як трэба бараніць краіну ад карупцыянэраў пры ўладзе, а заадно і сваю чалавечую годнасьць.

— Ці ўдалося наведаць ў Кіеве мясьціны, зьвязаныя з вашым сынам?

— Гэта абавязкова, калі бываем у Кіеве. На выхадзе з рэзыдэнцыі прэзыдэнта нас сустрэлі ня толькі журналісты, але шматлікія гараджане з букетамі ружаў. Папрасілі адразу завезьці нас на вуліцу Грушэўскага, дзе 22 студзеня 2014 году загінуў наш сын ад кулі наёмнікаў Януковіча. Пасярод вуліцы застаўся народны мэмарыял, складзены зь невялікай па памерах пліткі для ходнікаў. На ім ладны такі здымак Мішы. Частку ружаў паклалі на гэты народны мэмарыял. Непадалёку ад яго ўкраінскія ўлады паставілі помнік нашаму сыну, да якога ў дзень памінаньня герояў Нябеснай Сотні прыходзіць ушанаваць памяць і прэзыдэнт Пятро Парашэнка з жонкаю. Мы тут таксама паклалі ружы. Я расчулілася, не стрымала сьлёз. І мае ўкраінскія сяброўкі таксама выціралі вочы. Заадно й парадаваліся, што й Міша з вышэйшай узнагародай нарэшце далучаны да «залатой» кагорты герояў Нябеснай Сотні.

Пасьля паехалі на вуліцу Беларускую, дзе адкрыты асобны помнік беларусам, палеглым за Ўкраіну. Запалілі сьвечкі і паклалі кветкі.

— Хто, апрача ўкраінскіх уладаў, спрыяў, каб Вярхоўная Рада ўнесла зьмены ў заканадаўства з тым, каб Міхась мог быць пасьмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Ўкраіны?

— Ініцыяваў зьмены ў Вярхоўнай Радзе сам Пятро Парашэнка. Я ведаю таксама, што наш паэт і палітык Уладзімер Някляеў асабіста гутарыў з украінскім прэзыдэнтам наконт нашага Міхася. Рэжысэрка Вольга Мікалайчык зь Менску таксама апекавалася гэтым пытаньнем.

Спагаду і падтрымку наша сям’я мела ад шэрагу гамельчукоў, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. Яны й грошы на помнік зьбіралі, і ставіць яго дапамагалі, і розныя імпрэзы ладзілі да памятных датаў, зьвязаных зь біяграфіяй нашага сына і незалежнасьцю Беларусі.

— Як лічыце, ці зьменіцца стаўленьне беларусаў да Міхася Жызьнеўскага пасьля ўзнагароджаньня яго зоркай Героя Ўкраіны?

— Думаю, што сапраўды зьменіцца, хоць людзі ёсьць усякія. Тыя, хто думаў, што «бандэравец» — гэта такі адмоўны пэрсанаж ва ўкраінскай гісторыі, зразумеюць, што гэта найперш патрыёт Украіны. Высокае званьне Героя будзе своеасаблівым абярэгам і для помніка Мішы, што на яго магіле. І нам не давядзецца зьвяртацца па дапамогу да ўкраінскага прэзыдэнта, каб бараніць помнік ад вандалаў. Тыя, дарэчы, ужо спрабавалі пазьдзекавацца зь яго, надрапаўшы крыўднае слова «здраднік». Наш сын паклаў сваё жыцьцё за свабоду ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.


Каля свайго дома разам з дачкою Наташай

Бацька героя Міхаіл Пятровіч дадае, што ў Кіеве плянуюць неўзабаве назваць адну з вуліц імем Міхася Жызьнеўскага — пра гэта ім распавялі ва ўкраінскай сталіцы знаёмыя кіяўляне, абазнаныя ў справах тамтэйшых уладаў.

«На жаль, нашы землякі зь ліку старэйшага пакаленьня, якія не карыстаюцца альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі, тым жа інтэрнэтам, ня ведаюць толкам, чаму узьнік Майдан, хто ваюе ў Данецку ды Луганску. Ківаюць на „бандэраўцаў“. Лічаць таксама, што Расея ня мае дачыненьня да вайны на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Упэўнены, што бальшыня беларускай моладзі зразумее, у чым быў геройскі ўчынак нашага сына. Ён жа ўваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан, імкнуўся мірным чынам суняць напружаньне паміж пратэстоўцамі і сілавікамі, якое нарастала. І нашага сына забілі стрэлам у сэрца».


Жызьнеўскія з узнагародай каля магілы сына

Ледзь перадыхнуўшы з дарогі, Ніна і Міхаіл Жызьнеўскія выправіліся на радзінныя могілкі ў вёску Сьцяг Працы, што пад Гомелем. Паехалі разам з высокай украінскай узнагародай, каб сказаць сыну: «Міхась — ты Герой».

АЯ, “Радыё Свабода”

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.